Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына пра атмасфэру страху на выбарах: «Гэта па частцы апазыцыі»


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына аспрэчыла меркаваньне назіральніка Паўла Знаўца пра тое, што на выбарах пануе атмасфэра страху, а датэрміновае галасаваньне суправаджалася запалохваньнем выбарцаў.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец адкрыта запатрабаваў адмяніць выбары па Чкалаўскай акрузе ў Менску, дзе ён назіраў за выбарамі і быў выдалены з участку. (Гэтая акруга, паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, на 14 гадзіну была адзінай, дзе на выбары прыйшло больш за 50% выбарцаў). Лідзія Ярмошына гэтак адказала на пытаньне карэспандэнта Свабоды адносна скаргі Паўла Знаўца:

«Гэта называецца — на злодзеі шапка гарыць. Нічога ня ведала пра спадара Знаўца, такім чынам ён легалізаваўся... Што да атмасфэры страху і запалохваньня, дык гэта больш па частцы нашай апазыцыі: гэта яны любяць запалохаць, выставіць шыльдачку „люстрацыя“. Вось спадар Лагвінец даслаў пратэст на тое, што балёнчыкі раздаюць дзецям, бо дзеці не зьяўляюцца выбарцамі. Разумееце, гэта ўсё настолькі субʼектыўна, што не вытрымлівае ніякай крытыкі — такія выпадкі, пра якія вы запыталі».

Назіральнік Павал Знавец падчас датэрміновага галасаваньня спытаў у студэнтаў, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак, пра прычыны такой датэрміновай яўкі, і тыя распавялі пра запалохваньні з боку адміністрацыі навучальнай установы. Пасьля гэтага Паўла Знаўца выдалілі з участку і пазбавілі акрэдытацыі назіральніка, а ён падаў скаргу ў Цэнтравыбаркам.

Лідзія Ярмошына таксама сказала, што паводле закону на выбарчым участку назіральнікі ня маюць права праводзіць апытаньні, і ў законе няма ўдакладненьняў, тычыцца гэта вынікаў выбараў ці іншых тэмаў. «Таму Знаўца пакаралі справядліва», — мяркуе Лідзія Ярмошына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG