12 кастрычніка ў Менску абвешчаны сёлетні ляўрэат прэміі імя Ежы Гедройця — бадай, галоўнай сучаснай літаратурнай прэміі Беларусі. Ім стаў Макс Шчур, аўтар кнігі «Завяршыць гештальт».
- 2-е месца — Альгерд Бахарэвіч, аўтар кнігі «Белая муха, забойца мужчын»;
- 3-е месца — Андрэй Адамовіч, аўтар кнігі «Таўсьціла і лешч».
Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю з цырымоніі:
Ляўрэат прэміі Макс Шчур не прысутнічаў на цырымоніі, як і Альгерд Бахарэвіч, які ўзяў другое месца.
Прысутны на цырымоніі Андрэй Адамовіч сказаў, што першы раз удзельнічаў у прэміі. Ён адзначыў, што «прэмія здорвава ўплывае на тое, каб хутчэй выдаць кнігу».
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году. Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Прэмія была названая ў гонар польскага (родам зь Менску) публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх адносін паміж Польшчай і Беларусьсю.
Прэмія Гедройця — найбольш значная літаратурная прэмія Беларусі, якая паволі, але прыкметна падштурхоўвае літаратурны працэс у краіне.
Папярэднія пераможцы
- Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012),
- Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013),
- Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014),
- Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015).
Журы прэміі, у склад якога сёлета ўваходзілі Ігар Бабкоў, Анджэй Бжэзецкі, Сяргей Дубавец, Малгажата Ноцунь, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута, у апошні дзень жніўня агучыла шорт-ліст, у які ўвайшлі шэсьць кніг:
Андрэй Адамовіч. Таўсьціла і лешч. Кніга пра сучасную фідэрную рыбалку ў Беларусі. — Вільня: «Логвінаў».
Валянцін Акудовіч. Прачнуцца ранкам у сваёй краіне. — Вільня: «Логвінаў». «Гэта ня кніга. Гэта збор тэкстаў, які хацеў бы стацца кнігай, але... Залішне рознымі былі тыя часы і эпохі, калі яны пісаліся. Як, адпаведна, моцна розьніўся і сам ад сябе аўтар. Таму мы ня лішне перабольшым, калі скажам, што ў гэтага збору не адзін, а цэлы хаўрус аўтараў, якія толькі паводле даўняй завядзёнкі пазначаныя агульным імем і прозьвішчам — Валянцін Акудовіч».
Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын. — Менск: «Галіяфы». Зьмест твору сам аўтар акрэсьліў так: «Гэта раман пра жаночую банду, якая захапіла адзін з замкаў у сучаснай Беларусі. Беларусь у ім рэальная, а сам замак — хутчэй зьбіральны вобраз. Раман на жаночую тэму і распавядае пра сучасных беларускіх жанчын, іх праблемы. Кніга атрымалася правакацыйнай, у нечым фэмінісцкай, у нечым палітычнай».
Алесь Пашкевіч. Рух. — Менск: «Кнігазбор». Твор пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, разьведчыкаў і здраднікаў, а найперш — пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму. Героі — Адам Міцкевіч і Рудольф Дызэль, ліха закручаны сюжэт.
Таня Скарынкіна. Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі. — Вільня: «Логвінаў». Зборнік эсэ паэткі Тані Скарынкінай расказвае пра асаблівасьці дзіўнага штодзённага жыцьця ў райцэнтры. Жыцьця, поўнага супярэчнасьцяў і супадзеньняў.
Макс Шчур. Завяршыць гештальт. — Тэрнопаль: «Крок». «Завяршыць гештальт» — дзёньнік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосьці Галяндыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Эўропы і сьвету, абмяркоўвае зь імі надзённыя пытаньні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі зь ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэньне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму зь Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцьця чакае яго ў Амстэрдаме.
Сёлета заяўкі на прэмію падалі 29 аўтараў. Даволі позна было сфармавана журы, толькі 6 чэрвеня 2016 году быў абвешчаны лонг-ліст з 13 пазыцыяў. 31 жніўня быў абвешчаны шорт-ліст. Для параўнаньня: першую і другую прэмію ў 2012 і 2013 годзе ўручалі на пачатку сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменьніка, потым урачыстасьці былі перанесеныя на травень і чэрвень. А сёлета яны адбываюцца ўвосень.
Аўтар кнігі, якая займае трэцяе месца, атрымоўвае двухтыднёвы творчы адпачынак у Бэрлінскім літаратурным калёквіюме; другое — творчую стыпэндыю ў Доме творчасьці пісьменьнікаў на высьпе Готланд у Швэцыі; першае — чэк ад польскага «Ідэя Банку». Сёлетняя ўзнагарода эквівалентная 5 тысячам эўра (раней за першую прэмію давалі 10 тысяч эўра).
Зь сёлетніх прэтэндэнтаў на прэмію Альгерд Бахарэвіч у 2012 годзе заняў другое месца за «Малую мэдычную энцыкляпэдыю», у 2013 — таксама быў другім за «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», і ў 2015 годзе быў трэцім зь «Дзецьмі Аліндаркі».