Газта «Народная Воля» друкуе сатырычную паэму «Даў заданьне Правадыр напісаць «Войну и мир». Яе аўтарам пазначаны Макар Друкар.
Паэма складаецца з васьмі частак: «Страчаны спакой», «І жук, і жаба», «Эліта», «Агітбрыгада», «Ад пахвальбы да дзяльбы», «Ідэя», «Дух Караткевіча», «Вечны сон».
У прадмове рэдакцыя адзначае, што «літаратурны твор — гэта заўжды плён думак і фантазіі аўтара, які мастацкімі сродкамі спрабуе данесьці да чытача тую ці іншую ідэю, вобраз і адлюстраваць зьяву, тэндэнцыю, каштоўнасьці, заганы часу, у які мы жывём».
«Да гэтага часу ў беларускай літаратуры існавалі дзьве ананімныя паэмы, якія адлюстроўвалі літаратурныя працэсы: «Тарас на Парнасе» і «Сказ пра Лысую гару». Нам здаецца, што паэма «Даў заданьне Правадыр напісаць «Войну и мир» стане ўпоравень з гэтымі яркімі творамі. Напісана яна адмыслова, бездакорна (гэта можа засьведчыць любы прыстойны літаратар), з мастацкім густам, сатырычна-іранічным поглядам аўтара на многія бакі нашага жыцьця. Гэта яшчэ адзін важкі аргумэнт, які падштурхнуў рэдакцыю надрукаваць паэму на старонках «Народнай Волі», — гаворыцца ў прадмове рэдакцыі.
Паэма пачынаецца з таго, што слыннаму пісьменьніку, «літаратурнаму генэралу» Трындунцу, які стаіць на чале творчага саюзу, неабходна прыбыць да Правадыра.
«Што Правадыр — мужык суровы,
Вядома ўсім здаўна яшчэ:
Ня кідае на вецер словы,
Як трэба, дык з пляча сячэ».
Правадыр пачаў разносіць Трындунца за тое, што той ня бачыць вартых твораў.
«Пісак, як кажуць, маеш мора.
Чаму ж ня рупяцца яны?
Чаму ніхто ня выдаў твора
Накшталт „Поднятой целины“?
Ну, словам, кожны хай карпее, —
Падвёў рахунак Правадыр, —
Каб тут ляжала эпапэя —
Такая, як „Война и мир“.
Хай пішуць пра жыцьцё народа
І, можа, трохі пра мяне...
На гэта я даю паўгода.
Ты ўцяміў, Трындунец, ці не?»