Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірная місія Зьмiтра Дашкевіча ў Гомелі — прэзэнтацыя ўласнай кнігі


Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Акурат месяц таму лідэр «Маладога фронту», былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч ускалыхнуў Гомельшчыну, дый ня толькі яе, тым, што паблізу вёскі Рудня-Споніцкая Веткаўскага раёну выкапаў патрыятычны акоп, каб бараніцца ад Расеі, якая сьцягвае ў недалёкае памежнае мястэчка Клінцы свае збройныя сілы.

6 кастрычніка Зьмiцер прыехаў у Гомель выключна зь мірнай місіяй: у грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай ён прэзэнтаваў сваю кнігу «Чарвяк», напісаную ў зьняволеньні. Выдадзена кніга — у ёй укладзены аповесьць, апавяданьні ды некаторыя публіцыстычныя артыкулы — у Вільні яшчэ тры гады таму, але да гомельскага чытача яна трапіла, бадай, упершыню. Шэраг удзельнікаў прэзэнтацыі пажадалі яе набыць, ды яшчэ з аўтографам аўтара.

«Толькі на ноч не чытайце — гэта не калыханка: спаць ня будзеце», — папярэджваў аўтар.

Аўтограф папрасіў і гамяльчук Андрэй, які, як высьветлілася, адначасова з Дашкевічам знаходзіўся ў Шклоўскай калёніі. Турэмнае жыцьцё, ягоны шмат у чым бесчалавечны побыт, самі сядзельцы і паслужылі асновай для апавяданьняў.

«Калі хацелася іншы раз зубамі грызьці турэмны жалезны ложак, літаратурная праца дапамагала, — прызнаецца Зьміцер. — Наагул я для сябе зразумеў простую ісьціну: калі няма веры ў малой справе, ня будзе веры і ў вялікай. Калі мы ня здатныя закласьці падмурак, дамагчыся станоўчых зрухаў у малым, паўсядзённым, то і ў вялікіх памкненьнях ня будзем іх мець. Вось размаўляйце ўсюды, увесь час па-беларуску — і адчуеце, што нават і тут патрэбны гераічныя высілкі».

Як патлумачыў Дашкевіч, назву кнізе дала гісторыя і прызнаньне юдэйскага цара Давіда: «Я ж чарвяк, а не чалавек». Гэта ўвесь час паўтараў і адзін з сядзельцаў калёніі ў Глыбокім.

«Дык хто ён, гэты чарвяк у кнізе? І што ён мае сказаць беларусам, усяму сьвету?» — цікаўлюся ў аўтара «Чарвяка».

«Мой „Чарвяк“ — гэта я сам і, так мяркую, кожны з нас. І ён гаворыць, што з кожнай сытуацыі, якая б яна цяжкай ні была, ёсьць годнае выйсьце — яно вядзе да перамогі. Варта толькі аналізаваць жыцьцё, рабіць правільную выснову, выпраўляць шлях, калі збочыў, — і абавязкова знойдзецца пераможнае выйсьцe».

«Напэўна, цяжка ўжо дадаць нешта сваё пасьля Салжаніцына, Аляхновіча ў дасьледаваньні турэмнага жыцьця?»

«Такое пытаньне, — заяўляе малады літаратар, — сапраўды ўзьнікае: ну што ты скажаш новага пасьля Салжаніцына, Шаламава, Аляхновіча? З аднаго боку, усё дно чалавечай прыроды, мажліва, і апісана — варта нават перачытваць, каб памятаць, да чаго даводзяць зладзейскія рэжымы, якія не кіруюцца прынцыпамі маралі; да чаго даходзяць вычварэнцы, адурманеныя нейкімі ідэямі ці ўладай. Нам іншы раз здаецца, што ўсё гэта ў мінулым. А я вось сяджу ў Віцебскай турме, а там забаронена лыжкі выкарыстоўваць — і нявольнікі чэрпаюць страву футараламі ад зубных шчотак. Я ня мог уявіць, што такое можа быць у ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы. Альбо камэра ў Глыбоцкай турме, памерам 1×3 мэтры, і зэк сядзіць у ёй і два, і тры месяцы. Ня мог я такога ўявіць».

Дашкевіч апавёў таксама гамельчукам, што калі ён не займаецца палітычнай дзейнасьцю, не зьбірае подпісы за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці, то вырабляе мэблю — як індывідуальны прадпрымальнік.

А яшчэ думае, як заплаціць штраф, які наклалі на яго за рыцьцё патрыятычнага акопу пад Веткай.

«Трэба заплаціць. А пасьля мы яго прыватызуем, каб бараніць нашу Беларусь. У беларускіх ваяроў будзе ўласны абарончы рубеж», — кажа Зьміцер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG