Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі даў назву новаму альбому і анансаваў канцэрт у Вільні


Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Музы́ка Лявон Вольскі даў назву «Псыхасаматыка» новаму альбому, грошы на які ён сабраў праз інтэрнэт. Прэзэнтацыя пройдзе 3 сьнежня ў клюбе Loftas у Вільні. Квіткі ўжо зьявіліся ў продажы ў інтэрнэце. Беларусы маюць магчымасьць атрымаць бясплатныя візы на канцэрт.

Разам з Вольскім на сцэну выйдуць нарвэскія музыкі Снорэ Бэргеруд (гітара) і Сындрэ Скэе (бубны), якія запісвалі два апошнія альбомы, а таксама гітарыст Бʼёрн Холмслэнд і бас-гітарыст Алесь-Францішак Мышкевіч. Над запісам альбому працаваў нарвэскі саўндпрадусар Снорэ Бэргеруд.​

«Новы альбом робіць той жа прадусар, які рабіў „Грамадазнаўства“, але гучаньне іншае, — раней казаў Свабодзе Вольскі. — Не скажу, новае ці ня новае, але не такое. Мне здаецца, гэта крок наперад. Паглядзім, што скажуць слухачы і крытыкі».

Таксама Вольскі казаў, што зьбіраецца выдаць «Псыхасаматыку» на кампакт-дыску.

Папярэдні сольны альбом, «Грамадазнаўства», быў прадстаўлены ў сакавіку 2014 году. Таксама Вольскі з гуртом «Крамбамбуля» выдаў у кастрычніку 2015 году «Чырвоны штраль». Затым гурт «сышоў у лясы».

Бясплатная віза (бяз консульскага збору) на 2–4 сьнежня выдаецца грамадзянам Беларусі на падставе набытых у Беларусі квіткоў на канцэрт. Падаць дакумэнты трэба да 24 лістапада ўключна ў амбасадзе Літоўскай рэспублікі ў Менску (бясплатна) або ў візавых цэнтрах па месцы жыхарства (8 гарадоў Беларусі, паслуга каштуе 20 эўра). Парадак разгляду спрошчаны, таму даведак зь месца працы/навучаньня і пацьверджаньняў платаздольнасьці не патрабуецца. Арганізатары рэкамэндуюць рэгістравацца на падачу дакумэнтаў да набыцьця квіткоў і даюць падрабязную інструкцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG