Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Brutto, «Крамбамбуля» і «Дзецюкі» ў Варшаве 5 лістапада. Лагвінец будзе разьліваць піва


Канцэрт салідарнасьці зь Беларуьсю ў Варшаве, архіўнае фота
Канцэрт салідарнасьці зь Беларуьсю ў Варшаве, архіўнае фота

Тыя, хто не даедзе на канцэрт Brutto ў Гомелі 29 кастрычніка і засумаваў па «Крамбамбулі», яшчэ маюць шанец паслухаць беларускіх музыкаў у Варшаве. Арганізатары абяцаюць візавую падтрымку, першым 100 наведнікам нальюць піва асабіста палітык Алесь Лагвінец і актор Юры Жыгамонт.

«Для мяне гонар там быць, — кажа Алесь Лагвінец. — Мы паедзем камандай. Калі мая сьціплая асоба кагосьці прывабіць, я буду толькі рады».

Піва для акцыі, кажа Алесь Лагвінец, забясьпечаць арганізатары канцэрту.

Чарговы фэстываль «Партызан-рок» адбудзецца ў варшаўскім клюбе «Progresja». Ва ўдзельніках заяўленыя Brutto, «Крамбамбуля», а гарадзенскія «Дзецюкі» разам з польскім гуртам Hańba прадставяць новы супольны праект Hańbuki.

«Ідэя канцэртаў ужо ня новая, — кажа арганізатар Зьміцер Касьпяровіч. — „Дзецюкі“ і Brutto ўжо выступалі разам у Варшаве, Беластоку і нядаўна ва Ўроцлаве. Зараз мы вырашылі трошку зьмяніць фармат удзельнікаў і запрасілі „Крамбамбулю“».

Ідэя канцэртаў «Партызан-рок» вырасла з «чорнага сьпісу» музыкаў, якім фактычна забаронена граць у Беларусі. Нядаўна стала вядома, што гурту Brutto ўпершыню выдалі гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт у Гомелі 29 кастрычніка. Пакуль няма інфармацыі пра тое, ці ня будуць чыніць перашкоды канцэртам іншых музыкаў — напрыклад, Лявона Вольскага і Зьмітра Вайцюшкевіча.

Грамадзкасьць скептычна ставіцца і да пэрспэктывы пабачыць у Гомелі гурт Сяргея Міхалка. Яшчэ памятная гісторыя з «дазволеным» выступам Лявона Вольскага ў менскай кавярні 19 жніўня. У апошні момант уладальнікі паведамілі, што ў іхнай установе будзе санітарны дзень, і канцэрт з публікай перанесьлі ў галерэю tut.by

Традыцыйна тым, хто набывае квіток на канцэрты «Партызан-рок», даюць бясплатную шэнгенскую візу.

«Візавая падтрымка бясплатная, але трэба заплаціць сэрвісны збор візавага цэнтру, — кажа Зьміцер Касьпяровіч. — Мы разьлічваем на 3 тысячы беларусаў».

Квіткі ўжо даступныя ў Беларусі праз сэрвіс kvitki.by, а болей інфармацыі пра канцэрт можна знайсьці на сайце арганізатараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG