Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што адбываецца ў эканоміцы, пачынае нагадваць 90-я»


Рэальныя даходы насельніцтва паскорылі падзеньне. Ці ёсьць дно ў гэтага падзеньня?

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў

У нармальнай рынкавай эканоміцы — калі падаюць даходы насельніцтва, то падаюць і цэны. Але не ў Беларусі — краіне эканамічных парадоксаў

Цыганкоў: У студзені-жніўні рэальныя грашовыя даходы насельніцтва скараціліся на 7,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года. Пра гэта паведамляе Белстат. Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва падаюць з пачатку 2015 году. Па выніках мінулага года рэальныя наяўныя грашовыя даходы ўпалі на 5,9%. Што тычыцца гэтага году, то падзеньне даходаў насельніцтва ідзе па нарастаньню. У студзені 2016 года зьніжэньне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, у студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%. То бок падзеньне даходаў насельніцтва толькі нарастае, дно яшчэ не дасягнутае. Пры тым, што апошнія месяцы назіраецца пэўны рост заробкаў, які ў жніўні склаў 750 рублёў. Але інфляцыя, якая за студзень-ліпень склала 7.8 працэнты, зьядае гэты рост.

У нармальнай рынкавай эканоміцы — калі падаюць даходы насельніцтва, то падаюць і цэны. Але не ў Беларусі — краіне эканамічных парадоксаў. Быў адзін месяц быў, калі інфляцыя спынілася, і цэны нават упалі на нязначную велічыню — але потым усё пайшло назад, і цяпер відавочна, што за год інфляцыя будзе вышэй за 10 працэнтаў. Так што адказ на маё пытаньне гучыць зусім не аптымістычна — дно яшчэ не дасягнутае. Зьмяншэньне даходаў суправаджаецца падзеньнем вытворчасьці, ВУП — таму пакуль няма ніякіх прычынаў лічыць, што падзеньне даходаў спыніцца.

Мы часта ўзгадваем нейкія «шалёныя 90-я», але тое, што адбываецца цяпер, ужо ў нечым падобна на тыя гады. Упершыню за 20 гадоў у Беларусі два гады запар назіраецца такое рэзкае падзеньне даходаў насельніцтва. Гэта ўнікальная сытуацыя, але мы ня бачым ніякіх публічных пратэстаў насельніцтва з гэтай нагоды. Але гэта іншае пытаньне.

амаль што 2-мільённы Менск — гэта прыярытэт для дзяржавы, там улады не дазволяць рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця людзей

Гурневіч: Я лічу, што беларусы ўжо ня першы год маглі б на пытаньне гэтае адказаць «так», што гэта дно, але гэтыя новыя лічбы паказалі, што хтосьці зьнізу пастукаў. Насамрэч цікава яшчэ тое, што паводле Белстату эфэктыўнасьць працы ў Беларусі за гэты час вырасла, здаецца, гэта 1%, пры гэтым эфэктыўнасьць не перакладаецца на павелічэньне самога заробку, вось тыя амаль 7% — гэта, канешне, трагедыя. Ня толькі для ўраду — перш за ўсё для людзей. І розьніца сьведчыць аб тым, аналітыкі ў інтэрнэце пра гэта казалі, што ўсё ж такі ідзе пераразьмеркаваньне. Ёсьць канешне горшыя раёны, ёсьць лепшыя. Усё ідзе на Менск. Амаль што 2-мільённы Менск — гэта прыярытэт для дзяржавы, там улады не дазволяць рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця людзей. Таму што ў правінцыі не ведаю каторае ўжо дно. Я літаральна днямі размаўляў са сваімі знаёмымі: па старых грошах 1.300.000, 130 па новых — гэта ўжо някепскі заробак у беларускай вёсцы. Можна пералічыць, колькі гэта на даляры і што за гэтыя грошы можна купіць. Але тым не менш людзі трымаюцца за такую працу, таму што пэрспэктыва яшчэ горшая: альбо цалкам беспрацоўе, альбо ехаць у Расею, на нязначна вышэйшы заробак. Але разлучацца з сям’ёй, іншая дзяржава, стрэс. І мінусаў тут яшчэ больш, чым карысьць ад некалькі дадатковых дзясяткаў даляраў.

