Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар, які баяўся баяцца


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

Учора сядзелі за сталом і згадвалі Віктара Івашкевіча. Тры гады ўжо мінула...

Калі каротка, Віктар быў чалавекам, які не ўцякаў. Ты адчуваў – на яго можна спадзявацца. Ня схібіць ні ў бойцы ў падваротні, ні ў міліцэйскім пастарунку, ні ў нейкіх грашовых справах, нават калі ад гэтага будзе залежаць ягоны лёс.

Неяк ён распавёў гісторыю, што паўплывала на ўсё астатняе жыцьцё.

Аднойчы школьнікамі яны зь сябрам патрапілі ў заваруху – удвох апынуліся супраць большай кампаніі старэйшых хлопцаў. Завязалася штурханіна. Яны зь сябрам давалі рады кожны сам па сабе. Пасьля разьбегліся. Прыйшоўшы дадому, Віця патрапіў на вочы бацьку. Бацька, адчуўшы ягоную разгубленасьць, пачаў дапытвацца, у чым справа. Калі Віктар распавёў, бацька запытаў:

– Дзе твой сябра?

Віктар сьцепануў плячыма.

– Дык ты што, ня ведаеш, што сталася зь сябрам?

Не пачуўшы адказу, бацька прамовіў:

– Ідзі высьвятляй, што зь сябрам, і пакуль ня высьветліш, дадому не прыходзь.

– З таго часу, – сказаў Віктар, – я баюся баяцца.

Аднойчы ў канцы 1990-ых, сьвяткуючы Дзень Волі, у самы шал стварэньня «саюзнай дзяржавы», мы з кампаніяй, дзе быў і Івашкевіч, зайшлі ў бар у Траецкім прадмесьці. Побач нешта адзначаў ўзвод курсантаў Акадэміі міліцыі разам з расейскімі гасьцямі.

Дзень Волі й саюзная дзяржава рэчы ўзаемавыключальныя. Сасьпеў канфлікт. Падняліся з-за сталоў, сталі сьценка на сьценку, курсантаў з расейцамі было нашмат болей, час абсалютна неспрыяльны. Тыя спрактыкавана акрэсьлілі Віктара як лідэра і пачалі наяжджаць. Два першыя курсанты, як наскочылі, гэтак і адскочылі ад Віктара. Калі б яны ўбачылі хоць драбінку боязі ў ягоных вачох, думаю, нас чакаў бы цяжкі вечар. А так усё скончылася разьбітай шклянкай, закрыцьцём бару й спалоханай бармэншай, якая ўсё паўтарала, што на ўсё жыцьцё запомніць, калі сьвяткуецца Дзень Волі.

Бывала, мы сустракаліся ў рэдакцыі газэты «Рабочы», якую Івашкевіч рэдагаваў. Час быў няпэўны. Моманты, калі грошай на выданьне не было зусім, рабіліся ўсё часьцейшымі.

– Бадай, гэтае пастаяннае даставаньне грошай было самае цяжкое, – распавядаў ён пазьней. – Людзі працуюць, спадзяюцца на заробак, а заробку няма й невядома, калі будзе. Пазычаў на газэту дзе толькі было можна. Жахлівае пачуцьцё, калі ўсім вінен. Ведаеш, мне ў той час сны сьніліся, што мяне зьмеі грызуць. З усіх бакоў абступаюць і грызуць.

Часам грошы браліся пад працэнты. Браліся не ў сваіх, а ў тых, хто проста мог даць. Людзі былі розныя...

Быў выпадак, калі справа магла мець сур'ёзныя наступствы.

– Прыехалі крэдыторы па пазыку, аддаваць не было чым, – распавядаў Віктар. – І перазаняць таксама не было дзе. Дзецюкі сур'ёзныя. Яны мне так спакойна кажуць, маўляў, мы цябе расьпілім, калі да такога часу грошай ня будзе.

– А зьехаць куды на час? – запытаўся я.

Віктар толькі матнуў галавой.

– Я падумаў, расьпілаваць не расьпіляць, а калі заб’юць?.. Так значыць, налёсіла.

Вытрымку ён меў жалезную. Але тады разабраліся ў апошні момант, сябры дапамаглі.

Неўзабаве газэту «Рабочы» закрылі, а Віктара Івашкевіча адправілі ў Баранавіцкую спэцкамэндатуру за вядомы артыкул «Вор должен сидеть в тюрьме».

– Ведаеш, у гэтым нават нейкая палёгка была. Стаміўся я тады страшна. Судзілі, ну й судзілі. Але адказнасьць за людзей не пякла ўжо так.

Знаёмыя баранавіцкія сядзельцы спэцкамэндатуры распавялі гісторыю пра Віктара і мясцовага аўтарытэта, які спрабаваў Івашкевіча напалохаць.

Выйшлі ў калідор, той пачаў пальцы гнуць. Віктар стаяў і курыў. Той крычэў, Віктар курыў. Пакурыў, спытаў:

– Усё?

Не пачуўшы адказу, разьвярнуўся й пайшоў.

Праз колькі дзён прыехала нейкая міжнародная журналісцкая дэлегацыя, сустрэлася з Івашкевічам. Пасьля зноў падышоў аўтарытэт:

– Віктар Антонавіч, што ж ты адразу не сказаў, хто ты. Недарэчнасьць выйшла.

– Мне складана ўцякаць, – жартаваў неяк Віктар, я надта многа важу.

Ён і праўда быў вялікі чалавек, ва ўсіх сэнсах.

Не забуду ніколі відэахроніку Дня Волі 1996 году, як Віктара і ягонага брата Яўгена міліцыянты спрабавалі зацягнуць у міліцэйскую машыну. Не раўнуючы, хмара мурашоў насела на двух волатаў. Эпічныя кадры, як Віктар адбівае брата. І адбіў, хоць сам выбрацца ўжо ня здолеў.

Не ўцякаў ён і ад хваробы. Толькі пры апошняй сустрэчы я нарэшце адчуў, што хвароба падышла надта блізка. Пачуцьцё гумару, дакладна сфармуляваныя думкі, трапныя вобразы, усё было, як раней, толькі ціск раптам стаў 60 на 40.

Гэткіх людзей, як Віктар Івашкевіч, якія не ўцякалі й не ўцякаюць, можна пералічыць па пальцах, але на іх усё й трымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG