Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сказаў, што расьсьледаваньне забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета — гэта тэст на эфэктыўнасьць ўкраінскіх сьледчых.
«Вядома, праблема, калі выбухае машына журналіста пасярод вуліцы ў цэнтры Кіева — гэта тэрарыстычны акт і гэта можа адбыцца ў любой краіне, але ўкраінскі прэзыдэнт, украінскі ўрад, украінскія праваахоўныя органы павінны паказаць эфэктыўнасьць і празрыстасьць гэтага расьсьледаваньня. Гэта вельмі важны тэст для ўнутраных органаў Украіны, як пройдзе гэтае расьсьледаваньне», — заявіў Пятро Парашэнка 16 верасьня падчас свайго выступу на сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі YES.
Украінскі прэзыдэнт адзначыў, што асабіста ведаў Паўла Шарамета і цаніў яго прафэсійную дзейнасьць на карысьць Украіны. «Я не магу прыняць забойства Паўла Шарамета, якога я асабіста ведаў. Што я магу зрабіць — гэта за гадзіну ці за дзьве пасьля таго, як гэта адбылося — патэлефанаваць амэрыканскім партнэрам і запрасіць агентаў ФБР, каб маглі дапамагчы правесьці расьсьледаваньне, накіраваць экспэртаў, якія маглі б зрабіць усё пошукавыя працы і проста дадаць празрыстасьці ў гэтае расьсьледаваньне», — дадаў ён.
Сьледчыя будні
Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абодвух падазраваных. Сьледзтва пакуль не ўстанавіла іх асобаў.
Міністэрства ўнутраных справаў Украіны правяло службовую праверку наконт магчымай датычнасьці кіраўніка крымінальнай паліцыі Вадзіма Траяна да незаконнага сачэньня за Паўлам Шараметам напярэдадні яго забойства, але гэты факт не пацьвердзіўся.
2 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіеву дазволіў паліцыі доступ да банкаўскага сэйфу ў Ашчадбанку і да рахунку Паўла Шарамета ў Альфа-банку. Паліцыя мяркуе, што ў банкаўскіх дакумэнтах можа знаходзіцца інфармацыя, важная для раскрыцьця злачынства і ўстанаўленьня матыву забойства.
2 верасьня кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ заявіла, што сьледзтва працягвае вывучаць відэазапісы з камэраў назіраньня і дапытваць сьведак, але не прасунулася моцна ўперад. У той жа дзень стала вядома, што Пячэрскі раённы суд марудзіць з разглядам больш як 20 хадайніцтваў праваахоўнікаў пра атрыманьне санкцыі на доступ да тэлефонных размоў Паўла Шарамета, дазволу на правядзеньне ператрусу і іншае.
На пачатку верасьня Пячэрскі раённы суд дазволіў сьледчай групе правесьці агляд аварыйнага будынку, што знаходзіцца паблізу месца здарэньня і зь якога злачынцы маглі дыстанцыйна падарваць аўтамабіль беларускага журналіста. Паводле сьледзтва, з будынку па вуліцы Івана Франка, 17 было зручна адначасова назіраць за прыпаркаванымі аўтамабілямі побач з домам, дзе жыў Павал Шарамет і за скрыжаваньнем, дзе аўтамабіль быў падарваны.