Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў аднавіла расьсьледаваньне справы, зьвязанай з выкарыстаньнем кандыдаткай на пасаду прэзыдэнта ЗША Гілары Клінтан асабістага паштовага сэрвэра для працоўнай перапіскі ў часе, калі яна была дзяржсакратаром Злучаных Штатаў.
Паводле кіраўніка ФБР Джэймса Комі, сьледчыя, займаючыся справай, не зьвязанай з гэтай, выявілі новыя электронныя лісты, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня. Цяпер трэба будзе выявіць, ці ўтрымліваецца ў лістах засакрэчаная інфармацыя, дадаў Комі.
Раней ФБР ужо прыходзіла да высновы, што Клінтан захоўвала засакрэчаную інфармацыю на сваім асабістым паштовым сэрвэры, і расцаніла абыходжаньне Клінтан з сакрэтнай інфармацыяй як «вельмі нядбайнае». Аднак тады было прынятае рашэньне не прад'яўляць ёй ніякіх абвінавачваньняў у сувязі з адсутнасьцю доказаў у прычыненьні рэальнага шкоды інтарэсам бясьпекі ЗША. Клінтан выбачалася за выкарыстанае асабістай пошты, назваўшы сваё рашэньне памылкай.
У лісьцё да Кангрэсу Джэймс Комі сказаў, што пакуль ня можа ацаніць значнасьць знойдзенага матэрыялу і не можа прадказаць, колькі часу зойме новае расьсьледаваньне. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі і іншыя заходнія СМІ.
Да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША засталося 11 дзён. Кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан у цяперашні час лідзіруе ў прэзыдэнцкай гонцы. Паводле сацыялягічнай службы Real Clear Politics, яна абганяе кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Доналда Трампа на пяць працэнтных пунктаў.