Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня. Толькі праз 11 дзён Марыю Рымар вызвалілі зь СІЗА, але ў Расею ехаць не дазволілі, наклаўшы на жанчыну абмежаваньні ў перасоўваньні. Днямі стала вядома, што суд над Марыяй Рымар прызначаны на 10 кастрычніка. Ёй пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Вось што жанчына сама напісала пра сваю справу і тое, што яна адчувае ў Беларусі.
«Мяне вызвалілі пад заклад 18 ліпеня дзякуючы пэтыцыі, якую падпісалі больш за 100 тысяч чалавек, і я ўдзячная кожнаму з гэтых неабыякавых людзей за салідарнасьць. Як толькі пэтыцыя трапіла на стол да сьледчага, у той жа вечар мяне вызвалілі зь СІЗА. Такім чынам, пэтыцыі працуюць, падпісвайце іх.
Што да маёй справы, дык сьледзтва знарок зацягвалі, хоць я прасіла найхутчэйшага разгляду, бо ў мяне дома засталіся дзеці. За гэты час, зь 7 ліпеня, мне тры разы адмовілі ў выезьдзе дамоў хаця б на кароткі час для сустрэчы з сям’ёй. Таксама мне патрэбна дыягностыка ў сувязі з анкалёгіяй, якую ў мяне знайшлі ў 2012 годзе», — паведаміла Марыя Рымар.
Праваабаронца расказала пра мэтады штучнага зацягваньня расьсьледаваньня яе справы.
«Вялікую справу нам давалі чытаць, але не давалі магчымасьці рабіць копіі і фота дакумэнтаў. Мы падавалі скаргі ня раз, але кіраўніцтва ня бачыць парушэньняў у працы сьледчага. Мы прасілі далучыць на матэрыялаў дакумэнты з пазнакамі на палях ў канвэрце, каб пазнакі былі відаць, бо яны маюць значэньне для справы (гэта закон дазваляе). Але цяпер бачым, што дакумэнты падшытыя да справы як звычайна, і ў выніку пазнакі зусім не чытаюцца».
Ці законна было ўтрымліваць грамадзянку Расеі Марыю Рымар пад вартай 11 дзён? Яна лічыць, што міліцыянтамі быў парушаны закон і гэта зможа даказаць праверка, якой жанчына дамаглася разам з адвакатам. Але Марыя думае, што да суду вынікі праверкі ня стануць вядомымі, бо і тут «ўсё неправамерна зацягваецца».
Пра свой маральны стан Марыя Рымар паведамляе ў змрочных фарбах:
«Увесь гэты час я знаходжуся далёка ад тых, хто мне дарагі, у чужой краіне. Я стамілася і выматалася. Адкладаю скайп-сустрэчы зь дзецьмі, бо магу разрыдацца, гледзячы на іх. Навошта гэтыя пакуты? Прававых падставаў для маёй справы няма ўвогуле. Артыкул, паводле якога мяне абвінавачваюць, прадугледжвае наяўнасьць намеру і нанясеньне матэрыяльнай шкоды. Аэрапорт „Мінск-2“ і авіякампанія „Аэрафлот“ афіцыйна паведамілі сьледзтву, што ніякай шкоды інцыдэнт не нанёс і работа аэрапорту не была парушаная. А адно слова, якое я мэханічна паўтарыла за супрацоўнікам аэрапорту, на намер ня цягне. Дык якая можа быць крымінальная справа, калі няма намеру і шкоды, а ёсьць толькі непаразуменьне, пра якое я шмат разоў казала, але мяне ня чуюць?»
Паводле Марыі Рымар, у яе крымінальнай справе 2 тамы больш як па 500 старонак, а пагражае ёй ажно 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Суд над Марыяй Рымар прызначаны на 10 верасьня ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску. Працэс пачнецца ў 10.30 раніцы. Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Сяргей.
Праваабаронца заклікае да салідарнасьці неабыякавых грамадзянаў.
«Давайце адкажам сыстэме дзяржаўнай параноі, якая маскуецца і апраўдвае масавае абмежаваньне грамадзянскіх правоў», — напісала Свабодзе Марыя Рымар.