На сустрэчы з Сынодам беларускай праваслаўнай царквы 22 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «іншыя канфэсіі мусяць узяць прыклад з БПЦ і рыхтаваць сьвятароў з грамадзян Беларусі», перадае прэс-служба Лукашэнкі.
«Тут мусяць служыць беларусы, няхай замежнікі і бязьмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве, — казаў Лукашэнка ў прысутнасьці мітрапаліта Паўла. — Зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненьні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя: вельмі шмат прыйшло сьвятароў-беларусаў у каталіцкую царкву».
На сустрэчы ня згадвалася, што Беларускай праваслаўнай царквой кіруе расеец — Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, япіскап Расейскай праваслаўнай царквы і пастаянны сябра Сьвятога сыноду РПЦ. Вядомыя беларусы асудзілі яго прызначэньне мітрапалітам у 2014 годзе. Народжаны ў Казахстане, грамадзянін Расеі абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але ці зрабіў ён гэта, на сёньня невядома.
Лукашэнка на сустрэчы з Сынодам таксама адзначыў, што разьлічвае на большую ўцягнутасьць царквы ў сацыяльны працэс, дзейнасьць праваслаўнай царквы па ўмацаваньні міжканфэсійнай згоды (выказваньне мітрапаліта Паўла пра сваю нязгоду з тымі, хто лічыць унію нацыянальнай рэлігіяй беларусаў, ня згадвалася).
Значным дасягненьнем БПЦ ён назваў выхаваньне падрастаючага пакаленьня і прыцягненьне яго да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах (накіраваньне беларускіх дзяцей ад клюбаў пры праваслаўных храмах да расейскіх нэанацыстаў ня згадвалася).