Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачнецца «новая эра» ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам?


Парлямэнцкія выбары ў Беларусі называлі лякмусавай паперкай, якая вызначыць хуткасьць і якасьць адносін афіцыйнага Менска з Захадам. Ці паўплывае ўваход у Палату прадстаўнікоў двух апазыцыянэрак на дыялёг з Захадам? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: Для ўладаў цяпер адкрываецца магчымасьць пачаць залаты век у адносінах з Захадам. А ўжо па яго выніках будзе бачна — ці магчымая новая эра. Парлямэнцкія выбары прайшлі спакойна, у Палату прадстаўнікоў прайшлі дзьве асобы, якіх называюць апазыцыянэркамі як у Беларусі, так на Захадзе і Ўсходзе. Замежныя СМІ падкрэсьліваюць, што гэта сталася ў Беларусі ўпершыню за 20 гадоў. Гэта мізэрны паказьнік для Беларусі, але на Захад пайшоў сыгнал — у непрызнаваным беларускім парлямэнце зьявілася апазыцыя.

Палітыка — рэч цынічная і для многіх на Захадзе гэта будзе дастаткова, каб апраўдаць свае адносіны з Палатай прадстаўнікоў і ўладай увогуле. Тут я дадам, што гэтыя адносіны пачаліся за пару месяцаў да выбараў. Напрыклад, Польшча, вядомая вельмі прынцыповай пазыцыяй да ўладаў Беларусі, пазыцыяй непрыманьня дыктатуры, непавагі да правоў чалавека, стварыла парлямэнцкую групу ў Сэйме па кантактах зь беларускім парлямэнтам. Паводле маіх крыніцай, лабістам гэтай групы быў сам сьпікер Сэйма Польшчы Марэк Кухціньскі. Ягоны намесьнік нядаўна наведаў Беларусь, візыт у адказ у Варшаву зрабіў намесьнік старшыні Палаты Прадстаўнікоў Гумінскі. Польшча фактычна скасавала набор на праграму Каліноўскага і празь некалькі дзён падпісала дамову аб супрацы з Мінадукацыяй Беларусі. І гэта робяць прадстаўнікі кансэрватыўнай партыі ПіС, якая раней была вядомая як найбольш жорсткі крытык афіцыйнага Менску.

Белсат адчынілі якраз палітыкі «Права і Справядлівасьці», радыё Рацыя была адноўлена пры «Праве і Справядлівасьці»

Белсат адчынілі якраз палітыкі «Права і Справядлівасьці», радыё Рацыя была адноўлена пры «Праве і Справядлівасьці», таксама канфлікт для Польшчы вельмі прынцыповы наконт прызнаньня ўладамі Беларусі Саюзу палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, і ён таксама разьвіваўся падчас кіраваньня «Права і Справядлівасьці». Тады гэта было непрымальна, Лукашэнка быў непрымальны, хоць ужо тады казалі пра, напрыклад, сустрэчу з Шэйманам высокага варшаўскага кіраўніцтва, але афіцыйных не было такіх адносін. Цяпер зьмяніліся часы, зьмянілася сытуацыя, напэўна, паўплывала ўкраінска-расейская вайна. Такая эўраскептычная хваля ў ЭЗ, думаю, ня толькі польская асаблівасьць будзе, гэта будзе агульнаэўрапейская асаблівасьць, бо калі зьмяняюцца такія апанэнты, як урад у Варшаве, свае адносіны ад афіцыйнага Менску, то чаму не маглі зьмяніцца іншыя ўрады?

Натуральна, напачатку гэта будуць нейкія эканамічныя пытаньні, але нават яны маюць палітычную падаплёку. Таму што бяз згоды Брусэлю, Эўрапарлямэнту, Эўракамісіі, а там ёсьць добрая воля, абсалютна санкцыі адмененыя і, бадай, ужо ня будуць адноўленыя. Усё дзякуючы гэтым так званым парлямэнцкім выбарам, і канешне тое, як гэта будзе разьвівацца, залежыць ад таго, што Менск прыдумае, які адказ ён дасьць на гэта, але ён таксама вельмі зацікаўлены ў тым, каб не сапсаваць гэтым разам шанец. Вельмі асьцярожна Менск падыходзіць і да арыштаў сваіх апанэнтаў, да апазыцыі, і тое, што яна пакуль яшчэ можа не згаджацца, будзе плюсам у дыялёгу паміж Захадам і Менскам.

Глод: Адказ на пытаньне, якое паставіў калега Гурневіч, мне падаецца, трэба пачынаць з афіцыйнай рэакцыі Эўразьвязу на беларускія выбары. Яна такая — Беларусі неабходна працягнуць працу ў рамках рэформы выбарчай сыстэмы. Так, тое-сёе тут зроблена, але шэраг ключавых рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы застаюцца нявыкананымі. Тут я найперш зьвярнуў бы ўвагу на слова «ключавыя». Яно дае ясна зразумець, што ў Брусэлі добра разьбіраюцца ў выбарчых працэсах. Так, пэўныя касмэтычныя зьмены ў Беларусі адбыліся. Але ня болей за гэта.

