Старшыня праўленьня нядаўна створанага Беларускага таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў Сяргей Кухто распавёў «СБ. Беларусь сегодня», што яго арганізацыя будзе сачыць за захаванасьцю аўтарскіх правоў пры капіяваньні аўдыё і відэа шараговымі карыстальнікамі, дапамагаць праваўладальнікам атрымліваць узнагароды за такое капіяваньне. Дамовы на адлічэньні на карысьць праваўладальнікаў маюць заключацца з прадаўцамі сродкаў запісу і капіяваньня (напрыклад, дыскаў ці флэшак).
Гэтую заяву ў Байнэце ўспрынялі як прапанову ўвесьці новы падатак — кшталту таго, які ў Расеі завецца «падаткам на балванкі» (прапанаваны Мікітам Міхалковым збор з пастаўшчыкоў 1% цаны бытавой электронікі на карысьць саюзу праваўладальнікаў).
Закон не працаваў, бо зборам ніхто не займаўся
Але збор ня будзе новым: ён ужо прадугледжаны беларускім заканадаўствам, проста яшчэ не было арганізацыі, якая ўзялася б ажыцьцявіць прынятыя нормы. Пра гэта Свабодзе сказаў начальнік Цэнтру па калектыўным кіраваньні Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Аляксей Бічурын.
Гэта ніяк ня ёсьць падаткам. Гэта від узнагароджаньня, на якое маюць права пэўныя катэгорыі праваўладальнікаў у якасьці кампэнсацыі за дапушчальнае ў межах заканадаўства капіяваньне ў прыватных мэтах.
«Найперш хачу падкрэсьліць, што гэта ніяк ня ёсьць падаткам, — кажа Бічурын. — Гэта від узнагароджаньня, на якое маюць права пэўныя катэгорыі праваўладальнікаў у якасьці кампэнсацыі за дапушчальнае ў межах заканадаўства капіяваньне ў прыватных мэтах. Прававая прырода гэтага вызначаная Законам аб аўтарскім праве і сумежных правах, і вызначаная яна даволі даўно, яшчэ ў 1996 годзе».
У законе гаворыцца, што «збор, разьмеркаваньне і выплата ўзнагароды ажыцьцяўляюцца арганізацыяй, якая кіруе маёмаснымі правамі аўтараў або іншых праваўладальнікаў на калектыўнай аснове». Менавіта такой арганізацыяй можа стаць Таварыства, калі атрымае акрэдытацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Тэарэтычна, тады праз Таварыства любы выканаўца зможа атрымаць узнагароду.
«Гісторыі рэалізацыі гэтага палажэньня да цяперашняга моманту няма, — працягвае Бічурын. — А Таварыства, старшынём якога ёсьць Кухто, было створана сёлета, у тым ліку для ажыцьцяўленьня кіраваньня гэтым правам, наладжваньня сыстэмы па зборы гэтага ўзнагароджаньня.
Гэта не ўнікальна для Беларусі. Такія сыстэмы працуюць у розных дзяржавах: у Расеі, у Нямеччыне, напрыклад, у Скандынавіі, у Балтыі... Проста ўзьнікла структура, гатовая ўзяць на сябе гэтую функцыю».
Ці сапраўды Таварыства возьмецца зьбіраць такое ўзнагароджаньне, Бічурын гарантаваць ня можа, але спадзяецца, што ў Таварыстве сур’ёзныя людзі, здольныя выканаць прадугледжаныя законам нормы.
Колькі будуць зьбіраць?
У законе аб аўтарскім праве напісана наступнае: фізычныя асобы маюць права капіяваць у асабістых мэтах творы, якія ахоўваюцца аўтарскім правам, і пры гэтым не абавязаныя атрымліваць дазвол праваўладальнікаў, сплочваць ім узнагароды. Капіяваньне ў прыватных мэтах ня лічыцца парушэньнем аўтарскага права.
Колькі менавіта будуць спаганяць, пакуль невядома. Бічурын тлумачыць: стаўкі ўзнагароджаньня вызначаюцца па ўзгадненьні паміж арганізацыяй, якая зьбірае грошы, і платнікам, якія абавязаныя сплочваць грошы на ўзнагароду. Калі бакі не дасягнуць дамовы, павінны ўжывацца стаўкі, прынятыя ўрадам.
У пастанове Савету міністраў 2008 году (DOC) вызначаны мінімальны памер у 0,1% ад адпускной цаны вырабленага ці імпартаванага абсталяваньня (кампутараў, плэераў, тэлефонаў, дыскаводаў і г.д.) і 3% ад цаны матэрыяльных носьбітаў (дыскі, флэшкі, карты памяці...). З узнагароды за твор 25% атрымліваюць выканаўцы, 25% — вытворцы фанаграмаў і 50% — аўтары і іншыя праваўладальнікі альбо правапераемнікі.
Плянуецца і падатак на кантэнт у інтэрнэце
Міністэрства падаткаў і збораў у ліпені заплянавала ўвесьці ў Падатковы кодэкс падатак на дададзеную вартасьць для замежных кампаніяў, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі мабільныя праграмы, музыку, электронныя фільмы і гульні.
Законапраект аб такім падатку пакуль не прадстаўлены. Але падатак мяркуецца спаганяць не наўпрост з тых, хто купляе кантэнт у інтэрнэце, а з кампаніяў, якія прадаюць на тэрыторыі Беларусі інтэлектуальную ўласнасьць і праграмныя прадукты праз інтэрнэт.
Падобны закон набудзе сілу ў Расеі 1 студзеня 2017 году. Там падатак у 18% бяруць з замежных прадаўцоў за продаж правоў доступу да базаў зьвестак, праграмнага забесьпячэньня, гульняў, музыкі, кніг, відэа і іншага электроннага кантэнту.
У Беларусі падатак мяркуецца спаганяць як з замежных кампаніяў, так і зь «беларускіх платнікаў, якія могуць выконваць абавязаньні за беларускія кампаніі».