Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельцы робяць прыпасы на «ледавіковы пэрыяд»


У выходныя ў Гомелі багата гараджанаў выпраўляюцца на цэнтральныя плошчы, дзе ладзяцца традыцыйныя восеньскія кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Хто па моркву, хто па бульбу
Хто па моркву, хто па бульбу


На падыходзе да плошчы Паўстаньня ўсё часьцей сустракаюцца мінакі зь мяхамі бульбы на вазках. Некаторыя загружаюць сеткі з бульбай, капустай, цыбуляй у багажнікі аўтамашынаў, а то й наўпрост у салён, заслаўшы папярэдне сядзеньні поліэтыленавай плёнкай ці якою тканаю посьцілкаю.

З запасам крызыс перажыць лацьвей
З запасам крызыс перажыць лацьвей


«Запасаемся на зіму, — тлумачыць гамяльчук Юры. — Бульба пераважна па 30-35 капеек, але мы купілі па 25. Неблагая бульба. Морквы купілі, цыбулі».

«Цыбуля сёлета крыху даражэйшая, морква таксама. Бульба прыкладна на леташнім узроўні. Крызіс ня крызіс, а есьці ж хочацца. У „Эўраопты“ не наезьдзісься кожны дзень. Дый не люблю я імпартнай бульбы, лепей свая, беларуская», — дапаўняе мужа жонка Алена.

Саджанцы каля танка
Саджанцы каля танка


Малады будаўнік трэсту № 14, які назваўся Яўгенам, купіў два яблыневыя саджанцы на лецішча. Кажа, што аддаў ажно 24 рублі. Цяпер чакае маці, каб набыць сёе-тое з гародніны ды, магчыма, пару сетак бульбы:

«Дакупляем, бо на лецішчы ўсяго пяць сотак. Не разгонісься. На кірмашы таксама багата ня купіш, бо няма асабліва за што. Нам жа цяпер у трэсьце «мінімалку» плацяць — тыя два мільёны. Па-новаму — дзьвесьце рублёў з капейкамі. Заказы нібыта ёсьць, але трэст ня мае грошай, каб купіць матэрыялы. Ну, адпаведна, і нас трымаюць на «мінімалцы».

Сталага веку гараджанка Ніна з дачкою купіла цэлыя дзесяць сетак бульбы.

«Крызіс перажывём, як перажылі вайну, — кажа Ніна Пятроўна. — Я ж дзіця вайны. Бульба нас ратавала».

Плошча Паўстаньня і прылеглы да яе квартал праспэкту Перамогі сёмага кастрычніка былі аддадзеныя ў распараджэньне падсобных гаспадарак аграрных каледжаў ды розных прафэсійна-тэхнічных ліцэяў — зь Лельчыцаў, Хвойнікаў, Каленкавічаў, Мазыра, Буда-Кашалёва, Жлобіна, Чачэрску. Гандлёвыя месцы навучальныя ўстановы імкнуліся аздобіць як мага прывабней. Апроч гародніны і бульбы, прадавалі прылады ды нескладаную мэблю для кухняў, лецішчаў. Прапаноўвалі розныя мучныя вырабы, пяклі аладкі і смажылі шашлыкі. Зладзілі й канцэрт на часовых падмостках.

Прапановы аграрных каледжаў і ліцэяў
Прапановы аграрных каледжаў і ліцэяў


Але гараджане найбольш займаліся надзённым: набывалі гародніну, журавіны, перцы, бульбу, каб стварыць запасы на зіму, перажыць, як дасьціпна заўважыў ці то жартам, ці ўсур’ёз сярэдніх гадоў гараджанін, «ледавіковы пэрыяд».

На прыпынку грамадзкага транспарту двое мужчын з клункамі цыбулі і капусты чакаюць гарадзкі аўтобус. Разгаварыліся.

«Купляем пакрысе: сёньня купілі, у наступным месяцы купім. Не выпадае выкінуць пэнсію за адзін раз, — тлумачыць 72-гадовы Васіль. — Гэта ў чыноўнікаў ды міліцыянтаў пэнсіі па тысячы і больш рублёў, а ў рабацягаў ды інжынэраў яны ў тры-чатыры разы меншыя. Я наагул нашага прэзыдэнта не разумею: абяцае адно, а ў рэальным жыцьці іншае. Як трэба было эканомікай займацца, то ён у хакей гуляў. Цяпер вось езьдзіць па сьвеце, крэдыты выпрошвае».

Кірмаш на Юбілейнай
Кірмаш на Юбілейнай


На пляцоўцы пры вуліцы Юбілейнай таксама віраваў кірмаш. Прадавалі, прычым і фэрмэрскія гаспадаркі, ці ня ўвесь «восеньскі набор». Пакупнікоў было небагата. Толькі каля машыны з цыбуляй утварылася чарга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG