Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка даў грошы...». У Шклове ўзьвялі Лядовую арэну


Лядовая арэна ў Шклове
Лядовая арэна ў Шклове

У Шклове пасьля шасьці гадоў будаўніцтва зьбіраюцца адкрываць Лядовую арэну. Пра дату афіцыйнага адкрыцьця публічна не абвяшчаецца, аднак без Аляксандра Лукашэнкі, упэўненыя жыхары райцэнтру, урачыстасьць не абыйдзецца. Сёньня ў Шклове быў суботнік. Выграбалі лісьце.

Колькі было выдаткавана на ўзьвядзеньне Лядовай арэны — падлічыць няпроста. За час будаўніцтва сумы называліся розныя. За прамінулыя шэсьць гадоў працы на абʼекце ня раз прыпыняліся празь нястачу фінансаваньня.

«​Хакей жа ў модзе. Заробкі падаюць»​

«Калі такі палац узьвялі, дык не бурыць жа яго. Што паробіш, калі ў нас хакей у модзе», — з усьмешкай адказаў на пытаньне журналіста, ці патрэбная Лядовая арэна Шклову, адзін зь першых суразмоўцаў.

Мужчына прыйшоў на бераг Дняпра, каб паглядзець на мясцовае дзіва, як ён назваў колішні даўгабуд. З моста, які некалі таксама адкрываў Аляксандар Лукашэнка, лядовая арэна як на далоні. Тое, што гэта яна, падказвае расейскамоўны надпіс.

Мост насупраць арэны
Мост насупраць арэны



«Зразумела, што гэты абʼект будзе стратным. Ён задарагі для раённага бюджэту. Усё даражэе, заробкі падаюць, людзі ледзьве выжываюць, а тут ім прапануюць пазабаўляцца на каньках. Людзей гэта злуе, вядома ж», — ужо без усьмешкі адзначыў на разьвітаньне суразмоўца.

Кошт будаўніцтва за шэсьць гадоў вырас болей, чым упяцёра

Узводзіць арэну пачалі ў 2010 годзе і праз год абяцалі яе здаць. На пачатку будаўніцтва яго кошт ацэньваўся ў 50 мільярдаў рублёў.

У 2011 годзе, калі ў першы раз будаўніцтва арэны спынілася, супрацоўнік шклоўскай управы капітальнага будаўніцтва казаў ужо, што на яго завяршэньне патрэбна пад 70 мільярдаў рублёў.

У арэне наводзяць лоск перад адкрыцьцём
У арэне наводзяць лоск перад адкрыцьцём



У 2015 годзе, паводле афіцыйных крыніцаў, каб здаць Лядовую арэну называліся ўжо 260 мільярдаў рублёў. Год таму ў афіцыйных камэнтарах гучала: «Спартовы аб’ект спрасьцілі і зрабілі таньнейшым, але на якасьці працы гэта не адаб’ецца» http://www.svaboda.org/a/27408507.html .

«Лукашэнка малайчына»

«Яе б раней увялі, дык грошай не было. А Лукашэнка, малайчына, выдзеліў іх і дабудаваў яе», — выказаў сваё бачаньне сытуацыі з узьвядзеньнем будоўлі наступны суразмоўца.

Арэна зачыненая. Звонку гаспадараць сьмецьцяры
Арэна зачыненая. Звонку гаспадараць сьмецьцяры



«Лукашэнку самаго чакаюць на адкрыцьці, — дадаў ён. — Гэтай урачыстасьці пакуль не было, але людзі маглі паглядзець, як арэна выглядае знутры. Прыгожа».

Пабачыць арэну знутры журналісту не давялося. Дзьверы былі зачыненымі, хоць на абвестцы і было напісана, што працуе абʼект ад 8 раніцы. Праз адчыненыя вокны было відаць, што памяшканьні арэны прыбіраюць. Вакол арэны таксама завіхаліся людзі: хто падмятаў, хто выкошваў яшчэ добра не прарослы газон.

«Яшчэ ўсё зачынена, а калі адкрыцьцё — невядома», — сказаў журналісту адзін з супрацоўнікаў арэны.

«Ня ведаем, якія на арэну пайшлі выдаткі»

На вуліцах райцэнтру таксама мялі ды выграбалі лісьце. Мабілізавалі школьнікаў. Тыя без асаблівай ахвоты пад наглядам настаўнікаў ляніва махалі граблямі.

Мабілізаваная на лісьце моладзь
Мабілізаваная на лісьце моладзь



«Пытаньне ў тым, што грошы маглі пусьціць і на нешта іншае, больш патрэбнае, чым гэты палац. Во цяпер мятуць, чакаюць Аляксандра Рыгоравіча. Яму ж падабаецца чысьціня на вуліцах», — азваўся яшчэ адзін жыхар райцэнтру.

«Мы ж ня ведаем, якія на арэну пайшлі выдаткі. Колькі там закапана мільёнаў і мільярдаў, — горача казаў суразмоўца. — Адных труб колькі там праклалі. Там жа было голае поле. Мой сваяк працуе ў раённай управе капітальнага будаўніцтва, дык як гаворка заходзіць пра арэну — ён толькі рукой махае».

Дарослыя таксама грабуць
Дарослыя таксама грабуць


У 2013 годзе, калі ў чарговы раз будаўніцтва арэны замарозілі, актыўныя жыхары райцэнтру арганізавалі збор подпісаў, каб улады прысьпешылі, як настойвалі шклоўцы, будаўніцтва неабходнага гораду абʼекта . Працы неўзабаве аднавіліся, але зноў ненадоўга.

«Абы вайны не было»

«Я лічу, што арэна Шклову патрэбная, але мая жонка са мною ня згаджацца. Лічыць, што гэты абʼект для Шклову задарагі. Кажа: і так бедна жывём, а тут такі палац узьвялі», — сказаў наступны суразмоўца, якога журналіст пераняў непадалёк ад мясцовага рынку.

Да адкрыцьця гатовы
Да адкрыцьця гатовы



«Я трымаюся таго, што насельніцтва Шклову некалі павялічыцца, і спатрэбіцца тады лядовая арэна для дзяцей, каб разьвіваліся, — тлумачыў мужчына. — Лічу, што ня робіцца ў нас тое да лепшага, аб толькі вайны не было».

«Лядовыя арэны шмат дзе ёсьць, а чым Шклоў горшы»

«Вядома ж, Шклову патрэбная гэтая арэна, калі яна толькі будзе нармальна функцыянаваць. У кожным горадзе ёсьць такі палац, а чым горшы за іх Шклоў? На каньках цікава ж пакоўзацца», — выказаў сваю пазыцыю наступны суразмоўца. Ягоны прыяцель дадаў:

«Мая дачка просіць ужо, каб я яе звадзіў у палац. А чаму не звадзіць. Лепей яна няхай там час бавіць, чым па завугольлі поўзае дзе».

Шыльда на арэне расейскамоўная
Шыльда на арэне расейскамоўная



Не пасьпеўшы адкрыць Лядовай арэны, ужо агучваюць намеры аб стварэньні ў Шклове спэцыялізаванай клясы па хакеі. Пры гэтым на старонках мясцовай раёнкі папярэджваюць, што хакей — від спорту нятанны, «таму бацькам трэба загадзя прадугледзець набыцьцё экіпіроўкі для сваіх дзяцей»

Запрашаем на хакей, і на коўзанку — толькі за грошы
Запрашаем на хакей, і на коўзанку — толькі за грошы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG