Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 3 гады колькасьць тых, хто падхапіў ВІЧ, павялічылася ў 3 разы


У Менску пражываюць 3353 чалавекі зь ВІЧ-станоўчым статусам. Толькі за студзень — жнівень у сталіцы ВІЧ-інфэкцыяй заразіліся 425 чалавек. Паказьнік захворвальнасьці складае 21,8 на 100 тысяч насельніцтва.

З 2013 году колькасьць інфікаваных вырасла ў разы. Калі ў 2013 годзе ВІЧ «падхапілі» 222 чалавекі, у 2014 — 387, то ў 2015 — ужо 791.

«Так, мы назіраем сурʼёзнае павелічэньне — у сувязі са зьмяненьнем эпідэміялягічнай сытуацыі. Зьмяніліся шляхі перадачы інфэкцыі, зьвязаныя з наркотыкамі. Раней 60–70% выпадкаў перадачы інфэкцыі былі зьвязаныя з гетэрасэксуальнымі кантактамі, цяпер асноўныя прычыны — іньекцыйнае ўжываньне наркотыкаў.

Раней больш распаўсюджанымі былі мак, апіяты, а цяпер пайшлі сынтэтычныя наркотыкі, спайсы. Проста спайсы зусім па-іншаму ўплываюць на арганізм. Людзі перастаюць сябе кантраляваць, могуць узяць чужы шпрыц, які ўжо быў ва ўжытку. Таму іньекцыйная рызыка, палавая рызыка павялічваюцца на фоне ўжываньня такіх наркотыкаў. Тэндэнцыя такая: сёлета мы выйдзем на лічбу — каля 800 новых выпадкаў ВІЧ сёлета будзе», — прагназуе лекар-эпідэміёляг зь Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.

То бок асноўны шлях перадачы інфэкцыі цяпер — праз увядзеньне іньекцыйных наркатычных сродкаў. Прыкладна кожны трэці заразіўся полавым шляхам. Сярэдні ўзрост наноў выяўленых ВІЧ-пазытыўных пацыентаў — 34 гады. Але выпадкі сярод дарослага насельніцтва рэгістраваліся ў дыяпазоне ад 18 да 39 гадоў. У 70% выпадкаў узрост інфікаваных — ад 29 да 39 гадоў.

Сёлета зафіксаваны і адзін выпадак так званай «вэртыкальнай» перадачы захворваньня — ад маці да дзіцяці. Цяжарная жанчына не прымала антырэтравірусных прэпаратаў. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што ў 98% выпадкаў, калі ВІЧ-інфікаваная цяжарная выконвае ўсе прафіляктычныя і лекавыя мерапрыемствы, дзеткі нараджаюцца здаровыя.

Паводле інфармацыі загадчыцы аддзяленьня прафіляктыкі ВІЧ/СНІД Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Тамары Сьветагор, за ўвесь час назіраньня, з 1987 году, сярод менчукоў зарэгістравана 3858 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, зь іх 1312 у жанчын (34%), 2546 у мужчын (66%). Паказьнік распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі ў Менску складае 0,17% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Найбольшая колькасьць ВІЧ-пазытыўных пражывае ў Заводзкім (19%) і Фрунзэнскім (21%) раёнах.

З 1987 году і па 1 верасьня 2016 году ад ВІЧ-інфікаваных мацярок нарадзілася 513 дзяцей. Дыягназ «ВІЧ-інфэкцыя» пацьверджаны 36 дзецям, зь іх у 5 дыягнаставаная стадыя СНІД, адно дзіця памерла.

З розных прычын за 29 гадоў назіраньня памерла 505 інфікаваных ВІЧ. За пэрыяд з 1987 году па сёньняшні дзень у сталіцы зарэгістравана 420 выпадкаў СНІДу. У стадыі СНІД памерлі 204 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG