Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мала хто хоча бачыць у сябе на працы чалавека, які жыве зь ВІЧ»


1 сьнежня — Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам. Гэта дата адзначаецца як напамінак пра неабходнасьць спыніць глябальны распаўсюд эпідэміі. Паводле Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, у Беларусі зарэгістравана 19 406 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, жыве зь ВІЧ — звыш 15 тысяч чалавек. Найбольш такіх у Гомельскай вобласьці — 6246.

Сёлета на Гомельшчыне выяўлена 447 новых ВІЧ-інфікаваных. Па колькасьці прыросту гэта, аднак, ня першы, а другі паказьнік у краіне. Першынство забрала сталіца, дзе ад пачатку году выяўлена 664 ВІЧ-інфікаваных. Зрэшты, для ўсіх рэгіёнаў характэрны адзін і той жа спосаб заражэньня небясьпечнай інфэкцыяй.

У аддзеле прафіляктыкі ВІЧ/СНІД Гомельскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі адзначаюць, што ў грамадзтве да гэтага часу распаўсюджана думка, быццам рызыкуюць заразіцца ВІЧ-інфэкцыяй найперш наркаманы, а неабачлівыя полавыя сувязі нясуць мінімальную рызыку. Аднак гэта далёка ня так.

«Полавым шляхам людзі заражаюцца, і пераважна ва ўзросьце 30–55 гадоў. Зь іх працоўныя складаюць 40 адсоткаў, і амаль столькі ж — беспрацоўныя. Відаць, як у 1996 годзе яны выразалі газэтны артыкул, што заражаюцца наркаманы, так і перачытваюць да гэтага часу. Думаюць, што гэта іх не датычыць, бо не наркаманы», — кажа лекар-эпідэміёляг аддзелу прафіляктыкі ВІЧ/СНІД.

Паводле афіцыйнай інфармацыі аддзелу прафіляктыкі ВІЧ/СНІД, з 447 новавыяўленых жыхароў рэгіёну 93 адсоткі заразіліся менавіта полавым шляхам, у іх ліку 78-гадовы дзядуля і 76-гадовая бабуля. Маладых людзей ва ўзросьце 15–19 гадоў у групе ВІЧ-інфікаваных толькі трое.

Лекар-эпідэміёляг: «Трэба ставіцца адзін да аднаго з даверам, але давер гэты павінен быць абгрунтаваны».

Відаць, як у 1996 годзе яны выразалі газэтны артыкул, што заражаюцца наркаманы, так і перачытваюць да гэтага часу. Думаюць, што гэта іх не датычыць

Спэцыяліст мяркуе, што Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам — добрая нагода для грамадзкага асэнсаваньня праблемы. Кампанія прафіляктыкі, якую падтрымлівае і адмысловая праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, скіравана на тое, каб выйсьці на нуль новых выпадкаў ВІЧ-інфікаваньня, не дапускаць дыскрымінацыі ў дачыненьні да ВІЧ-пазытыўных жыхароў і ня мець у іх асяродзьдзі летальных выпадкаў.

Беларусі надзвычай далёка да такіх паказьнікаў. Толькі сёлета за дзесяць месяцаў у краіне памерлі 380 ВІЧ-інфікаваных, зь іх на стадыі СНІДу — 216.

Агульная колькасьць тых, хто памёр у Беларусі ад ВІЧ-інфэкцыі за гады назіраньня — 4375 чалавек, сярод іх ёсьць і дзеці.

Актывіст грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская супольнасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ» Яўген Сьпевак са Сьветлагорску лічыць, што дзеля зьмяншэньня сьмяротнасьці сярод гэтай катэгорыі людзей патрэбны новыя падыходы да лекаваньня:

«На сёньня ў нашай краіне пачынаюць лекаваньне з такога парогу, як 350 імунных клетак CD4 на мілілітар крыві. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе пачынаць лекаваньне ад узроўню 500 такіх імунных клетак — калі іх у крыві пацыента засталося пяцьсот на мілілітар. Наша краіна заплянавала перайсьці на такое лячэньне з будучага году. Думаю, што гэтага ня будзе, бо на лекаваньне адразу трэба будзе ўзяць некалькі тысяч чалавек. Па-мойму, краіна не гатовая да такіх фінансавых выдаткаў».

На думку сьветлагорца, які не хавае свайго статусу, дзяржаве трэба прыкласьці багата высілкаў, каб грамадзтва нарэшце пазбавілася ад дыскрымінацыі ў дачыненьні да ВІЧ-пазытыўных жыхароў:

«Кропкавыя зьмены ў дачыненьні да людзей, якія жывуць зь ВІЧ, адбываюцца. Але яны настолькі малыя, што ўбачыць іх няўзброеным вокам, бяз добрай оптыкі, немагчыма. Сытуацыя як была скіраваная на дыскрымінацыю, так і застаецца. Мала хто хоча бачыць у сябе на працы чалавека, які жыве зь ВІЧ. Калі дазнаюцца, што ў чалавека ёсьць гэткі дыягназ, часьцяком знаходзяць прычыны, каб не працягнуць кантракт, звольніць чалавека. Знойдуць прычыну, наўпрост не зьвязаную зь ВІЧ-інфэкцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG