Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнзапіла і «Амэрыка ва ўсім вінаватая»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

На «антылібэральных» сайтах заскавыталі «рупліўцы саветчыны»: «Хто мог чакаць, што беларускі падлетак зь сям'і багатых бацькоў прапітаецца заходняй лібэральнай шызафрэніяй і ўзброіўшыся бэнзапілой пойдзе забіваць людзей, якія нічога кепскага яму не зрабілі?»

Гэта адзін прыклад, хоць антызаходнія ідэолягі скарысталіся момантам і на іншых рэсурсах.

Я спачатку зьдзівіўся жывучасьці нафталінавай рыторыкі часоў халоднай вайны, але і ў рэальнасьці, і ў сеціве раз-пораз натрапляў на камэнты, кшталту «так-так – у нашым дзяцінстве не было фільмаў пра бэнзапілы» і «вінаватыя кампутарныя гулькі, што прыйшлі з Захаду».

У вашым дзяцінстве, шаноўныя, на кожным куце сядзелі на картанах (на кукішках) блатныя і прыблатнёныя, бо праз сыстэму лягераў і турмаў прайшло каля чвэрці ўсяго насельніцтва СССР, калі ня болей. У вашым дзяцінстве сацыяльна блізкія камуністычнай партыі крымінальнікі кіравалі працэсамі па завугольлях, бо ведалі, што кара да іх ня будзе жорсткай.

А яшчэ ў вашым дзяцінстве не было грамадзка-палітычнай журналістыкі. Хіба што ў нарыс з апісаньнем лесу ці ракі прапагандзе было цяжка пралезьці. Газэты, радыё і ТВ былі, а журналістыкі не было. Былі псыхі і маньякі, былі здаровыя цынічныя забойцы... Усялякія былі пагрозы жыцьцю і спакою. А журналістыкі не было, таму вы нічога асабліва ня ведалі.

І вы думалі што ў СССР «духоўнасьць», а на Захадзе – «бездухоўнасьць». Насамрэч, па ўсёй Зямлі па-рознаму, толькі ў адных краінах ёсьць вольныя крыніцы атрыманьня інфармацыі, а ў іншых няма. У СССР не было. Але ў нас у Беларусі сёньня ёсьць інтэрнэт.

Пару гадоў таму мая знаёмая напісала ў фэйсбук, што стала сьведкай, як п'яны мужчына кідаецца з нажом каля адной з вакзальных «вежаў», левай, калі стаяць сьпінай да Кірава, а тварам да вакзалу. Знаёмая жыве ў самой вежы і пакуль набірала нумар міліцыі, назірала з вакна за сытуацыяй, якая пагражала перарасьці ў драму.

Гэта быў раньні вечар 31 сьнежня. Людзі сьпяшаліся з працы дамоў – рыхтаваць сьвяточныя сталы. А бамбіза з нажом у руках быў такі п'яны, што патэнцыйныя ахвяры давалі рады ўвярнуцца ад нападу.

Міліцыя ня ехала, хоць апорны пункт знаходзіўся ў дваццаці мэтрах у двары. Дый само Прывакзальле тэарэтычна мусіць быць завешанае камэрамі відэаназіраньня.

Мужчына з нажом на выгляд меў узрост, калі ў ягоным дзяцінстве яшчэ не было відэафільмаў з бэнзапіламі. Што праўда, да самага канца СССР дзеці гуляліся ў «рускіх і немцаў», бо замбаваліся фільмамі «пра вайну» фактычна штодня.

Гэты п'яны з нажом у руцэ ня быў апрануты у «рускага» ці «немца». Ён быў проста вельмі злы і хацеў кагосьці ўдарыць.

Усё скончылася так. Міма йшоў іншы мужчына. Ён досыць рашуча і прафэсійна заламаў руку п'янога, забраў нож, склаў яго... Выкінуў у сьметніцу і пайшоў далей па сваіх справах.

І болей нікому нічога ніякага.

У краіне сёньня не заўважаюць масавыя рэпрэсіі: былыя масавыя забойствы і цяперашнія пэрыядычныя масавыя пасадкі. У краіне не заўважаюць лідэрства Беларусі ў сусьветнай статыстыцы па забойствах і самазабойствах. Не заўважаюць росту псыхічных захворваньняў. Рэзкае зьбядненьне людзей. Аматараў усё звальваць на Амэрыку не чапляе інфармацыя пра маштабы пэдафіліі ў Беларусі. А калі штосьці непрыемна ўзрушвае, з нафталіну дастаецца стары козыр пра «вінаватую Амэрыку».

Як у выпадку з трагедыяй у гандлёвым цэнтры «Эўропа», маўляў, Захад вінаваты са сваімі бездухоўнымі фільмамі і гулькамі.

Гэта такая дзіцячая ўпартасьць з сэрыі «хачу, хачу, хачу!» Хачу верыць, што ўсё вакол кепскае, а я добры. Нежаданьне прызнаць, што мы жывем у вельмі нездаровым асяродзьдзі. Дзе людзі пакутуюць ад гнятлівых абставін страху і няўпэўненасьці ва ўсім. Ва ўласнай кар'еры, у заўтрашнім дні ўсёй краіны. У атмасфэры сыстэмнага падману ў дзяржаўных СМІ. У сытуацыі, калі за дрот адпраўляюць за скрадзены мех бульбы, а за забойства даюць столькі гадоў, колькі за паўтары таблеткі «экстазі».

Ёсьць адзін пазытыў у дзьвюх згаданых мною гісторыях. У абодвух выпадках людзі самі далі рады. Безь дзяржавы. Гэта значыць, што ня толькі можна дэкляраваць, што такая дзяржаўная сыстэма нам непатрэбная. Мы яшчэ бачым, што ёсьць кім замяніць некампэтэнтных супрацоўнікаў – на ўсіх узроўнях.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG