Цыганкоў: Вынікі некалькіх апытаньняў, агучаных у аўторак, паказалі ўмацаваньне пазыцый Дональда Трампа. Самымі шматспадзеўнымі для Трампа, напэўна, сталі вынікі штодзённага апытаньня, праведзенага на замову тэлекампаніі ABC і газэты The Washington Post. 46 адсоткаў рэспандэнтаў выказаліся за Трампа, 45 адсоткаў — за Клінтан. Усяго два тыдні таму Гілары Клінтан апярэджвала Трампа на 12 пунктаў. Гэтыя зьмены адбыліся, на думку экспэртаў, пасьля зьяўленьня нечаканай інфармацыі пра тое, што Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў вывучае электронныя лісты Гілары Клінтан, у якіх могуць зьмяшчацца дзяржаўныя сакрэты.
Расьсьледаваньне выкарыстаньня Клінтан асабістага, а не службовага электроннага адрасу ў бытнасьць яе дзяржсакратаром, якое праводзіцца ФБР і зацягнулася амаль на год, было закрытае летам. Тады супрацоўнікі ФБР не знайшлі ў дзеяньнях Клінтан нічога супрацьзаконнага. А цяпер вось, у разгар выбарчай кампаніі, аднавілі расьсьледаваньне. Не выпадкова адразу пасьля зьяўленьня аглушальнай весткі пра новы прыліў увагі ФБР да перапіскі Гілары Клінтан і сама Клінтан, і прадстаўнікі яе перадвыбарчага штабу заклікалі дырэктара ФБР Джэймса Комі апублікаваць усю інфармацыю пра расьсьледаваньне з тым, каб, паводле іх, напярэдадні выбараў у амэрыканцаў была магчымасьць пераканацца, што да кандыдата дэмакратаў няма ніякіх сур’ёзных прэтэнзій. Некаторыя нават выказваюць меркаваньне, што кіраўнік ФБР фактычна гуляе на баку Трампа.
у мяне ёсьць такое ўражаньне, ці, калі хочаце, вэрсія, што гэтыя апошнія падзеі могуць мець зусім нечаканы уплыў. А менавіта — тое, што патэнцыйныя прыхільнікі Клінтан якраз актывізуюцца і прыйдуць на выбары
Перш за ўсё, зьвярну ўвагу, што такая сытуацыя паказвае, як гэта не парадаксальна, дэмакратыю ў дзеяньні — калі кіраўнік галоўнай спэцслужбы робіць дзеяньні, якія многімі ўспрымаюцца як падрыў пазыцыяў кандыдаткі ад кіроўнай на сёньня партыі. І вось адзін з прадстаўнікоў гэтага істэблішмэнту, старшыня ФБР, робіць крокі, якія, на думку большасьці, ставяць пад удар кампанію Гілары Клінтан. Па-другое, у мяне ёсьць такое ўражаньне, ці, калі хочаце, вэрсія, што гэтыя апошнія падзеі могуць мець зусім нечаканы уплыў. А менавіта — тое, што патэнцыйныя прыхільнікі Клінтан якраз актывізуюцца і прыйдуць на выбары. Да гэтага было прынята лічыць, што Гілары фактычна перамагла, але адраджэньне інтрыгі якраз можа мабілізаваць яе прыхільнікаў. Нават — хутчэй, апанэнтаў Трампа, якія могуць быць матываваныя прыйсьці на выбары, толькі каб ён не перамог.
Трэцяе і апошняе — ці павялічваюцца шанцы Дональда Трампа ў выніку апошніх зьменаў? Сыстэма амэрыканскіх выбараў не электаральная — перамагае ня той, хто выйгаре большасьць па ўсёй краіне, а той, за каго прагаласуе большасьць штатаў. І таму менавіта гэтая асаблівасьць кажа, што большыя шанцы ў Гілары Клінтан. Усяго трэба набраць 450 галасоў выбаршчыкаў. Прыблізна 200 галасоў Гілары ўжо мае — такія штаты, як Каліфорнія, Нью-Ёрк гарантавана прагаласуюць за яе, што б ні здарылася. Таксама пераважна цэнтральная Амэрыка прагаласуе за рэспубліканца Трампа, як заўсёды яны галасуюць за рэспубліканца, хто б ён ні быў. Але значная частка так званых swinging states, якія хістаюцца, і за якія кандыдаты і змагаюцца. Дык вось гэта траціна штатаў, і так, паколькі ў Гілары ўжо ёсьць пэўная перавага, ёй дастаткова выйграць літаральна 25-30%. І, можа быць, узьнікне такая сытуацыя, калі ў цэлым па краіне большасьць набярэ Трамп, але прэзыдэнтам стане Гілары Клінтан. Прынамсі амэрыканская аналітыка дае такую верагоднасьць. Ёй дастаткова выйграць траціну ад гэтых штатаў, якія яшчэ ня вызначыліся.
