Амбасадарка Францыі ў Беларусі Дамінік Газюі напярэдадні ад`езду зь Менску ў сувязі са сканчэньнем тэрміну сваіх паўнамоцтваў расказала ў інтэрвію БелаПАН, як зьмяніліся стасункі паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам за апошнія гады.
«Наладзіць дыялёг, разгледзець пэрспэктывы супрацоўніцтва, лепш даведацца і зразумець адно аднаго — вось тыя мэты, якія перасьледавалі высокія прадстаўнікі розных краін — чальцоў ЭЗ, наведваючы Беларусь пасьля адмены санкцыяў», — сказала яна.
Газюі адзначыла, што кіраўнікі МЗС Беларусі і Францыі Ўладзімер Макей і Жан-Марк Эро сустракаліся на пачатку верасьня гэтага году ў Браціславе ў рамках нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства».
«Міністры абмеркавалі актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва паміж дзьвюма нашымі краінамі, а таксама пэрспэктывы разьвіцьця дыялёгу Беларусі і ЭЗ. Натуральна, арганізацыі падобнай сустрэчы папярэднічала скрупулёзная і карпатлівая праца, затое ёсьць вынік», — сказала амбасадарка.
Яна дадала, што сёньня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ «ужо разьвіваецца значна больш дынамічна, чым некалькі гадоў таму».
«Эўразьвяз гатовы аказваць экспэртную, тэхнічную і, па магчымасьці, фінансавую дапамогу вашай краіне», — сказала Газюі.
Дамінік Газюі ўзначальвала амбасаду Францыі ў Беларусі з восені 2013 году. Яе пераемнік Дзідзье Канэс павінен прыбыць у Менск 21 верасьня.