У мястэчку Ноўгарад-Сіверскі, што на Чарнігаўшчыне, быў дэмантаваны помнік Уладзімеру Леніну — апошні помнік Леніну ва Ўкраіне, за выключэньнем акупаванага Крыму і тэрыторыяў, падкантрольных «ДНР» і «ЛНР», распавядае espreso.tv.
Гэты помнік прастаяў 2,5 гады пасьля пачатку «ленінападу», мясцовыя ўлады не сьпяшаліся выконваць закон пра дэкамунізацыю. Але, як сьцьвярджае тэлеканал, актывісты «даціснулі» чыноўнікаў.
Цяпер помнік адасланы на зьберажэньне. Калі ня знойдзецца пакупнік, помнік будзе адасланы на пераплаўку, зь яго могуць атрымаць 4,5 тонаў каляровага мэталу.
«Ленінапад» стыхійна пачаўся яшчэ падчас «Эўрамайдану» ў 2013 годзе, затым працягнуўся афіцыйна. У Кіеве дазволілі ўсім ахвотным пастаяць на пастамэнце замест помніка Леніну. Але дыскусія пра тое, хто або што можа запоўніць апусьцелы п’едэстал, працягваецца ўжо два гады і далёкая ад завяршэньня.
Зь лютага 2016 году Ўкраіна пазбаўляецца ня толькі ад камуністычных помнікаў, але і ад савецкіх тапонімаў. Так украінскі Днепрадзяржынск стаў Камянскім, Кіраваград — Крапіўніцкім, палтаўскі Камсамольск — Гарышнімі Плаўнямі. Беларускія тапонімы пры гэтым захоўваюцца. Дэкамунізацыя «завочна» праводзіцца і адносна тапонімаў Крыму і Данбасу: афіцыйны Кіеў мяняе назвы, але мясцовыя ўлады акупаваных раёнаў на гэтыя зьмены не рэагуюць.
Дэкамунізацыю праводзіць і Польшча: 20 траўня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб забароне прапаганды камунізму, паводле якога ў наступным годзе будуць замененыя назвы вуліц, якія зьвязаныя з камуністычным пэрыядам у гісторыі краіны.
Самае папулярнае
1