Гурневіч: Аглядальнікі ў ЗША зьвязваюць гэта з расьсьледаваньнем ФБР наконт выкарыстаньня Клінтан прыватнай электроннай пошты для службовай перапіскі. Пытаньне гэтае мусоліцца ўжо ня першы месяц, але ж важныя эмоцыі вакол гэтага скандалу, а не сама сутнасьць. Штаб Трампа, відавочна, эфэктыўна выкарыстоўвае скандал у сваіх інтарэсах.
Калі быць шчырым, то апошнія лічбы мяне нават зьдзівілі. Здавалася, што нішто ўжо ня ў стане патапіць карабель кандыдаткі ад дэмакратаў. Яе падтрымалі буйнейшыя СМІ, а супраць Трампа выказаліся нават зоркі Рэспубліканскай партыі.
У гэтай кампаніі ўсё вырашаць не зьмястоўныя аргумэнты, а менавіта эмоцыі. Бо гэта цікавіць і прываблівае людзей. Яны хутчэй запомняць абвінавачваньні ў пэдафіліі супраць мужа бліжэйшай памочніцы Клінтан, чым яе пляны па замежнай палітыцы
У гэтай кампаніі ўсё вырашаць не зьмястоўныя аргумэнты, а менавіта эмоцыі. Бо гэта цікавіць і прываблівае людзей. Яны хутчэй запомняць абвінавачваньні ў пэдафіліі супраць мужа бліжэйшай памочніцы Клінтан, чым яе пляны па замежнай палітыцы. Выбарцам цікавей паспрачацца пра сэксісцкія заявы Трампа 20 гадоў таму, чым пра яго бачаньне адносін з Эўразьвязам. Але мы шмат разоў назіралі, як прагнозы падчас выбараў ня спраўджваліся. Дэмакратыя — гэта заўсёды інтрыга. І ў гэтым выпадку, мне падаецца, наступны прэзыдэнт ЗША пераможа мінімальна свайго канкурэнта.
Глод: Дональд Трамп набірае балы на кампрамаце. І гэта пацьвярджае, што на кампрамат рэагуюць у любой краіне, нават такой як Злучаныя Штаты Амэрыкі. Мабыць таму, што ў кожнай краіне людзі хочуць, каб іхны прэзыдэнт быў ня толькі сьмелым і наступальным, але адначасова і асьцярожным, і абачлівым. І тут Клінтан не пашанцавала на фінішы прэзыдэнцкай гонкі. Але хто ведае, ці не зьявяцца сёньня-заўтра новыя сэнсацыйныя матэрыялы, якія змогуць перавярнуць сытуацыю?
чамусьці згадваецца сытуацыя і атмасфэра, якая была ў Брытаніі напярэдадні Брэксіту. Тады апытаньні нібыта адназначна сьведчылі на карысьць прыхільнікаў сувязі з Эўрапейскім Зьвязам. Але ж рэальныя вынікі галасаваньня былі зусім іншыя
Зьвярніце ўвагу, учора кіраўнік перадвыбарнага штабу Клінтан Робі Пакут кінуў папрок дырэктару ФБР Джэймсу Комі у тым, што ФБР не раскрыла інфармацыю пра расьсьледаваньне людзей з бліжэйшага атачэньня Дональда Трампа на прадмет іх сувязяў з Расеяй. «Калі вы займаецеся апублікаваньнем інфармацыі аб расьсьледаваньнях, якія тычацца кандыдатаў у прэзыдэнты, адкрыйце ўсе, што ў вас ёсьць пра Дональда Трампа. Падайце інфармацыю пра яго сувязі з расейцамі», — заявіў Пакут у інтэрвію CNN.
Таму, для мяне сытуацыя наагул ня ясная. Магчыма, не зусім карэктна параўноўваць выбарцаў такіх дзьвюх краін, як Злучаныя Штаты Амэрыкі і Вялікая Брытанія. Але чамусьці згадваецца сытуацыя і атмасфэра, якая была ў Брытаніі напярэдадні Брэксіту. Тады апытаньні нібыта адназначна сьведчылі на карысьць прыхільнікаў сувязі з Эўрапейскім Зьвязам. Але ж рэальныя вынікі галасаваньня былі зусім іншыя. Я думаю, што і ў Амэрыцы разрыў будзе мінімальны, як гэта было ў Брытаніі. Але на чыю карысьць — Гілары Клінтан ці Дональда Трампа я прадракаць не бяруся.
Магчыма за дзень-два да выбараў мы дазнаемся яшчэ пра нешта сэнсацыйнае. І калі раптам сапраўды высьветліцца нешта пра сувязі людзей з каманды Трампа з расейцамі, то гэта будзе куды большая непрыемнасьць для рэспубліканцаў, чым цяперашняя для дэмакратаў. Але ж гэта можа быць, а можа і ня быць.