Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Дракахруст: У гэтую нядзелю ў Данецку быў забіты адзін з самых вядомых палявых камандзіраў сэпаратыстаў — Арсен Паўлаў, вядомы паводле пазыўнога Матарола. Ён быў падарваны ў ліфце свайго дому.
Кіраўнікі непрызнаных ДНР/ЛНР Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі расцанілі забойства як аднаўленьне баявых дзеяньняў з боку Кіева, Захарчанка прыгразіў дзеяньнямі ў адказ ва ўкраінскіх гарадах.
Гібель Матаролы спарадзіла ў расейскіх мэдыях рэзананс нябачнай сілы. Гэтую падзею абмяркоўвалі хіба ня больш, чым вайну ў Сірыі.
Паўлаў быў адным з самых эфэктыўных камандзіраў сэпаратыстаў, і гэтым адным з самых жорсткіх, дакладна вядомы выпадак, калі ён асабіста расстраляў украінскага ваеннапалоннага, ён сам публічна прызнаваўся ў расстрэле 15 украінскіх ваеннапалонных.
Пры гэтым Матарола быў увасабленьнем міту (што ня тоесна няпраўдзе) пра простых рускіх людзей, якія кінулі сваё беспрасьветнае жыцьцё ў Расеі і паехалі ў Данбас абараняць і ўчыняць «рускую вясну».
Цікавая рэакцыя беларускай публікі, сацыяльных сетак на сьмерць палявога камандзіра сэпаратыстаў. Здаецца, вярнуўся 2014 год, адны не хавалі радасьці, іншыя не маглі стрымаць абурэньня. Беларуская віртуальная вайна з нагоды Ўкраіны, якая нібыта сьцішылася, абвастрылася з новай сілай, паказаўшы, што ў ідэалягічным сэнсе для многіх беларусаў яна не чужая.
Дарэчы, як даведаўся наш карэспандэнт у намесьніка Матаролы па батальёне «Спарта», у гэтым батальёне ваююць прынамсі 10 грамадзянаў Беларусі. Для іх тая вайна не чужая ў літаральным сэнсе.
Вяртаючыся да ўласна забойства Матаролы, варта сказаць, што існуе шэраг вэрсіяў, хто гэта мог учыніць. Гістарычныя, хай і не зусім дакладныя, аналёгіі з забойствамі Гайдрыха і Кубэ, як і са шматлікімі забойствамі важных пэрсонаў савецкай адміністрацыі антыкамуністычнымі паўстанцамі на Захадзе Ўкраіны пасьля вайны, сьведчаць, што забойства маглі ўчыніць як украінскія спэцслужбы, гэтак і нейкія самадзейныя ўкраінскія групоўкі. Матыў — помста, дэманстрацыя, што можам дастаць любога, зьнішчэньне сымбалю, якім Матарола быў.
Хаця ў сьвятле забойстваў іншых палявых камандзіраў сэпаратыстаў — Мазгавога, Дромава — нельга выключаць, што выканаўцы былі свае: ці свае з Данбасу, ці свае з Масквы.
Выглядае, што ў любым выпадку забойства Матаролы прывядзе да абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе.
Але выглядае, што ў любым выпадку забойства Матаролы прывядзе да абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе, пэрспэктывы менскага працэсу стануць, прынамсі, на пэўны час, больш туманнымі.
Вельмі нябясьпечнай стане сытуацыя, калі пагрозы Захарчанкі ўвасобяцца ў жыцьцё і тэрор прыйдзе ва ўкраінскія гарады. Нераскрытыя гучныя справы — граната, кінутая ў салдатаў каля Вярхоўнай Рады, забойства Шарамета, ня сьведчаць пра высокую эфэктыўнасьць украінскіх праваахоўных органаў. Цяжка сказаць, наколькі яны здольныя супрацьстаяць помсьце сэпаратыстаў за Матаролу.
Карбалевіч: Ня думаю, што будуць вялікія наступствы. Невядома, хто гэта зрабіў. Украіна не бярэ на сябе адказнасьць за гэтае забойства. Тое, што кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР нешта кажуць, абяцаюць, пагражаюць — не яны зьяўляюцца тымі асобамі, якія прымаюць палітычныя рашэньні. Палітычныя рашэньні наконт працэсаў, якія адбываюцца на ўсходзе Украіны, прымаюцца Масквой. Таму я ня стаў бы зьвяртаць вялікую ўвагу на заявы гэтых кіраўнікоў.
Цяпер, менавіта пасьля забойства Матаролы, Масква згадзілася на перамовы.
У самы апошні момант зьявілася інфармацыя, што 19 кастрычніка адбудзецца саміт «нармандзкай чацьвёркі» ў Бэрліне. Прэзыдэнты Расеі, Ўкраіны, Францыі і Нямеччыны будуць абмяркоўваць працэс урэгуляваньня ўкраінскага крызысу. Вядома, што некалькі разоў Расея тарпэдавала чарговыя перамовы «нармандзкай чацьвёркі» па розных прычынах. А вось цяпер, менавіта пасьля забойства Матаролы, Масква згадзілася на перамовы.
Ну і апошні штрых. Здаецца, Менск як сталіца перамоваў, роля Беларусі, як мадэратара ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу, паступова адыходзіць у гісторыю. Таму што чарговы саміт «нармандзкай чацьвёркі» адбываецца ня ў Менску, а ў Бэрліне.
Цыганкоў: «Матарола быў адным з тых сьветаносных летуценьнікаў...» — гэта я цытую расейскага пісьменьніка Праханава. Учора, пераключаючы каналы, мне собіла патрапіць на канал РТР, дзе 6 чалавек у перадачы Салаўёва на чале з Праханавым і Жырыноўскім рабілі з Матаролы героя нашага часу. Пасьля яго сьмерці ў расейскіх СМІ сапраўды ўзьнялася вакханалія нябачанай сілы.
Расейскія ўдзельнікі гэтай перадачы хорам рабілі зь яго героя, на што я б сказаў, што які народ — такія героі, ці які час — такія і героі. У любым выпадку гэта было дастаткова красамоўна і цікава паглядзець.
Адбыўся «адстрэл» такіх пасіянарыяў, якія ў пэўны час і валадарылі там, і заварылі гэтую кашу.
Адбылася апошнімі месяцамі перамена сытуацыі ў Данбасе, бо адбыўся «адстрэл» такіх пасіянарыяў, якія ў пэўны час і валадарылі там, і заварылі гэтую кашу. Хтосьці самы разумны застаўся ў жывых, як Ігар Гіркін, які адышоў сам, добраахвотна, напэўна, зразумеўшы пэўныя намёкі з больш высокіх колаў. Ну а іншыя яскравыя постаці загінулі пры розных абставінах, часьцей пры нявысьветленых абставінах альбо без прыкметаў таго, што гэта зрабілі украінскія сілавыя службы.
Хутчэй гэта разборкі паміж сваімі альбо проста больш магутная сіла, якая кіруе гэтым працэсам, прыбрала непатрэбных, якія ўжо выканалі сваю ролю. Цяпер там сытуацыю ў свае рукі ўзяў афіцыйны Крэмль, там ужо не пасіянарыі, а расейскія ваенныя кансультанты, і паводле розных дадзеных, расейскія рэгулярныя войскі знаходзяцца, альбо яны ў «адпачынку», альбо і не хаваюцца.
Там усё менш месца для такіх матаролаў, то бок энтузіястаў, якія «кінулі зямлю і пайшлі ў Грэнаду ваяваць». Так што гэта таксама сьведчаньне стратэгічнай зьмены сытуацыі, якая адбылася за апошні год ці месяцы.