Цыганкоў: Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасьці з расейскім бокам па пастаўках энэрганосьбітаў. Гэта адбылося падчас рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам.
«Кожны год вяртацца такім чынам да гэтых праблемаў, напэўна, наагул сумна. Канец году, а мы за мінулы год пачынаем задняй датай вырашаць праблемы забесьпячэньня краіны тым, без чаго яна жыць не можа — без энэрганосьбітаў», — заявіў прэзыдэнт. «Гэта ўжо стала такой тэмай кухонных размоваў. Думаю, гэта недапушчальна. Людзі не павінны хвалявацца», — заявіў Лукашэнка.
«Заўтра-пасьлязаўтра мы будзем працягваць гэтыя перамовы — заявіў Сямашка. — Сёньня я атрымаў даручэньне ад прэзыдэнта абмеркаваць усе тры магчымыя варыянты і выбраць найбольш аптымальны для дзьвюх краінаў. Прэзыдэнт паставіў вельмі жорсткі тэрмін: літаральна за два дні — да 14 верасьня ўключна — мы павінны выйсьці на падпісаньне пратаколу. Зацягваць далей гэты працэс нельга. Таму што зацягваньне мае выдаткі і палітычныя, і эканамічныя», — расказаў Уладзімер Сямашка. Ён адзначыў, што найбольш выгадным для Беларусі быў бы варыянт роўнадаходных цэнаў, які ў тым ліку закладзены ў раней падпісаных пагадненьнях.
Урэшце, для Аляксандра Лукашэнкі характэрнае даваньне такіх даручэньняў, якія залежаць ня толькі ад беларускіх чыноўнікаў, але і ад другога боку. А другі бок, Расея, як мы ведаем, паводзіць сябе ня надта прыемна для афіцыйнага Менску.
5 верасьня, расейскія ўрадоўцы абверглі інфармацыю, што пагадненьне ўжо дасягнутае.
Некалькі тыдняў таму «Коммерсантъ» апублікаваў інфармацыю, што нібыта ўжо пагадненьне фактычна ёсьць і хутка яно будзе падпісанае. І аналітыкі самых розных выданьняў загаварылі пра тое, што Менск перамог у газавай вайне. Паводле зьвестак «Коммерсанта», асноўным пунктам праекту пагадненьня быў пераход у разьліках на расейскі рубель, што зьніжае цану на газ прыблізна на 30%.
Але зусім нядаўна, 5 верасьня, расейскія ўрадоўцы абверглі інфармацыю, што пагадненьне ўжо дасягнутае. Расейскі бок заявіў, што ёсьць адпаведныя прапановы беларускага боку, але Расея на іх не пагадзілася. Самая непрыемная для афіцыйнага Менску сытуацыя, калі Расея з тых або іншых прычынаў падвешвае заключэньне гэтага пагадненьня.
І гэта надае верагоднасьці вэрсіі, што тут уступаюць у сілу іншыя прычыны, не зусім эканамічныя — менавіта палітычныя. І яны заўсёды прысутнічаюць у такіх газавых перамовах. Але, як выказаўся віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч, гэта толькі прапановы беларускага боку, так што пра нейкую ня тое што перамогу, а заключэньне пагадненьня гаварыць рана, і мы можам дастаткова лёгка даць прагноз, што і за гэтыя бліжэйшыя два дні мы не пачуем пераможных рапартаў.
Карбалевіч: Па-першае, цікава, чаму Лукашэнка так сьпяшаецца? Перамовы ідуць даўно, як казаў віцэ-прэм’ер Сямашка, з канца 2015 году. Ідуць павольна, бакі наносяць адзін аднаму ўдары пад дых. Беларусь адмаўляецца плаціць паводле кантракту, Расея значна скарачае пастаўкі нафты. І раптам Лукашэнка дае каманду: падпісаць пагадненьне за два дні. Зь ягонага выступу на выбарчым участку вынікае, што ён тэрмінова паслаў тэлеграму Пуціну на спэцсувязі.
Лукашэнка імкнецца выкарыстаць той рэзананс, які атрымала ў Расеі акцыя беларускіх паралімпійцаў.
Чаго раптам такая сьпешка? Думаю, Лукашэнка імкнецца выкарыстаць той эфэкт, той рэзананс, які атрымала ў Расеі акцыя беларускіх паралімпійцаў. Расейская грамадзкасьць і дзяржаўныя інстытуты РФ радасна віталі гэты скандал з расейскім сьцягам. Таму, лічыць Лукашэнка, трэба каваць жалеза, пакуль горача. Трэба пастарацца на гэтай хвалі націснуць на расейскае кіраўніцтва, каб яно пайшло на саступкі Беларусі ў газавым пытаньні.
Яшчэ адзін цікавы тэзіс, якія прагучаў з вуснаў Лукашэнкі на выбарчым участку 11 верасьня: «Расейцы, як мне здаецца, вельмі сур’ёзна пасунуліся ў гэтым пляне і гэтым самым прызналі, што беларусы мелі рацыю». То бок, як лічыць Лукашэнка, пасьля скандалу ў Рыё, РФ гатовая да саступак, каб прызнаць справядлівасьць беларускіх патрабаваньняў.
Яшчэ важны момант. Падчас сустрэчы Лукашэнкі зь Сямашкам прагучаў трохі нечаканы тэзіс. Кіраўнік Беларусі нагадаў таксама аб пастаўленай задачы мець у наяўнасьці альтэрнатыўныя варыянты: «Паўсюль павінна быць альтэрнатыва, як бы ні было складана. І па прыродным газе (гэта складаней, вядома), а па нафце тым больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Але пытаньне аб альтэрнатыўных пастаўках энэргарэсурсаў узьнікала ў мінулым толькі ў моманты вострых канфліктаў з Расеяй. Таму калі вось-вось павінны дамовіцца з РФ па газе, то навошта шукаць альтэрнатыву? Можа, гэта спосаб ціску на партнэра?
І яшчэ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падчас сустрэчы на саміце СНД у Бішкеку на гэтым тыдні, магчыма, будзе неабходна абмеркаваць нейкія пытаньні ў цэлым па беларуска-расейскіх адносінах. То бок, Лукашэнку патрэбная новая сустрэча з Пуціным. Ці то ўзьніклі новыя праблемы, ці то, зноў жа, Лукашэнка хоча тэрмінова атрымаць плату за салідарнасьць з Расеяй на Паралімпіядзе.
Дракахруст: Я згодны з вашым аналізам, Валер. Сапраўды расейскі сьцяг на Паралімпіядзе — гэта той джокер, які Лукашэнка выкідае на стол гульні. Тут справа ня толькі ў спрошчанай лёгіцы, што, маўляў, вось мы для вас зрабілі нешта добрае — цяпер вы павінны гэта аплаціць. Справа ў такім палітыка-псыхалягічным мэханізьме, што вось цяпер расейская грамадзкая думка і эліта ўспрымаюць сытуацыю такім чынам, што беларусы адзіныя абаранілі гонар Расеі. Дык калі яны такія добрыя, то трэба ж ім ісьці насустрач.
І таму ня выключана, што менавіта ў сытуацыі такіх расейскіх настрояў Лукашэнка вырашэньне гэтага пытаньня і фарсуе.
На працягу ўсяго нафта-газавага крызісу Лукашэнка ўстрымліваўся ад рэзкіх заяваў.
Варта адзначыць, што на працягу ўсяго нафта-газавага крызісу ён устрымліваўся ад рэзкіх заяваў. Калі была іх сустрэча з Пуціным у Менску ў чэрвені, пасьля яе ў прэсавым рэлізе было адзначана: прэзыдэнты вырашылі, што гэта не пытаньне іх узроўню. Цяпер высьвятляецца, што цалкам іх узроўню. І тэлефанаваньне Пуціну ад Лукашэнкі, і гутарка зь Сямашкам пра тое сьведчаць.
Але раней Лукашэнкава «зброя масавага зьнішчэньня» — яго рыторыка, разьлічаная на расейскую грамадзкую думку, не ўжывалася. Не ўжывалася таму, што не было псыхалягічнай нагоды.
А цяпер калі гэтыя два дні пройдуць і нейкі кампрамісны варыянт ня будзе дасягнуты, мяркую, што зноў прагучыць рыторыка і пра тое, як «мы разам з вамі гнілі ў акопах», як беларусы абаранілі Расею ў Рыё ў 2016-м, як пад Масквой у 1941-м, а пры гэтым «тлустыя каты» з «Газпрому» гатовыя адабраць у беларускага брата апошнюю капейку. Цяпер сытуацыя дапускае такую форму атакі.