Расея адрэагуе на крытыку з боку Аляксандра Лукашэнкі спакойна і ня будзе даводзіць справу да публічнага скандалу. Але і на саступкі па газавым пытаньні ня пойдзе.
Такую думку ў інтэрвію «Свабодзе» выказаў расейскі палітоляг, намесьнік дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў.
— 20 верасьня Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў дзеяньні расейскіх уладаў, якія не пагаджаюцца з ільготнай цаной газу і скарацілі пастаўкі нафты для Беларусі. Ён паабяцаў, што свой удзел у інтэграцыйных праектах з Расеяй Беларусь будзе «аптымізаваць». Чаму Лукашэнка вырашыў выступіць з рэзкай крытыкай Крамля?
— Аляксандар Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, мітусіцца. Яшчэ 11 верасьня, выступаючы на выбарчым участку, ён выказваўся пазытыўна аб супрацоўніцтве з Расеяй — маўляў, вядома, мы з Расеяй дамовімся. Бачыце, прайшло толькі 9 дзён, як ягоная рыторыка зьмянілася амаль на супрацьлеглую. Рыторыка, безумоўна, жорсткая. Сэнс яе ў тым, што Расея павінна і далей ісьці на саступкі Беларусі, забясьпечваць яе, вырашаць яе праблемы.
Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што ў рэальнасьці беларускае кіраўніцтва, з аднаго боку, ня вельмі разумее і ня вельмі аналізуе сытуацыю, якая склалася вакол Расеі і ўнутры Расеі. Відаць, аналітычныя службы беларускага кіраўніцтва не даюць Аляксандру Лукашэнку адэкватную карціну той стратэгіі, якую выбрала зараз Расея ня толькі ў дачыненьні да краінаў постсавецкай прасторы, але і да краін, якія пазыцыянуюць сябе як саюзьнікі Расеі, той жа Беларусі. Аляксандар Лукашэнка ня мае перад вачыма зразумелай матрыцы, што і дзеля чаго робіць Расея.
Зразумела, што калі казаць проста, Лукашэнка лічыць, што Расея павінна павялічваць датацыі, пастаўкі нафты, што сёньня сур’ёзна адбіваецца на бюджэце Беларусі. Яму хочацца свае подпісы пад інтэграцыйнымі дакумэнтамі прадаваць за дзясяткі мільярдаў даляраў. Але цяпер гэта ня вельмі атрымліваецца. Прыкладна з 2014 года кіраўніцтва Беларусі само сябе запэўніла ў тым, што Расея цяпер знаходзіцца ў вельмі сур’ёзным супрацьстаяньні з Захадам і ў гэтых умовах яна пойдзе на любыя саступкі Менску, каб захаваць хаця б фармальнага саюзьніка. Гэтая ўпэўненасьць прывяла да газавага крызісу: калі Беларусь вырашыла самавольна зьнізіць цэны на газ, яна вырашыла, што Расея гэта праглыне. Але Масква не праглынула.
— Як на такія паводзіны адрэагуе Крэмль? Ці пойдзе Масква на саступкі?
— Хутчэй за ўсё, Масква паставіцца да гэтага абсалютна спакойна. Зразумела, што Расея можа і далей вырашаць гэтыя пытаньні, не сьпяшаючыся. Таму ня трэба тут чакаць нейкага скандалу, таму што Лукашэнка ў гэтым зацікаўлены — яму карысна перад Захадам паказаць, што ён знаходзіцца пад ціскам Расеі. Масква яму такой магчымасьці ня дасьць.
— На вашу думку, заявы наконт інтэграцыі — гэта проста блеф ці Лукашэнка сапраўды можа пайсьці на хаця б частковае згортваньне ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных праектах?
— Беларусь нічога ў гэтыя праекты не ўкладае, але яна за кошт гэтых праектаў жыве. Таму гэта проста шантаж. Беларусь ня здольная выйсьці з інтэграцыйных праектаў, бо гэта асудзіць яе эканоміку на развал. Таму ўсе гэтыя рытарычныя заявы нічога за сабою ня маюць, і Масква гэта цудоўна разумее.
Мы ня супраць, калі Беларусь хоча стаць сувэрэннай дзяржавай. Сувэрэнітэт азначае грошы, ён каштуе вялікія грошы. Гэта азначае пастаўкі энэрганосьбітаў па сусьветных цэнах. Мы ня супраць, калі Беларусь пачне купляць газ па такіх цэнах. Вядома, зьменяцца ўмовы доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак, то бок згортваньне інтэграцыйных праектаў прывядзе нашы адносіны на ўзровень адносінаў двух суседзяў, якія жывуць па законах міжнароднага права. Калі Беларусь да гэтага гатовая — гэта яе права.
— Расейскія СМІ фактычна не зьвярнулі ўвагу на рэзкую заяву Лукашэнкі. Чаму?
— Гэта тлумачыцца вагой Беларусі і самога Лукашэнкі ў зьнешняй палітыцы Расеі. Гэта значыць, вагі ніякай няма. Калі б такі выступ быў, напрыклад, з боку Назарбаева (а такое пэрыядычна бывае), то ён бы атрымаў вельмі моцнае гучаньне ў расейскай мэдыяпрасторы. У гэтым выпадку СМІ якраз разумеюць, што ад Беларусі нічога не залежыць. Імідж Лукашэнкі ў Расейскай Фэдэрацыі ў асноўным нэгатыўны, ён успрымаецца на ўзроўні нейкай экзотыкі накшталт Уга Чавэса. Карацей, гэта несур’ёзна.