Паказальна, што прыкладна такой жа была рэакцыя на выбары і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там заявілі, што беларускія выбары не адпавядалі міжнародным абавязацельствам Беларусі па правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў. Праблемы добра вядомыя — непразрысты падлік галасоў, фармаваньне выбарчых камісій на безальтэрнатыўнай аснове і г.д.

іякай «новай эры» у дачыненьнях з Захадам чакаць не выпадае. Аднак тое, больш пазытыўнае стаўленьне да беларускіх уладаў з Вашынгтону і Брусэлю, якое мы назіраем пасьля канфлікту ва Ўкраіне, будзе працягвацца

Сыходзячы з гэтага, я думаю, ніякай «новай эры» у дачыненьнях з Захадам чакаць не выпадае. Аднак тое, больш пазытыўнае стаўленьне да беларускіх уладаў з Вашынгтону і Брусэлю, якое мы назіраем пасьля канфлікту ва Ўкраіне, будзе працягвацца. Захад абяцаў выказаць сваё стаўленьне да беларускіх уладаў пасьля выбараў. Дарэчы, менавіта на такім крытэры як выбары настойвала беларуская апазыцыя. Але зараз можна ўсталяваць і новы крытэр — давайце пачакаем, як пачне працу новы парлямэнт, давайце паглядзім, як там будуць ставіцца да Ганны Канапацкай і Алены Анісім. І тут, я думаю, у Захаду ёсьць пэўныя спадзяваньні на абранага дэпутата Валера Варанецкага.

Нагадаю, раней ён вызначаў міжнародную палітыку ў адміністрацыі Лукашэнкі, быў намесьнікам міністра ў МЗС, а да апошняга часу займаў дзьве пасады ў Вене — амбасадара ў Аўстрыі і кіраўніка місіі пры АБСЭ. Ён шмат каго асабіста ведае ў апараце АБСЭ, чый галоўны офіс месьціцца ў Вене. Шмат хто з міжнародных чыноўнікаў таксама ведае яго асабіста. Я мяркую, што спадар Варанецкі будзе абраны альбо намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў, альбо (у горшым выпадку) старшынём міжнароднай камісіі. А гэта выглядае прывабным для міжнародных структураў.

Калі ж ацэньваць працэс дачыненьняў афіцыйнага Менску з Брусэлем і Вашынгтонам, то, з майго пункту гледжаньня, ён будзе гэткім самым як цяпер. Ні паскараць, ні замаруджваць яго пакуль няма ніякіх бачных падстаў.

Цыганкоў: Калі праглядаць артыкулы ў заходняй прэсе, прысьвечаныя беларускай выбарчай кампаніі, фактычна ўсе з іх адзначылі тое, што ў Палату Прадстаўнікоў былі абраныя дзьве апазыцыйныя асобы. Гэта тое, што запамінаецца, гэта канкрэтны вынік, які дае падставы аналізаваць і ад яго штурхацца далей. Выбары былі недэмакратычнымі, несправядлівымі, істотнага паляпшэньня выбарчай працэдуры і практыкі не адбылося. Але гэта не навіна, і ніхто іншага тут і не чакаў.

галоўнай інтрыгай было тое, ці прапусьціць улада некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Прапусьціла, і таму гэта стала галоўным вынікам выбараў

Як выбарчая кампанія пачалася зь нерэгістрацыі, недапушчэньня прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, гэтак было і відавочна, што ўлада выбары правядзе як звычайна. Таму галоўнай інтрыгай было тое, ці прапусьціць улада некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Прапусьціла, і таму гэта стала галоўным вынікам выбараў. Адна з прычын, акрамя тых, якія мы шырока абмяркоўвалі, гэта гандаль імі з Захадам — гандляваць гэтай навіной, гэтым рашэньнем: мы зрабілі, што вы прасілі. Мы тут ня можам правесьці выбары, як вы хочаце, у нас свае нацыянальныя традыцыі, будуць казаць такія прагрэсіўныя дыпляматы, як той жа Варанецкі, бо адна справа, калі Лукашэнка даволі рэзка выказваецца, другая, калі дыпляматы, асабліва ў нефармальнай абстаноўцы, кажуць, маўляў, ня ўсё адразу. Цяпер Менск будзе чакаць нейкага кроку ў адказ. Па тых жа нефармальных крыніцах будзе ісьці інфармацыя, што Менск чакае нейкага адказу. Таму ў тых адносінах, якія склаліся, і заходнім прагматычным палітыкам гэтая лёгіка ўвойдзе ў галаву, і яны падумаюць, што крок у адказ для далейшага паляпшэньня адносінаў трэба зрабіць. Магчыма, гэта будзе фраза пра пэўнае паляпшэньне падчас правядзеньня выбараў, пазытыўная адзнака таго, што ў парлямэнце зьявілася пара апазыцыйных кандыдатаў. Адказ будзе такім жа мінімальным, як і зрабіў афіцыйны Менск.

Глод: Будуць прадаваць ня дзьвюх дэпутатак — а чатырох: бо будуць казаць, што акрамя Анісім і Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў ёсьць яшчэ адзін дэпутат апазыцыйны — ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Наогул, фэнамэнальны выпадак, калі старшыня ЛДП Гайдукевіч абраны ў Савет Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG