Перамовы віцэ-прэм’ераў Беларусі і Расеі Ўладзімера Сямашкі і Аркадзя Дварковіча адносна цаны на газ аказаліся безвыніковымі.
«Ня здолелі дамовіцца», — паведаміў дарадца-пасланьнік амбасады Беларусі ў Расеі Юры Ярашэвіч.
Раней Аляксандар Лукашэнка даручыў Сямашку дамовіцца з Масквой пра цану на газ за два дні.
Расея ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь з 5,3 млн тон да 3,5 млн тон. Кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандар Новак і віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч тлумачылі, што зьніжэньне зьвязанае з канфліктам па неплацяжах Беларусі за расейскі газ. Яны сказалі, што Расея ня будзе павялічваць паставак нафты ў Беларусь да таго часу, пакуль беларускі бок не пагасіць доўг за газ.
За шэсьць месяцаў Менск завінаваціўся за газ каля 300 мільёнаў даляраў.
«У нас графік скарочаны да канца году. Але калі Беларусь заплаціць, то ён адновіцца», — казаў на пачатку верасьня Дварковіч.
23 жніўня прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам казаў, што Беларусь «блізкая да дасягненьня паразуменьня з расейскімі партнэрамі ў пытаньнях фармаваньня цаны на прыродны газ і паставак нафты».
Пра тое, што Расея і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разьліку цаны расейскага газу і ў ёй ня будзе фігураваць даляр, а цана на газ зьнізіцца, 26 жніўня паведаміла газэта «Коммерсант», якая сьцьвярджала, што ў 2017 годзе цана на газ для Беларусі зьнізіцца зь цяперашніх 132 прыкладна да 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.
Газавая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй вядзецца з пачатку 2016 году. Менск настойвае на зьніжэньні кошту газу, Расея з гэтым ня згодная.
Манёнак: На саступкі мела б пайсьці Расея
Экспэрт у энэргетычнай галіне Тацяна Манёнак лічыць, што для таго, каб у справе цаны на газ дайсьці да згоды, на саступкі мусіць пайсьці Расея, а ў яе цяпер «ня тая эканамічная сытуацыя, каб рабіць падарункі Беларусі без аніякіх крокаў у адказ». Беларусь жа ня мае нічога, што магло б у цяперашняй сытуацыі зацікавіць Расею:
«Вельмі складана дамовіцца, таму што Расея шукае крыніцы паступленьня валюты. А беларускі бок разьлічваў на кампраміс што да запазычанасьці, якая ўжо дасягнула 300 мільёнаў даляраў — гэта вялікія грошы для Беларусі, якія ў нашым бюджэце не закладзеныя. Немалая сума гэта і для Расеі, таму дараваць, адкласьці ці хаця б пралянгаваць гэты доўг не атрымліваецца.
Цяпер бачым, што для Беларусі не знаходзіцца камфортнага вырашэньня гэтага пытаньня. Каб дасягнуць кампрамісу, на саступкі павінен пайсьці расейскі бок і зьнізіць цану на газ. Але выглядае, што Расея не падрыхтаваная да гэтага кроку.
Зь іншага боку, калі б Расея і наважылася пайсьці на саступкі, яна будзе патрабаваць крокаў у адказ. А што можа Беларусь даць Расеі? Ніякай істотнай магчымасьці таргавацца з Расеяй у яе ўжо няма.
Гэта разумеюць у Крамлі, і таму не чакаюць ад Беларусі крокаў у галіне прыватызацыі пэўных аб’ектаў ці ў ваенна-стратэгічным супрацоўніцтве».
Тацяна Манёнак падкрэсьлівае, што Беларусь чакае выгадных для сябе цэнаў на газ ня толькі на наступны 2017 год, але і на даўжэйшую пэрспэктыву.
«Таму тут трэба карэктаваць тыя дамовы, якія былі падпісаныя раней, у тым ліку і дамову пра адзіны рынак электраэнэргіі, які павінен запрацаваць зь лета 2017 году. Бакі нібыта папярэдне дамовіліся пра гэта, але беларускія ўмовы застаюцца вельмі прынцыповымі — зьніжэньне цаны на газ. Бо ў іншым выпадку суб’екты гаспадараньня Расеі і Беларусі будуць працаваць у розных умовах».
Калачоў: Пэрформанс са сьцягам у Маскве ацанілі, але даўгі трэба вяртаць
Тым часам маскоўскі палітоляг Канстанцін Калачоў сказаў Свабодзе, што ў Расеі ацанілі спробу беларусаў вырашыць «газавае пытаньне» праз палітычны пэрформанс на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў:
«Спартовы функцыянэр дзейнічаў са згоды або нават на замову прэзыдэнта Лукашэнкі. Таму гэта трактуецца як жэст для дэманстрацыі таго, што Беларусь — найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі. А бліжэйшым хаўрусьнікам даўгі трэба дараваць. Але на практыцы Беларусь не такая ўжо ўнікальная. Напрыклад, у Расеі вельмі цесныя адносіны з Армэніяй, якая ёсьць стратэгічным хаўрусьнікам Расеі на Каўказе».
Паводле Калачова, цяперашняя фінансавая сытуацыя ў Расеі не дазваляе дабрачыннасьці нават у дачыненьні да бліжэйшых хаўрусьнікаў:
«Даўгі трэба вяртаць. Іншая справа, што іх можна рэструктурызаваць, знайсьці дадатковыя шляхі іх вяртаньня, каб гэта ня моцна абцяжарвала даўжніка. Трэба разумець, што пэрыяд, калі Расея займалася дабрачыннасьцю, сканчаецца. Зразумела, што Расея будзе дапамагаць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — і без дабрачыннасьці тут не абысьціся, але Беларусь адчувае сябе цалкам упэўнена і вярнуць свае даўгі можа. Я мяркую, што партнэрскія стасункі дазволяць знайсьці кампрамісны варыянт вырашэньня пытаньня, але пакуль правалам чарговага раўнду перамоваў Расея дае зразумець, што з дармаедзтвам трэба канчаць».