Узровень жыцьця будзе падаць, бо не бачна ніякай ідэі з боку ўладаў, як спыніць гэтае падзеньне, не кажучы пра тое, як вярнуцца да таго, што было некалькі гадоў таму. Зразумела, ёсьць шмат чыньнікаў, ня толькі залежных ад дзяржавы. Гэта цана на нафту, але гэта ў нейкім сэнсе ўскосна таксама дзяржаўная палітыка, бо фармаваньне бюджэту ад нафту і газу — гэта мінус, які вылазіць бокам. Хоць шмат гадоў, калі цэны былі высокія, ён быў відавочным плюсам. Тым не менш я ўпэўнены, што беларусы дадуць рады і гэтаму крызысу. Мы лічым, што гэта чарговае дно, але, параўноўваючы з суседзямі, ёсьць куды падаць. Ва Украіне ў некалькі разоў горшая сытуацыя, чым у нас, і гэта таксама аргумэнт уладаў — там, маўляў, і вайна, і на траціну зьменшыліся ў людзей даходы. Гэта спрацоўвае, на жаль, а таксама калі ўлады кажуць пра Прыбалтыку, адкуль выехалі мільёны людзей. Наперадзе яшчэ горшыя лічбы Белстату. Зрэшты, Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі рыхтуюць да гэтага ўжо другі год, бо кажуць, што наперадзе ў нас вельмі цяжкія часы.

Цыганкоў: Як жа не ўзгадаць любімы беларускі ўрад, які заяўляў, што за 2016-ы год рэальныя даходы павінныя прыбавіць паўпрацэнта да папярэдняга году. На гэты момант маем мінус 7%.

Глод: Як я разумею, дно гэта той ровень, калі далей няма ўжо куды падаць. Цяжка адназначна сказаць, ці сапраўды падзеньне дасягнула дна. Бо ў разуменьні розных людзей і дно рознае. Хтосьці можа абысьціся, напрыклад, бяз морапрадуктаў, а хтосьці ня можа.

Але тое, што фінансавыя праблемы ў многіх жыхароў Беларусі нарастаюць, становіцца бачным і зразумелым. Каб пераканацца ў тым, што значная частка насельніцтва ледзь зводзіць канцы з канцамі, дастаткова паглядзець у дадзеныя Белстату наконт заробкаў. Вядомы выпадкі, калі людзі з-за складанага становішча нават канчаюць жыцьцё самагубствам, як гэта было, напрыклад, нядаўна ў Бабруйску.

Пакуль рабочыя зносяць усё, што зь імі робяць улады

Людзі па-рознаму рэагуюць на апусташэньне іх гаманцоў. Некаторыя з маіх знаёмых сёлета вымушана адмовіліся ад замежнага адпачынку і праводзілі яго на лецішчы. Некаторыя купляюць цяпер харчы не ў «Кароне», а ў «Эўраопце». Але цяпер хачу засяродзіцца на тым, пра што казаў Віталь Цыганкоў, чаму ў Беларусі няма масавых пратэстаў супраць зьбядненьня? Некаторыя палітолягі цьвердзяць: найслабейшае месца палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — неэфэктыўная эканоміка. Маўляў, раней ці пазьней грошы ў дзяржаве скончацца — і ўжо тады пачнуцца масавыя пратэсты.

Аднак падзеі апошніх гадоў абвяргаюць такі падыход. Рэзкае зьніжэньне даходаў беларусаў у 2011 і 2015 гадах, некалькі магутных хваляў дэвальвацыі, хранічная інфляцыя, павышэньне тарыфаў, увядзеньне новых падаткаў — усё гэта ні да якога сацыяльнага выбуху не прывяло. Карацей, істотнае падзеньне роўню жыцьця не справакавала ніякіх прыкметных пратэстаў.

Пакуль рабочыя зносяць усё, што зь імі робяць улады. Мне падаецца, што беларускае грамадзтва псыхалягічна не гатовае да сацыяльна-эканамічнага крызысу. Да таго ж кожны думае, як яму самому, індывідуальна выйсьці з крызысу. Тут і страх рэпрэсіяў, і кантрактная сыстэма, якая паралізуе ўсякі пратэст, і спадзеў на ўладу, якая абяцае, што вось-вось эканоміка запрацуе. І адсутнасьць мэханізмаў ці інстытутаў, з дапамогай якіх можна было б арганізаваць пратэст. І трываць людзі яшчэ будуць невядома колькі. Таму я асабіста і не бяруся акрэсьліць на дакладнае дно дабрабыту беларусаў, ні дакладную мяжу іх эканамічнай цярплівасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG