Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скаціцца» па карʼернай лесьвіцы і выйграць. Як сталічны выкладчык перакваліфікаваўся ў правінцыйныя бармэны


Сяргей Русецкі каля шыльды пабу «Торвальд»
Сяргей Русецкі каля шыльды пабу «Торвальд»

«Я сышоў сам, але каб яшчэ крыху — і сыстэма мяне выкінула б. Надта імкліва пачала зьмяняцца сытуацыя нават у нашым рассадніку вальнадумства, „калысцы Пазьняка“, як яшчэ называлі Акадэмію мастацтваў. Давялося ўцякаць зь Менску. Маёй „творчай рэзэрвацыяй“ стаў паб у Віцебску», — малады выкладчык Сяргей Русецкі пра своечасовасьць зьмены прафэсіі.

Менш як за паўгода паб «Торвальд» стаў знакавым месцам для жыхароў Віцебску. Штовечар тут зьбіраецца «прасунутая» публіка, каб спалучыць куфаль фірмовага піва зь сяброўскай гутаркай. Назвалі месца ў гонар ісьляндзка-ірляндзкага місіянэра Торвальда Кодрансана, па мянушцы Вандроўнік, які ў 986 годзе заснаваў хрысьціянскую царкву ў Полацку.

Запраўляюць гаспадаркай Віталь Броўка і Сяргей Русецкі. Абодва прынцыпова беларускамоўныя, з выразна акрэсьленай грамадзянскай пазыцыяй.

Жартаўлівы антураж пабу
Жартаўлівы антураж пабу

Віталь — асоба, вядомая ня толькі ў горадзе, у ягоным актыве тысячы канцэртаў папулярных беларускіх і замежных гуртоў і выканаўцаў. А вось Сяргей у Віцебску параўнальна нядаўна, дагэтуль жыў у сталіцы, працаваў у сфэры навукі і асьветніцтва. Чаму прамяняў акадэмічныя пэрспэктывы на месца за барнай стойкай — далей у нашым аповедзе.

Сыстэма адукацыі выштурхоўвае «іншародцаў»

«Я ў свой час мог зрабіць карʼеру навукоўца, але сьвядома ад яе адмовіўся. Мне больш падабалася выкладаць, — кажа Сяргей Русецкі, завіхаючыся вакол кава-машыны. — Зь іншага боку, выкладчыцкая дзейнасьць зьядае ўвесь час, паралельна займацца нечым іншым амаль немагчыма. Нават абараніць дысэртацыю — і тое праблема, хоць я пасьпяхова яе напісаў, скончыў асьпірантуру Акадэміі навук па этналёгіі. Дзесяць гадоў працаваў выкладчыкам, зь іх сем — у вышэйшай школе. Гэта занятак, па якім сумую, але я яго кінуў. Выштурхнула сама сыстэма адукацыі, я проста ня мог у ёй заставацца. Давялося шукаць сябе ў іншых галінах. Уцякаючы са сталіцы, пераехаў у Віцебск. Тут працую над кнігай, крыху займаюся журналістыкай, а вечарам — паб».

Сяргей Русецкі ня пʼе кавы, але мусіць упраўляцца з кава-машынай
Сяргей Русецкі ня пʼе кавы, але мусіць упраўляцца з кава-машынай

Сяргей Русецкі прызнаецца, што дагэтуль зь Віцебскам яго нічога ня зьвязвала, аднак гэты старажытны горад на поўначы краіны яму імпанаваў заўсёды. І ўрэшце стаў ягонай «творчай рэзэрвацыяй»:

«Найперш, я шукаў спакою. І знайшоў яго тут. Гэта мая творчая рэзэрвацыя, бо працую ня толькі як бармэн і загадчык гэтага пабу, а нарэшце рэалізаваў сваю даўнюю мару — скончыў чатырохгадовую працу над грунтоўным энцыкляпэдычным даведнікам „Опэрныя сьпевакі Беларусі“. У яго ўвайшлі біяграфіі 500 выканаўцаў, якія ў нас за апошнія 400 гадоў або працавалі на опэрнай сцэне, або нарадзіліся ў Беларусі. Нічога падобнага ў іншых краінах няма, нават калі браць эўрапейскія навуковыя школы. Таму тое, што я працую бармэнам, — свайго роду кампэнсацыя страты ў выглядзе выкладчыцкай дзейнасьці. Мне не хапае зносінаў з публікай, з аўдыторыяй, зь людзьмі, і гэта своеасаблівая замена. І здаецца, што ў мяне добра атрымліваецца».

