У новым падручніку «Беларуская мова» для 10 клясы Нацыянальнага інстытуту адукацыі чытач Свабоды заўважыў мноства памылак у разьдзеле, зьвязаным зь беларускай трансьлітарацыяй.
На старонцы 16 (PDF) са спасылкай на Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў прыводзяцца прыклады лацінізацыі, у якіх пераблытаныя літары U і Y, а таксама G, H і Ch. Памылкі ёсьць як у электроннай, так і ў друкаванай вэрсіі.
Прыводзяцца такія напісаньні назваў:
Yshod (Ысгод, а трэба Uschod — Усход);
Park Čaliyskincaŭ (Парк Чаліыскінцаў, а трэба Čaliuskincaŭ — Чалюскінцаў);
Grušaŭka (Ґрушаўка, а трэба Hrušaŭka — Грушаўка);
Niamiga (Няміґа, а трэба Niamiha — Няміга);
Plošča Pieramogi (Плошча Перамоґі, а трэба Pieramohi — Перамогі).
Аўтар параграфу, дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ Ўладзімер Саўко сказаў карэспандэнту Свабоды, што нічога ня ведае пра памылкі і сумняецца ў іх наяўнасьці, і пажадаў пакінуць гэтае пытаньне без камэнтароў. Зьвязацца з рэцэнзэнтамі падручніка на момант публікацыі не ўдалося.
Памылкі ў трансьлітарацыі назваў дапускаюць і шматлікія дзяржаўныя сайты, на якіх зьяўляюцца «вулітса Мітскэвіцга» альбо «вулітса 50 лет ВЛКСМ стрээт» і іншыя.
Нормы трансьлітарацыі, падобныя да гістарычнай беларускай лацінкі (з папраўкамі на карысьць школьнага правапісу, «наркамаўкі»), былі прынятыя Рэспубліканскай тапанімічнай камісіяй пры Акадэміі навук у 2007 годзе. Але, як казала Свабодзе былая старшыня камісіі Валянціна Лемцюгова, ніякай адказнасьці за іх парушэньне не прадугледжваецца.