Украінскі агульнанацыянальны тэлеканал «Інтэр» другі дзень у аблозе. Напярэдадні двое невядомых у масках уварваліся праз пост аховы ў адзін з будынкаў, у якім знаходзіцца кампанія «Нацыянальныя інфармацыйныя сыстэмы» па вытворчасьці інфармацыйных і аналітычных праграм для каналу «Інтэр» — «Навіны», «Падрабязнасьці», «Падрабязнасьці тыдня». Зламысьнікі падпалілі студыю і зьніклі, пакінуўшы ўжо ля ўваходу супрацьтанкавую міну. У выніку падпалу цалкам згарэла студыя праграмы «Падрабязнасьці», некалькі супрацоўнікаў атруціліся ўгарным газам. Але вяшчаньне канал не прыпыніў.
Паліцыя Кіеву адкрыла дзьве крымінальныя справы — паводле хуліганства і наўмыснага зьнішчэньня або пашкоджаньня маёмасьці. Праваахоўнікі канфіскавалі зь месца здарэньня запісы з камэр відэаназіраньня, на падставе якіх маюць устанавіць усіх удзельнікаў падзеі.
На тле нядзельнага надзвычайнага здарэньня фокус увагі зноў скіраваны на акцыю пратэсту, якая, пачынаючы з 2014 году, пэрыядычна ладзілася спачатку актывістамі Майдану, а потым і вэтэранамі антытэрарыстычнай апэрацыі. Яна адбываецца і сёньня, але ўжо каля іншага будынку тэлеканалу — галоўнага офісу на вуліцы Дзьмітраўскай у Кіеве. Больш як два гады актывісты патрабуюць ад каналу зьмяніць кантэнт: адмовіцца ад трансьляцыі расейскіх тэлесэрыялаў і іншай прадукцыі забаўляльнага характару. Удзень тут зьявіліся палаткі і шыны — традыцыйны ўжо арсэнал для акцый пратэсту ва Ўкраіне. І патрабаваньні таксама сталі больш жорсткія — спыненьне эфіру тэлеканалу.
Пра тэлеканал і яго ўласьнікаў
Тэлеканал «Інтэр» пачаў сваё вяшчаньне ў кастрычніку 1996 году на ўкраінскіх частотах расейскага каналу ОРТ (пазьней — «Першы канал»). Менавіта гэтым была абумоўленая і расейская ўласнасьць 29 адсоткаў акцыяў украінскага каналу (прыкладна паводле такой жа схемы ў 2002 годзе ў Беларусі зьявіўся тэлеканал ОНТ).
Сярод усіх украінскіх тэлеканалаў «Інтэр» мае найбольшае пакрыцьцё тэрыторыі краіны — 99,7%. Дзякуючы такім тэхнічным магчымасьцям, тэлеканал пэрыядычна стае рупарам палітычных сілаў, якія знаходзяцца то пры ўладзе, то ў апазыцыі: у сярэдзіне 90-ых — сацыял-дэмакратычнай партыі, калі адзін зь яе лідэраў Віктар Медзьвядчук узначаліў адміністрацыю прэзыдэнта Леаніда Кучмы, пасьля «Памаранчавай рэвалюцыі» — партыі рэгіёнаў, у навейшай гісторыі, пасьля «Рэвалюцыі годнасьці», — Апазыцыйнага блёку.
Толькі ў лютым 2015 году расейскія акцыі выкупіў украінскі газавы алігарх і спонсар Партыі рэгіёнаў Дзьмітры Фірташ, а ўласьнікам мінарытарнага пакету стаў былы кіраўнік адміністрацыі Віктара Януковіча, цяперашні дэпутат фракцыі «Апазыцыйны блёк» Сяргей Лёвачкін.
У апошнія два гады да працы на канале актыўна залучаліся грамадзяне Расеі — паліттэхноляг Ігар Шувалаў (паводле ўкраінскіх мэдыяў ён зьяўляецца сябрам Назіральнай рады ўкраінскага мэдыяхолдынгу Inter Media Group), расейскія журналісты Марыя Сталярова (крэатыўны прадусар выніковай праграмы навін «Падрабязнасьці тыдня», дэпартаваная з Украіны сёлета ў лютым пасьля нецэнзурных выказваньняў на адрас герояў Нябеснай сотні), Леанід Мураўёў (аўтара антыўкраінскіх матэрыялаў на расейскім «5 канале» так і не ўзялі на працу на «Інтэр» з-за вялікага грамадзкага рэзанансу), Даніла Русакоў (карэспандэнту маскоўскага бюро «Інтэра» 1 верасьня адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну).
За некалькі дзён да нападу
31 жніўня міністар унутраных спраў Арсен Авакаў публічна зьвярнуўся да Службы бясьпекі Ўкраіны ды тэлевізійнага рэгулятара — Нацыянальнай рады па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні — з патрабаваньнем адрэагаваць на інфармацыйную палітыку тэлеканалу «Інтэр». «Ваша наўпроставая адказнасьць адрэагаваць на агучаныя факты! Ідэоляг інфармацыйнай палітыкі „Інтэра“, грамадзянін Расеі Шувалаў — мае быць высланы з краіны. У дачыненьні да Лёвачкіна і яго палітычных выкармкаў на расейскія грошы неабходна правесьці непрадузятае расьсьледаваньне і публічнае абвясьціць яго вынікі», — заявіў Арсен Авакаў.
Гэтай заяве папярэднічала публікацыя ліставаньня дэпартаванай з Украіны Марыі Сталяровай з прадстаўнікамі гэтак званага Міністэрства інфармацыйнай палітыкі самаабвешчанай «ДНР», у якім узгадняліся як тэмы сюжэтаў для навінаў, гэтак і іх падача. Апроч таго, былая прадусарка «Інтэра» прызналася, што дапамагала праводзіць перадвыбарчую PR-кампанію некалькім цяперашнім парлямэнтарыям, «такім чынам пасадзіўшы ў дэпутацкія крэслы патрэбных Крамлю людзей».
Яшчэ раней, 24 жніўня, у тэлевізійнай вэрсіі сьвяточнага канцэрту, прымеркаванага да Дня незалежнасьці Ўкраіны, не прагучалі словы ўкраінскага сьпевака Аляксандра Панамарова «Слава Ўкраіне!», якімі ён прывітаў гледачоў, і адказ залі: «Героям слава!».
8 жніўня на афіцыйным сайце Прэзыдэнта Ўкраіны актывісты зарэгістравалі пэтыцыю з патрабаваньнем пазбавіць тэлеканал «Інтэр» і «Ўкраіна» ліцэнзій на вяшчаньне з-за іх антыўкраінскай пазыцыі. Але на сёньняшні дзень пад ёй не сабралі і пяці тысяч подпісаў зь неабходных 25 тысяч.
Прычыны пажару ў вэрсіях палітыкаў
Пажар на «Інтэры» адразу ж стаў галоўнай тэмай усіх палітычных дыскусій. Сярод вэрсіяў — высьвятленьне стасункаў паміж уласьнікамі каналу, якія такім чынам вырашылі закрыць канал; правакацыя, накіраваная супраць міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава; дзеяньні актывістаў-патрыётаў, якія зачакаліся рэакцыі ўладаў на антыўкраінскія праграмы «Інтэру».
«Сытуацыя вакол „Інтэра“- гэта манэта з двума бакамі, і абодва бакі ня вельмі прыемныя. Гэта бязладзьдзе, што адбылося з тэлеканалам, інакш назваць нельга, але тое, што адбывалася на самім канале, калі пацьвердзіцца і ліставаньне, якое ўсе бачылі, то з гэтым трэба таксама змагацца. І гэта справа ня толькі парлямэнту, але і СБУ», — заявіў кіраўнік фракцыі Блёку Пятра Парашэнкі (БПП) у Вярхоўнай Радзе Ігар Грыніў.
Яшчэ адзін дэпутат, былы журналіст Сяргей Лешчанка, мяркуе, што пажар на канале хутчэй за ўсё будзе інтэрпрэтаваны як замах на свабоду слова і дэмакратыю: «Я скажу шчыра, у мяне да „Інтэру“ мноства прэтэнзій, пачынаючы з таго, як ён быў набыты. Гэта ўсё трэба расьсьледаваць, але гэта маюць рабіць кампэтэнтныя органы, а не падпальваць будынак. Гэта спараджае думкі ў грамадзтве, што зь людзьмі, якія вызнаюць ня тую ідэалёгію, або рэтрансьлююць ня тыя погляды, можна распраўляцца такім сілавым спосабам. Я лічу, што гэта замах на дэмакратыю».
Сяргей Лешчанка таксама зьвярнуў увагу на трывалы канфлікт, які існаваў між уласьнікамі каналу і міністрам унутраных спраў. «У Авакава з Фірташам і Лёвачкіным — трывалы канфлікт, і „Інтэр“ займаў крытычную пазыцыю ў дачыненьні да Авакава, таму я дапускаю, што яны могуць лічыць Авакава датычным. Падзеі на „Інтэры“ могуць стаць першым буравесьнікам бурлівай палітычнай восені», — дадаў дэпутат.
Лідэрка фракцыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка ня выключыла, што за падпалам будынка «Інтэру» стаяць высокапастаўленыя асобы, і гэты інцыдэнт можа мець нэгатыўныя наступствы для Ўкраіны. «Сумневаў ні ў каго няма, што за тым, што здарылася з тэлеканалам „Інтэр“, стаяць досыць высокапастаўленыя службовыя асобы, інакш ніхто гэтага не дапусьціў бы і інакш ніхто б за 15 хвілін да таго, як гэта адбылося, не адклікаў бы паліцыю. Кожны прадпрымальнік ведае, што такога гвалту над ім не было ніколі. А цяпер пачынаюць ужо гарэць ключавыя каналы тэлебачаньня. Вы што думаеце, што вы зможаце пабудаваць тут тэзу, што гэта барацьба з Крамлём? Не, дарагія сябры, гэта прыніжэньне і зьнішчэньне Ўкраіны, таму што кожны інвэстар у сьвеце, які глядзіць на тое, што адбылося з ключавым каналам краіны, думае пра тое, несьці сюды сваю капейку ці не — у выніку ён не панясе свае грошы», — адзначыла Юлія Цімашэнка.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў генэральнаму пракурору Юрыю Луцэнку асабіста кантраляваць расьсьледаваньне пажару на тэлеканале, а міністру ўнутраных спраў Арсену Авакаву — забясьпечыць правапарадак на вуліцах Кіеву і ў цэлым ва Ўкраіне. «Недапушчальна, каб хтосьці ўрываўся, падпальваў — я ўпэўнены ў тым, што гэта ня мае ніякага дачыненьня да патрыётаў. Сёньня гэта ня менш, а нават больш шкодзіць Украіне, чым нейкія кантакты з правакатарамі. Разам з тым, абсалютна недапушчальная рэалізацыя сцэнару дзяржавы-агрэсара, калі празь фінансаваньне з Расейскай Фэдэрацыі асобныя сродкі масавай інфармацыі спрабуюць дэстабілізаваць унутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне. Але рэагаваць на гэта трэба абсалютна законным чынам», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня на нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.
Міжнародная рэакцыя
Міністэрства замежных спраў Расеі, рэагуючы на пажар на ўкраінскім тэлеканале, адзначыла: ва Ўкраіне існуюць праблемы зь бясьпекай для СМІ і журналістаў.
Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч асудзіла падпал офісу «Інтэра». «Гвалт ня можа быць адказам на нязгоду з рэдакцыйнай палітыкай, нават калі падача навін выглядае правакацыйнай і супярэчлівай», — заявіла Міятавіч і выказала занепакоенасьць тым, што 1 верасьня ва Ўкраіну не пусьцілі карэспандэнта «Інтэра» Данілу Русакова.
Злучаныя Штаты Амэрыкі заклікалі ўлады Ўкраіны правесьці стараннае расьсьледаваньне нападу. "Любая фізычная атака на СМІ ёсьць недапушчальнай. Мы падтрымліваем дбайнае расьсьледаваньне падпалу на"Інтэры" і ўважліва сочым", — паведаміла пасольства ЗША ва Ўкраіне на сваёй старонцы ў Twitter.