Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За акцыі салідарнасьці з Пальчысам будзе вялізны судовы канвэер, — Севярынец


Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса пад Менскім гарадзкім судом
Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса пад Менскім гарадзкім судом

Удзельнікі акцыі салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, якая праходзіла ля Менскага гарадзкога суду 14–25 кастрычніка, пачалі атрымліваць позвы ў суд і пастарунак.

Пра гэта распавёў карэспандэнту Свабоды сустаршыня БХД Павал Севярынец, які 26 кастрычніка атрымаў ажно шэсьць позваў. Дзьве зь іх тычацца акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», якая адбылася ў Менску 19 верасьня, а чатыры — акцыі салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам.

«У трох з позваў за акцыю салідарнасьці з Пальчысам ёсьць просьба зайсьці ў райаддзел, дзе, маўляў, афармляецца адміністрацыйная справа. Але я звычайна не хаджу, бо гэта трата часу. Яшчэ адна позва — гэта ўжо запрашэньне ў суд Фрунзенскага раёну. Мяркуючы па ўсім, яны дашлюць ужо зараз мінімум сем позваў у райаддзел і столькі ж на суды. Таму тое, што я атрымаў сёньня, — гэта толькі траціна таго, што будзе».

Павал Севярынец сказаў, што пратаколы на ўдзельнікаў акцыяў салідарнасьці з Пальчысам складаліся празь дзьве-тры хвіліны пасьля іх пачатку.

«Мы стаялі там па 5–6 гадзін у дзень. Там жа побач гарадзкі суд і Фрунзенскі раённы, усе чуюць цэлы працоўны дзень беларускія лёзунгі, таму яны не маглі пакінуць такое па-за ўвагай. Тут будзе адмысловы канвэер. Паколькі ўдзельнічала ад пяці да чатырнаццаці чалавек штодня, то там будзе вялізны канвэер, пад 70 пратаколаў. І столькі ж, відаць, працэсаў. Позвы прыйшлі ўжо Віктару Кулаку, Юлі Фраловай. Там, думаю, будзе і Максім Вінярскі, і Алесь Макаеў, і іншыя. Позвы пачынаюць прыходзіць».

Ці працягнецца акцыя салідарнасьці ў дзень абвяшчэньня прысуду Эдуарду Пальчысу?

«У дзень абвяшчэньня прысуду павінны пускаць у залю. То мы разьлічваем трапіць у залю і пабачыць Эдуарда. Ніхто ж ня ведае, чым скончыцца ўся гэтая справа. Таму мы пойдзем у залю. А калі ня будуць пускаць, то будзем, натуральна, пад вокнамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG