Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч абвясьціў на Facebook, што ад 13 кастрычніка на пікетах, дзе вядзецца збор подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг, таксама будуць зьбірацца подпісы пад адным з артыкулаў блогера Эдуарда Пальчыса.
Артыкул «5 прычын, зь якіх Украіна пераможа РФ» Эдуарда Пальчыса, што ў блогу 1863х выступаў пад псэўданімам Джон Сільвэр, быў у ліку 9 артыкулаў, прызнаных экстрэмісцкімі судом Цэнтральнага раёну Менску. Праваабаронцы правялі незалежны аналіз тых тэкстаў і назвалі перасьлед Пальчыса палітычна матываваным.
Паводле Дашкевіча, перад пачаткам закрытага суду 14 кастрычніка Пальчыс будзе хадайнічаць аб далучэньні падпісанага іншымі людзьмі артыкулу да матэрыялаў крымінальнай справы. Актывіст прапануе ўсім ахвочым засьведчыць подпісам, што калі за такія словы судзяць Пальчыса, то трэба судзіць і астатніх людзей, згодных зь ім.
У артыкуле на 1863x Дашкевіч раней згадваў, як яго самога судзілі на закрытым працэсе ў 2006 годзе. Тады яму далі паўтара года калёніі за дзейнасьць ад незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». У час суду паўтары тысячы чалавек паставілі подпіс пад заявай «Я — маладафронтавец». З гэтым Дашкевіч зьвязвае неафіцыйны мараторый на суды па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо кіраваньне грамадзкім абʼяднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, што замахваюцца на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў»).
Актывіст прыводзіць расклад пікетаў, дзе можна будзе пакінуць подпіс:
1. Выхад з мэтро «Купалаўская»/«Кастрычніцкая» ў бок унівэрсаму «Цэнтральны» (з 14:00 да 21:00).
2. Выхад з мэтро «Плошча Якуба Коласа» ў бок Камароўскага рынку (з 14:00 да 20:00).
3. Выхад з мэтро «Плошча Леніна» ў бок вакзалу і станцыі Дружная (з 14:00 да 20:00).
4. Выхад з мэтро «Інстытут культуры» ў бок Дому быту і чыгуначнай станцыі (з 15:00 да 20:00).
5. Выхад з мэтро «Каменная Горка» ў бок крамы «Мацярык» (зь 17:00 да 21:00).