Апроч таго, паводле рашэньня суду, сьледзтва мае атрымаць інфармацыю пра нумары ды ІМЕІ тэлефонаў, зь якіх тэлефанавалі журналісту з прывязкай да мясцовасьці.
У прыватнасьці, сьледчыя цікавяцца мабільнаю актыўнасьцю беларускага журналіста 15 студзеня, 15 лютага, 15 сакавіка, 15 траўня і 15 ліпеня 2016 года. З рашэньня суду незразумела, чаму сьледзтва вызначыла менавіта гэтыя дні.
Адначасова суд абавязаў службу бясьпекі гатэлю «Опэра», які знаходзіцца паблізу месца гібелі Паўла Шарамета, перадаць сьледзтву для вывучэньня відэа з камэр вонкавага назіраньня. Паводле сьледчых, «відэазапіс, які знаходзіцца ў валоданьні службы бясьпекі гатэля „Опэра“, мае важнае значэньне для дасудовага расьсьледаваньня, бо дадзеныя, атрыманыя ў ходзе прагляду відэазапісу, яго аналізу і вывучэньня, могуць спрыяць раскрыцьцю крымінальнага злачынства і ўсталяваньню вінаватых асоб».
У выпадку, калі мабільныя апэратары і гатэль «Опэра» не перададуць своечасова інфармацыю, што цікавіць сьледзтва, суд можа дазволіць правядзеньне ператрусу для канфіскацыі заяўленых рэчаў і дакумэнтаў.
Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведка, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абодвух падазраваных. Сьледзтва пакуль не ўстанавіла іх асобаў.
Паліцыя кваліфікавала злачынства паводле артыкулу пра наўмыснае забойства, зьдзейсьненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асоб.
У жніўні Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў сьледчым вывучыць зьмест банкаўскага сэйфа Паўла Шарамета ў Ашчадбанку і апэрацыі ягонага рахунку ў Альфа-банку. Паліцыя мяркуе, што ў банкаўскіх дакумэнтах можа знаходзіцца інфармацыя, важная для раскрыцьця злачынства і ўстанаўленьня матыву забойства.
У часе сьледзтва паліцыя ўстанавіла будынак, зь якога злачынцы маглі назіраць адначасова за прыпаркаванымі аўтамабілямі побач з домам, дзе жыў Павал Шарамет і за скрыжаваньнем, дзе аўтамабіль быў падарваны. На падставе санкцыі суду паліцыя мала правесьці агляд гэтага будынку для фіксацыі, выяўленьня і канфіскацыі рэчаў і дакумэнтаў, якія маюць важнае значэньне для дасудовага расьсьледаваньня справы.
Журналісты выкарыстоўваюць кожную публічную падзею з удзелам кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, каб даведацца пра падрабязнасьці расьсьледаваньня. Але кожны раз навіны гучаць аднолькава — прагрэсу няма, вывучаем відэазапісы, сьледчыя працуюць.
16 верасьня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка патрабаваў ад праваахоўных органаў празрыстасьці ды эфэктыўнасьці ў расьсьледаваньні забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. «Вядома, праблема, калі выбухае машына журналіста пасярод вуліцы ў цэнтры Кіева — гэта тэрарыстычны акт і гэта можа адбыцца ў любой краіне, але ўкраінскі прэзыдэнт, украінскі ўрад, украінскія праваахоўныя органы павінны паказаць эфэктыўнасьць і празрыстасьць гэтага расьсьледаваньня. Гэта вельмі важны тэст для ўнутраных органаў Украіны, як пройдзе гэтае расьсьледаваньне», — сказаў Пятро Парашэнка ў часе выступу на сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі YES.
19 верасьня стала вядома, што Генэральная пракуратура выклікала на допыт больш як 10 супрацоўнікаў украінскага Інтэрнэт-тэлебачаньня «17 канал», журналісты якога першымі апынуліся на месцы забойства Паўла Шарамета. Яны зьнялі і разьмясьцілі ў Інтэрнэце відэа, на якім Паўла выцягвалі з аўтамабіля адразу пасьля выбуху. 17 канал патлумачыў сваю апэратыўную прысутнасьць на месцы здарэньня выпадковасьцю: маўляў, журналісты вартавалі пад домам мэра Кіева Віталя Клічко, каб запісаць зь ім інтэрвію, але не ведалі, што мэра няма ў сталіцы. Віталь Клічко ў той час знаходзіўся за мяжой.
28 верасьня міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што падрабязнасьці расьсьледаваньня справы пра забойства Паўла Шарамета будуць абнародаваныя толькі пасьля атрыманьня вынікаў.
Справа Шарамета: тры мабільныя апэратары абавязаныя да 12 кастрычніка перадаць сьледзтву раздрукоўкі размоваў журналіста
Пячэрскі раённы суд Кіева абавязаў трох мабільных апэратараў — «Кіеўстар», «МТС Украіна» і «Лайфстэл» перадаць да 12 кастрычніка сьледзтву ў справе пра забойства Паўла Шарамета ўсе дадзеныя пра тэлефонныя званкі, SMS i MMS паведамленьні, а таксама пра выкарыстаньне GPRS-трафіка.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1