Вызвалены днямі са сьледчага ізалятару КДБ бізнэсовец Юры Чыж прыйшоў 17 верасьня на менскі стадыён «Трактар» на матч 22-га тура чэмпіянату Беларусі «Дынама» Менск — «Граніт», паведаміла спартовае выданьне «Прессбол».
Чыж доўгі час быў уладальнікам і старшынём назіральнай рады «Дынама», але цяпер на афіцыйным сайце клюбу яго няма ў сьпісе кіраўніцтва.
Чыж быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыязьдзе. Як распавёў Чыж Свабодзе, ён быў вызвалены 14 верасьня, хаця пра яго вызваленьне і знаходжаньне ў Бярозе хадзілі чуткі яшчэ за тыдзень да таго. Раскрываць падрабязнасьці вызваленьня Чыж адмовіўся.
Як паведаміў парталу Tut. by прэс-сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын, Чыж сапраўды вызвалены, бо прызнаў віну і сплаціў шкоду, таму адпала неабходнасьць утрыманьня яго пад вартай.
Юры Чыж знаходзіўся за кратамі з сакавіка 2016 года, яму пагражала да 7 год з канфіскацыяй.
Раней стала вядома, што шэраг аб’ектаў з маёмасьці Чыжа (гіпэрмарект «Прастор» на вуліцы Каменнагорскай і комплекс «Арэна-Сіці») быў прададзены за апошнія тры месяцы да вызваленьня. Агульная сума склала, верагодна, больш за 100 млн даляраў, хаця ўчыненая шкода, якую інкрымінавалі Чыжу, была толькі 12 млн. На думку «Ежедневника», гэта можа значыць, што бізнэсовец хацеў ня толькі сплаціць шкоду, але і прасіў Лукашэнку аб памілаваньні, за што звычайна дадаткова патрабуецца сума, большая за ўчыненую шкоду ў паўтара-тры разы.