Сёньня ў Менску адбылося чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе.
Украіна на гэтым пасяджэньні настойвала, каб прыпыненьне агню на Данбасе, якое дзейнічае з 1 верасьня, атрымала ўстойлівы і ўсёабдымны характар. Пра гэта, у прыватнасьці, заявіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта Канстанцін Елісееў.
Фактычна, усе бакі перамоваў у Менску сёньня выказалі сваё задавальненьне выкананьнем рэжыму цішыні ў Данбасе. Прэс-сакратар прадстаўніка Ўкраіны на перамовах Дарка Оліфэр заявіла, што ён «у асноўным выконваецца». Прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама старшыня Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Ёртурул Апакан заявілі, што сытуацыя зь бясьпекай значна палепшылася. Бакі пагадзіліся, што трэба прыняць усе меры, каб цалкам забясьпечыць рэжым прыпыненьня агню.
А вось дамовіцца пра тры зоны бясьпекі на лініі судакрананьня ў Данбасе, пра што гаворка ідзе ўжо тры месяцы, не ўдалося і сёньня. Па словах мадэратара ад АБСЭ на перамовах — Марціна Сайдзіка, бакі ня могуць прыйсьці да згоды адносна тэксту рамачнага пагадненьня.
У ліпені гэтага году пасол Марцін Сайдзік разам зь іншымі заходнімі дыпляматамі абмеркавалі новую стратэгію менскіх перамоваў па Данбасе і абяцалі апублікаваць яе ў верасьні.
Гэтая прапанова сёньня была прадстаўленая на перамовах у Менску, яе абмеркавалі. Але дэталямі гэтага пляну пасол Марцін Сайдзік з прэсай пакуль не падзяліўся.
«Пакуль мы будзем яшчэ гэта абмяркоўваць. Але правільна вы кажаце — так, ёсьць новыя ідэі, новыя падыходы, і спадзяёмся, што яны будуць мець і эфэкт».
Сярод іншага, Марцін Сайдзік будзе абмяркоўваць гэтыя ідэі падчас свайго візыту ў Расею, які пачнецца заўтра. Прапановы новай стратэгіі менскіх перамоў былі адпрацаваныя на нарадах спадара Сайдзіка з каардынатарамі падгрупаў зь ліпеня 2016 году.
Падчас свайго візыту ў Маскву 8–9 верасьня спадар Сайдзік плянуе сустрэцца зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і прадстаўніком Расеі ў Трохбаковай кантактнай групе Барысам Грызловым.
Амбасадар Сайдзік так патлумачыў мэты свайго візыту ў Маскву:
«Вядома, трэба абмяняцца з расейскім бокам, як я гэта пастаянна раблю і з украінскім бокам, думкамі пра вынікі гэтага працэсу на працягу году. Хацелася б пачуць ад расейскага боку пра яго пэрспэктывы, як яны бачыць будучыню нашай працы і будучыню маёй уласнай працы».
Наступнае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы адбудзецца 21 верасьня. У яго рамках заплянаваная сустрэча міністраў энэргетыкі Расеі і Ўкраіны. Яны абмяркуюць аднаўленьне ЛЭП у зоне канфлікту. Акрамя гэтага, 21 верасьня будуць абмяркоўваць лёс уцекачоў і вострую праблему вызваленьня палонных, пра што сёньня дамовіцца не ўдалося.