Расея і Беларусь працягваюць перамовы па цане на газ, канчатковы варыянт пакуль ня выпрацаваны.
Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага Мінэнэрга Аляксандар Новак, паведамляе РИА Новости.
«Пакуль яшчэ канчатковы варыянт ня выпрацаваны, і дыскусія працягваецца», — сказаў Новак журналістам, камэнтуючы перамовы зь Беларусьсю па цане на расейскі газ.
Аляксандар Лукашэнка 20 верасьня заявіў на сустрэчы зь дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгорам Рапотам пра «непрыхаваны ціск» на Беларусь з боку Расеі.
«Мы целяпаемся (інакш ня скажаш) і ўжо некалькі месяцаў ня можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расея зьнізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але ціску я не пацярплю, і беларусы таксама».