Журы Літаратурнай прэміі Сярэдняй Эўропы Angelus абвясьціла новага ляўрэата. Ім стаў румынскі пісьменьнік армянскага паходжаньня Варужан Васганьян.
Імя пераможцы было агучана 15 кастрычніка падчас традыцыйнай штогадовай урачыстасьці ў музычным тэатры «Capitol» ва Ўроцлаве.
На прэмію сёлета прэтэндавалі сем кніг:
♦ Мацей Хэн, «Сольфатара»
♦ Анна Янка (Польшча) — «Малое вынішчэньне»
♦ Уладзімер Някляеў (Беларусь) — «Аўтамат з газіроўкай зь сіропам і без»
♦ Крысьціна Сабаляўскайце (Літва) — «Silva rerum»
♦ Альвідас Шляпікас (Літва) — «Мяне завуць Марыце»
♦ Крыстыян Тэадарэску (Румынія) — «Мэджыдыя, горад ля мяжы»
♦ Варужан Васганьян (Румынія) — «Кніга шэптаў»
Літаратурная прэмія Цэнтральнай Эўропы Angelus прысуджаецца за найлепшую кнігу з тых, што выйшлі па-польску ў папярэдні год. Выдаўцы могуць вылучаць на яе жывых аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай Эўропы. Прэмію складае грашовая ўзнагарода — 150 тысяч злотых (38,7 тыс. даляраў ЗША) і статуэтка аўтарства Эвы Расана.
Прэмія Angelus прысуджаецца з 2006 году. Яе ляўрэатамі сярод іншых былі Юры Андруховіч, Сьвятлана Алексіевіч, Міленка Ергавіч, Аксана Забужка, Сяргей Жадан.
Сёлета ўжо трэці год паралельна з прэміяй Angelus шляхам інтэрнэт-галасаваньня сярод удзельнікаў шорт-ліста вызначаецца ляўрэат прэміі імя Натальлі Гарбанеўскай. Сёлета пераможцам стаў Варужан Васганьян.