За плячыма Сяргея Русецкага — самыя розныя навучальныя ўстановы: ад падпольнага Коласаўскага ліцэю, дзе яму адразу даручылі функцыі кляснага кіраўніка, да Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

Зь ліцэйскімі выхаванцамі, клясны кіраўнік
Зь ліцэйскімі выхаванцамі, клясны кіраўнік

«Я ганаруся, што пачаў выкладчыцкую карʼеру ў Беларускім гуманітарным ліцэі, які і сёньня выклікае самыя прыемныя ўспаміны, — кажа суразмоўца. — Вельмі не хапае дуэту зь Лявонам Баршчэўскім, зь якім мы любілі разам пасьпяваць (сьмяецца). У ліцэй я прыйшоў маладым зялёным хлапцом, бяз вопыту, бяз густу, без анічога. Толькі з моцным жаданьнем працаваць. Прабачце, калі побач Лявон Баршчэўскі, Пётра Садоўскі, Міхась Тычына, Валянцін Голубеў, Уладзімер Колас ды іншыя выдатныя настаўнікі — Валянціна Сіўковіч, Вольга Дзядзюля, Уладзімер Дзіско, Людміла Марозава — працаваць дрэнна немагчыма. Гэтыя бліскучыя пэдагогі задалі такі ўзровень, што трэба было ўсё хапаць на ляту. Хоць, можа, я яму і адпавядаў, проста быў зусім зялёны. Натуральна, гэта салодкі ўспамін, які, на жаль, аддаляецца ў часе, таму моцна на ім не акцэнтуюся».

Са сваімі першымі і апошнімі ліцэістамі — а папрацаваць удалося толькі з адным наборам, і тое не да канца — Сяргей Русецкі лістуецца, сяды-тады ўжо дарослыя «дзеці» наведваюцца да яго ў Віцебск. Ня трацяцца сувязі і з калегамі па іншых навучальных установах:

З сынам Віталя Броўкі Янам
З сынам Віталя Броўкі Янам

«Пасьля ліцэя шмат дзе працаваў: ва Ўнівэрсытэце культуры, нават у Акадэміі музыкі. А найбольш — шэсьць гадоў — у Акадэміі мастацтваў. Сапраўды, свой асяродак, якому шмат даў і які шмат даў мне. Прынамсі, у тэхналягічным пляне ведаю ўсё і пра ўсе віды мастацтва, якія толькі існуюць. Пабываў у майстэрнях графікаў, жывапісцаў, скульптараў, бачыў, як усё нараджаецца, як робіцца. Ведаю ўсіх сучасных артыстаў, рэжысэраў, дызайнэраў. Гэтыя сувязі не губляюцца, да мяне дагэтуль зьвяртаюцца зь нейкімі пытаньнямі. Усе пэрыяды выкладчыцкай дзейнасьці па-свойму адметныя, хоць я самы шараговы выкладчык, нічога асаблівага, проста сумленна выконваў сваю працу. Можа, выходзіў за пэўныя межы. Я сышоў сам, але яшчэ крыху — і мяне б выкінулі, бо надта імкліва стала мяняцца сытуацыя. Нават у нашым „гнязьдзе“, у Акадэміі мастацтваў, якая заўсёды ўспрымалася як рассаднік вальнадумства, апазыцыі. Яшчэ называлі — „калыска Пазьняка“, у свой час яе скончыў Зянон Станіслававіч».

У часы выкладчыцкай дзейнасьці
У часы выкладчыцкай дзейнасьці

Атмасфэрны праект для сяброў-аднадумцаў

Ірляндзкі паб «Торвальд» быў урачыста адчынены ў гістарычным доме з характэрнай для Віцебску чырвонай цэглы ў сымбалічную дату — на сёлетні Дзень Волі, 25 сакавіка. І ўжо зарабіў сабе статус аўтарытэтнай культурніцкай пляцоўкі, пад дахам якой праведзена паўсотні разнаплянавых імпрэзаў. Фізычныя высілкі і фінансавыя ўкладаньні Віталя Броўкі, перакананы Сяргей Русецкі, згулялі абсалютна дакладна:

Віталь Броўка на піўным разьліве
Віталь Броўка на піўным разьліве

«Віталь — актыўны і вядомы чалавек ня толькі ў маштабах Віцебску. Шмат зрабіў і ў культурніцкім пляне, і ў сэнсе бізнэс-ідэй; займаўся арганізацыяй канцэртаў, і цяпер працягвае тую дзейнасьць. У свой час набыў пад дызайн-студыю гэтую кватэру. І раптам на пачатку году ў коле сяброў узьнікла ідэя: а чаму б не арганізаваць пляцоўку для аднадумцаў, каб можна было і пагаварыць, і выпіць, і нешта зьесьці? Сышліся на думцы, што месца для гэтага надзвычай атмасфэрнае. У выніку зьявіўся „айрыш паб“, які насамрэч стаў цэнтрам сустрэчы сяброў. Але кола сяброў хутка разраслося, і цяпер гэта ўжо сябры „Торвальда“. Літаральна за некалькі месяцаў паб стаў прыкметнай зьявай у жыцьці ўсяго Віцебску. Нашы дзьверы адчыніліся 25 сакавіка (то бок працуем усяго паўгода), а гэта ўжо культавае месца».

Якая публіка складае касьцяк заўсёднікаў віцебскага «Торвальда»? Ці тая, якую прынята лічыць «сьвядомай»?

Ірляндзкая сымболіка «Торвальда»
Ірляндзкая сымболіка «Торвальда»

«У нас абсалютна розная публіка, хоць, безумоўна, мы дэманструем каштоўнасьці, блізкія нам — беларускасьць, родная мова і г.д. Гэткі беларуска-ірляндзкі паб. Што да так званых сьвядомых, дык я нават ня ведаю, ці ёсьць яны ў прыродзе, бо тэрміналёгія, як кажуць, яшчэ з той эпохі. Мне цяпер беларускасьць бачыцца крыху іншай. Хваля беларусізацыі, якую мы назіраем, нават пры мяккай падтрымцы ўладаў нараджае „новых сьвядомых“, будзем называць іх так. Таму як старыя сьвядомыя, так і новыя, проста віцябляне, якія ў прынцыпе шукалі такое душэўнае месца, яго знайшлі. На жаль, Віцебск ня мае шмат цікавых адрасоў грамадзкага харчаваньня, дзе можна выпіць куфаль піва ці проста пасядзець, дзе цябе ня будуць выганяць і добра абслужаць, дзе ёсьць атмасфэра. Гэта праблема гораду. За доўгі час тут не зьявілася цікавых устаноў. Таму гараджане адэкватна адрэагавалі на наш паб, яго, без перабольшаньня, палюбілі».

Загадчык пабу «Торвальд» Сяргей Русецкі лічыць установу ўнікальнай ня толькі ў маштабах гораду, а і ўсёй краіны. Хіба што за выключэньнем Менску, дзе параўнальна нядаўна нарэшце пачалі зьяўляцца падобныя месцы:

Раніцай паб пусты, але ўвечары не праціснуцца
Раніцай паб пусты, але ўвечары не праціснуцца

«Вядома, цяжка рабіць ацэнкі дыстанцыйна, мы ўсё ж досыць аддаленыя ад сталіцы, не заўсёды ёсьць магчымасьць зь нечым параўноўваць. Але хвалебныя водгукі на свой адрас, бязь лішняй сьціпласьці, чуем пастаянна. Напрыклад, зусім нядаўна ў наш паб завітаў прафэсар з Гародні Алесь Краўцэвіч. Дык ён сказаў, што ў ягоным горадзе такіх месцаў дакладна няма і што ён вельмі хацеў бы, каб нешта падобнае нарэшце зьявілася. Само сабой, прыемна пачуць такую пахвалу з вуснаў абазнанага чалавека. Людзі зь іншых гарадоў кажуць тое ж самае. Плюс адзін з нашых напрамкаў — пэўная артыстычная дзейнасьць, арганізацыя творчых сустрэчаў, нават навуковых мерапрыемстваў. Магу сказаць, што нам гэта някепска ўдаецца, мы за паўгода правялі пад 50 розных імпрэзаў. І заўсёды ўдзельнікі адзначалі, што мы ўмеем стварыць сяброўскую атмасфэру».

Беларускай мовай — па зародках «русского мира»

Зразумела, што ня ўся каса робіцца толькі на сталых кліентах, некаторыя трапляюць выпадкова ці зь нечай падказкі. Як навічкі рэагуюць на беларускую мову, на ірляндзкі антураж зь мясцовым калярытам? Сяргей на сэкунду задумаўся, але з палёгкай выдыхнуў:

Кніжны куток
Кніжны куток

«Не прыгадаю ніводнага выпадку адмоўнай рэакцыі. Вядома, калі бачым, што чалавек зусім не разумее, пераходзім на знаёмую яму мову, адзін я магу на пяці-шасьці мовах камунікаваць. Але паверце: у Віцебску — беларускія людзі па сваёй сутнасьці. Гэта стэрэатып, што горад усходні, што тут „русский мир“, што тут расейскія сьцягі. Іх ня болей і ня меней, чым у Гомелі, Горадні ці Берасьці. У Віцебску шмат патрыётаў, і гэты патрыятызм дзякуючы цяперашняй абстаноўцы толькі ўзмацняецца. Кожны трэці чалавек на вуліцы, зь якім загаворыце па-беларуску, будзе старацца па-беларуску адказваць. Прынамсі ў нашым пабе чуем толькі падзякі. Што прыемна, людзі цалкам спакойна адказваюць па-беларуску, і ў выніку атрымліваеш Беларусь, пра якую марыш: проста спосаб, форма камунікацыі, мова зносін. А калі людзі не зьдзіўляюцца, і ты ўжо ня дзівісься, што з табой размаўляюць па-беларуску. Вядома, мы беларусізуем горад, хоць у значнай ступені і на хвалі моды на беларускасьць. Але гэта знаходзіць водгук у віцяблянаў».

Кожны кліент — чаканы: арабіст Зьміцер Сакалоўскі
Кожны кліент — чаканы: арабіст Зьміцер Сакалоўскі

Пакуль гасьцяваў у «душэўным месцы» — так гаспадары пазыцыянуюць паб «Торвальд», і такую рэпутацыю ён цалкам апраўдвае, — не заўважыў ніякай мітусьні з боку абслугі. Дакладней, афіцыянтаў не прыкмеціў увогуле. У колькі рук упраўляюцца гаспадары? Сяргей тлумачыць: адміністрацыйная пасада не вызваляе ад працы з кліентамі.

«Звычайна на зьмене 2–3 чалавекі. Справа ў тым, што мы ня дзелім — бармэн ці афіцыянт. У нас усе людзі ўнівэрсальныя, стараемся абслугоўваць наведнікаў найлепшым чынам. Натуральна, кухар. Бадай, і ўсё, больш няма работнікаў, якіх можна ўбачыць, астатнія „схаваныя“. Натуральна, ёсьць адміністратар, бухгальтар, загадчык, функцыі якога выконваю я. Але штат насамрэч вельмі малы, усяго 5–7 чалавек, і тое пару зь іх проста час ад часу дапамагаюць. А наагул гэты паб — калектыўны твор, народжаны сябрамі. Сваімі ручкамі, за свае грошы, нікога не наймалі. Штосьці ламаецца — прыходзіць сябра, рамантуе. І так ва ўсіх пытаньнях. Прыклад таго, як малымі сіламі можна рабіць вялікую справу. Разьвіваць можна і трэба, гэта ня так цяжка. Адзінае, у нашай краіне ўсё ўрэгулявана-зарэгулявана рознымі правіламі, ня так проста датрымацца ўсіх санітарных нормаў і г. д. Але бяз гэтага працаваць ня будзеш, таму мусіш выконваць».

Уцёкі гараджанаў ад «Славянскага базару»

Сяргей Русецкі кажа, што пару гадоў таму і не падумаў бы, што стане віцяблянінам, ня маючы ніякіх віцебскіх каранёў. Але за кароткі час так прыкіпеў да гораду, што перакананы: лепшага месца для жыцьця ў Беларусі папросту не існуе:

Віцебск як знак якасьці
Віцебск як знак якасьці

«Ніякай сувязі зь Віцебскам у мяне не было і няма, але горад дужа спадабаўся, і я яго палюбіў. Ведаеце, усе так кажуць, амаль ужо прымаўка: у Віцебску пажывеш — больш нікуды пераяжджаць не захочаш. Гэта горад, надзвычай камфортны для жыцьця. Ужо і сам рэклямую: прыяжджайце ў Віцебск! Вы, канечне, ня знойдзеце тут працы (сьмяецца), але для якіх-небудзь фрылансэраў, праграмэраў, якія працуюць дома, дыстанцыйна, нічога лепшага ў Беларусі папросту няма. Да таго ж гэта самы экалягічна чысты абласны цэнтар — не маленькі заштатны гарадок, і вельмі прыгожы як з пункту гледжаньня гісторыі, архітэктуры, так і прыроды, ляндшафту, навакольля. Паазерʼе — магічнае, чароўнае, проста шыкоўнае. Горад сапраўды для жыцьця. Каб яшчэ можна было зарабляць, то ўсе пытаньні наагул былі б зьнятыя. І нам зайздросьцяць: хто прыяжджае ў Віцебск — магілёўцы, гамельчукі — адпачатку ставяцца зь піетэтам. О, Віцебск!»

Апошнія чвэрць стагодзьдзя Віцебск устойліва асацыюецца з фэстывалем «Славянскі базар». Але засільле маскоўскіх гасьцей прымушае ўсё часьцей глядзець на яго як на сьвята на чужой вуліцы. Як стыкуецца лякальная беларускасьць «Торвальда» з кампаніяй на пашырэньне «русского мира»? Сяргей Русецкі лічыць, што ня трэба блытаць пагрозу з усходу і элемэнтарную безгустоўнасьць:

Творчасьць наведнікаў
Творчасьць наведнікаў

«Па шчырасьці, я ў „Базары“ ня бачу налёту „русского мира“. А бачу бескультурʼе, безгустоўнасьць, абсалютную бессэнсоўнасьць і бязглузьдзіцу. Напластаваньне розных формаў так званага мастацтва, якое насамрэч вельмі ненатуральнае, вельмі нежывое. Ніхто не сьпявае жыўцом, акрамя хіба конкурсу маладых выканаўцаў. Гаварыць пра тое, што гэта прагіб пад Расею? Хутчэй даніна традыцыі. Лукашэнка ўзяў фэстываль пад апеку, і ў той форме, у якой ён замарозіўся, яго падтрымліваюць. Ня думаю, што ўсё робіцца, каб сьцьвердзіць тут „русский мир“. Іншая справа, што і славянства не сьцьвярджаюць, бо пад славянствам разумеюць толькі ўсходніх славянаў, усе астатнія — дзеля птушачкі. Насамрэч ён не ўспрымаецца пазытыўна і мясцовымі жыхарамі. На час базару прынята ўцякаць, горад аддаецца на водкуп прыежджым. Але ня трэба думаць, што гэта нешта супэрстрашнае, усё ж лепш за „Дажынкі“. Даволі прыстойна выглядае, няма павальнага пʼянства, як, можа, уяўляецца са сталіцы. У базары няма нічога кепскага, але і нічога добрага таксама».

За беларуска-ірляндзкае сяброўства
За беларуска-ірляндзкае сяброўства

Папулярнасьць пабу «Торвальд» вымагае гаспадароў задумацца, каб пашырыць плошчы сьціплага памяшканьня на вуліцы Камсамольскай. Разглядаюцца варыянты пераезду ў гістарычны цэнтар гораду, што павінна вывесьці ўстанову на прынцыпова іншы ўзровень пазнавальнасьці і наведвальнасьці. Адзіная засьцярога — каб з узбуйненьнем пры зьмене адрасу ня зьнікла цяперашняя атмасфэра хатняй утульнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG