Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Эдуарда Пальчыса: «Да лістапада 2015 году ня ведалі, што наш сын — Джон Сыльвэр»


Аляксандар і Антаніна Пальчысы
Аляксандар і Антаніна Пальчысы

Аляксандар і Антаніна Пальчысы расказалі Свабодзе пра свайго сына: ён вельмі добра вучыўся і цікавіўся кампутарамі.

«У СМІ была інфармацыя, што Эдуард вельмі добра ведае гісторыю і нават паступіў без іспыту ў БДУ. Але ён дасьведчаны ня толькі ў гісторыі, таксама выдатна вучыўся матэматыцы, інфарматыцы», — сказала Антаніна Пальчыс.

Бацька палітвязьня Аляксандар Пальчыс дадаў, што сын заўсёды цікавіўся кампутарнымі гульнямі і нават пісаў агляды для іх:

«Яшчэ калі пэрсанальныя кампутары не стаялі ў кожным доме, ён вельмі цікавіўся інфарматыкай, хадзіў у кампутарныя клюбы. Гадоў у 12-13 пачаў пісаць агляды гульняў у „Компьютерную газету“, яна была папулярнай на пачатку 2000-х».

Судзяць Пальчыса. Анлайн

Бацькі сказалі, што лістуюцца з сынам.

«Ён вельмі самаіранічны, таму і цяпер спрабуе жартаваць з той сытуацыі, у якую трапіў. Напрыклад, калі яго перавялі з Жодзіна на Валадарку, напісаў наступнае: „Я жыву ў цэнтры Менску і бясплатна“. Таксама піша, што можа даваць турмам рэйтынгі, як даюць гатэлям: ён жа ўжо некалькі турмаў зьмяніў», — расказала Антаніна Пальчыс.

Бацькі, якія размаўляюць на выдатнай беларускай мове, прызналіся, што доўгі час ня ведалі пра блогерскую дзейнасьць сына:

«Мы толькі ў лістападзе 2015 году даведаліся, што наш сын — Джон Сыльвэр. Тады ж пачаліся допыты, ператрусы».

Аляксандар Пальчыс выказаў падзяку шэрагу беларускіх СМІ, сярод якіх Радыё Свабода, «Наша Ніва», «Хартыя’97», а таксама блогерам, якія ўвесь гэты час падтрымліваюць Эдуарда.​

«Дзякуй тым, хто, не зважаючы на магчымы перасьлед, друкуе на сваіх старонках артыкулы Эдуарда. Дзякуй журналістам, якія пішуць пра справу. Дзякуй усім неабыякавым — а такіх, мы ведаем, шмат. Эдуард атрымлівае тысячы лістоў са словамі падтрымкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG