Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэатамі «Залатога апострафа — 2015» сталі Валерыя Данілевіч, Віталь Рыжкоў і Ўладзімер Арлоў


Старшыня Беларускага саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч
Старшыня Беларускага саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч

24 лютага ў кнігарні «Галіяфы» адбыліся адразу дзьве імпрэзы — уганараваньне найлепшых беларускіх паэтаў і празаікаў прэміяй «Залаты апостраф», заснаванай часопісам «Дзеяслоў», і прэзэнтацыя невядомага твору Васіля Быкава — апавяданьня «Ў тую вясну...».

У намінацыі «Проза» прэмію атрымаў Уладзімер Арлоў, у намінацыі «Паэзія» — Віталь Рыжкоў, у намінацыі «Дэбют» — Валерыя Данілевіч.

«Залаты апостраф» сёлета ўручаўся ў 13-ты раз. Урачыстую цырымонію адкрыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Ён прадставіў першы нумар часопіса «Дзеяслоў», які выйшаў у 2003 годзе. Гэты ўнікальны асобнік пазьней быў разыграны ў віктарыне.

«Зараз выходзіць ужо 80-ты нумар з трывалай пэрыядычнасьцю. У першым нумары — творы Ўладзімера Някляева, Уладзімера Арлова, Сьвятланы Алексіевіч, цяперашняй Нобэлеўскай ляўрэаткі. На жаль, у першым нумары не было твораў Васіля Быкава, які ў той час жыў за мяжой. Затое ёсьць новы невядомы твор Быкава ў 80-м нумары — апавяданьне «У тую вясну...», — распавёў Барыс Пятровіч.

80-ты нумар «Дзеяслова»
80-ты нумар «Дзеяслова»

Напачатку цырымоніі ўручаецца прэмія за значны ўнёсак у літаратуру. Узнагароду заснаваў выдавец, мэцэнат Алесь Усеня. Сёмым яе ляўрэатам стаў Уладзімер Някляеў.

Алесь Усеня
Алесь Усеня

Алесь Усеня ўручае прэмію Ўладзімеру Някляеву
Алесь Усеня ўручае прэмію Ўладзімеру Някляеву

«Падмурак нашай дзяржавы — гэта літаратура. Літаратары і сфармавалі ідэю беларускай дзяржаўнасьці. А тэксты, якія друкуюцца ў „Дзеяслове“, зьяўляюцца паказальнікам нашай літаратуры. Я чытаю ўсе літаратурныя часопісы: і „Полымя“, і „Дзеяслоў“, і „Маладосьць“. У „Дзеяслове“ тэксты вельмі высокага ўзроўню. А прэмію гэту я хацеў бы расьпіць з двума аўтарамі часопіса, творамі якіх я вельмі ўражаны, — Уладзімерам Арловым і Вінцэсем Мудровым. Жыве беларуская літаратура, жыве Беларусь!», — прамовіў Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Стыль-рэдактар «Дзеяслова» абвясьціў пераможцу ў намінацыі «Дэбют»: Ёй стала Валерыя Данілевіч за нізку вершаў «Бойка чорнага зь белым».

Валерыя Данілевіч
Валерыя Данілевіч

У шорт-лісьце прэміі ў намінацыі «Дэбют» разам з Валерыяй Данілевіч былі:

  • Павел Дарохін. Мая Ітака. Вершы
  • Яўген Іхонкін. Новы дзень, прывітаньне! Вершы
  • Яўгенія Пракапчук. Вышыванка. Вершы
  • Надзея Тачыцкая. Заслона неўміручасьці. Абразок

У намінацыі «Паэзія» пераможцу назваў «дзеясловавец» Алесь Пашкевіч: Віталь Рыжкоў за нізку вершаў «Удары ў хвіліну». Дарэчы, з гэтага году зьмяніліся ўмовы атрыманьня прэміі — яе можна атрымаць двойчы. Якраз Віталь Рыжкоў ўзнагароду атрымаў другі раз.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч і Віталь Рыжкоў
Алесь Пашкевіч і Віталь Рыжкоў

Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

Паэтка Валянціна Аксак, якая стала ляўрэаткай «Залатога апострафа» у 2008 годзе, узгадала, што тады ў шорт-лісьце прэміі разам зь ёй быў Рыгор Барадулін, дзень народзінаў якога адзначаецца менавіта сёньня. Спадарыня Валянціна шчыра прызналася, што дагэтуль адчувае віну за тую перамогу перад народным паэтам... І прачытала свой верш «Іншага раю не будзе».

Валянціна Аксак
Валянціна Аксак

А ў шорт-лісьце ў намінацыі «Паэзія» разам зь Віталём Рыжковым былі:

  • Анатоль Брусевіч. Вяртаньне ў адсутнасьць
  • Вольга Гронская. Мора ўнутры мяне
  • Аксана Спрынчан. Сьнежнае «рэ»
  • Андрэй Сьцепанюк. Бельскае маўчаньне

У намінацыі «Проза» «Залаты апостраф» атрымаў Уладзімер Арлоў — за аповесьць «Танцы над горадам».

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Спадар Арлоў пажартаваў, што ягонае прозьвішча вельмі добра рыфмуецца з назовам часопіса «Дзеяслоў». І выказаў надзею да сотага нумара, а яшчэ лепш да двухсотага атрымаць яшчэ адзін «Залаты апостраф».

Акрамя Ўладзміера Арлова, у шорт-лісьце у намінацыі «Проза» былі:

  • Алена Брава. Мёд Чорнага Месяца. Апавяданьне
  • Уладзімір Някляеў. На ўсякім сьвеце. Прыпавесьць
  • Франц Сіўко. Цымант. Аповесьць
  • Уладзімір Сьцяпан. Задача. Тры навэлы

На вечарыне выступілі музыкі з гурту «Гарадзкі вал» Раман Абрамчук (сьпевы, гітара) і Аляксандар Карабань (кантрабас).

Гурт «Гарадзкі вал»
Гурт «Гарадзкі вал»

Ляўрэатамі «Залатога апострафа» ў розныя гады былі і аўтары Свабоды: паэтка Валянціна Аксак (2008 год), празаік Вінцэсь Мудроў, «дэбютант» Франак Вячорка (2010 год), празаік Сяргей Дубавец (2014 год).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG