Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 народаў Эўропы, якія зайздросьцяць незалежнай Беларусі


Мець незалежную дзяржаву ў Эўропе — вялікая раскоша. А таму беларусам, якія маюць незалежную і вялікую па тэрыторыі краіну, зайздросьцяць мільёны чалавек. Свабода сабрала сьпіс патэнцыйных краінаў, чые народы ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе, а то і стагодзьдзе, імкнуцца да незалежнасьці*, але застаюцца ў складзе іншых дзяржаў.

Краіна Баскаў

Тэрыторыя — 21 тыс. км2

Сталіца — Більбао

Насельніцтва — каля 3 мільёнаў чалавек

У складзе Гішпаніі і Францыі

Баскі лічацца адным з найменш асыміляваных народаў Эўропы. Басконская мова не ўваходзіць ні ў індаэўрапейскую, ні ў якую іншую моўную сям’ю. Гэта так званая ізаляваная мова.

Да V стагодзьдзя нашай эры землі баскаў былі намінальна пад валадарствам Рыму. У VII–IX стст. тут існавала этнічная дзяржава — Герцагства Ваксонія. З XI ст. Паўднёвая Краіна Баскаў знаходзілася ў складзе Каралеўства Навары і Кастыліі. Гішпанская частка захоўвала сваю аўтаномію да 1836 году, француская — да 1789-га.

У 1953 годзе студэнты ўнівэрсытэту Більбао стварылі падпольную арганізацыю «Экін», што па-басконску значыць «трымацца». Яны імкнуліся да аб’яднаньня ўсіх басконскіх земляў у адзіную сувэрэнную дзяржаву.

З 1959 году радыкальнымі мэтадамі за незалежнасьць Краіны Баскаў змагаецца нацыяналістычная арганізацыя ЭТА. З 1960-х гадоў яны падрываюць пастарункі, забіваюць чыноўнікаў. Мяркуецца, што ад нападаў ЭТА загінулі больш за 800 чалавек.

Паводле канстытуцыі Гішпаніі 1978 году частка гішпанскай Краіны Баскаў атрымала часовую, а са студзеня 1980 году — сталую аўтаномію. Пасьля гэтага ЭТА праводзіла з гішпанскімі ўладамі мірныя перамовы, і ў 2006 годзе заявіла аб сталым спыненьні агню.

І хоць Краіне Баскаў была нададзеная найбольшая аўтаномія ў Гішпаніі, яна імкнецца да поўнай незалежнасьці.

Каталёнія

Тэрыторыя — 32 тыс. км2

Сталіца — Барсэлёна

Насельніцтва — 7,6 мільёна чалавек

У складзе Гішпаніі і Францыі

Каталёнія лічыцца спадкаемцам сярэднявечнага каралеўства Арагон на ўсходнім узьбярэжжы Пірэнэйскага паўвострава. У 1516 годзе Арагон быў аб’яднаны з Кастыліяй у каралеўства Гішпанія. Цалкам палітычную і юрыдычную незалежнасьць Каталёнія страціла ў 1714 годзе.

Каталёнія спрабавала аднавіць сваю незалежнасьць у 1871 годзе, потым — у 1930-я. Аднак, пасьля таго як Франка перамог у грамадзянскай вайне, Каталёнія засталася ў складзе Гішпаніі. У дыктатарскай Гішпаніі супраць каталёнцаў праводзіліся чынілі рэпрэсіі, што спрыяла папулярызацыі каталёнскага сэпаратызму.

У 1979 годзе, праз год пасьля сьмерці Франка, Каталёнія атрымала ў складзе Гішпаніі аўтаномію. З таго часу аўтаномны рэгіён мае свой урад, каталёнская мова прызнаная і мае статус афіцыйнай.

У 2006 годзе ў Каталёніі прынялі новы аўтаномны статус, пашырыўшы фінансавую самастойнасьць.

У 2009–2010 гадах тут праходзілі неафіцыйныя апытаньні-рэфэрэндумы наконт незалежнасьці Каталёніі. Звыш 90% жыхароў рэгіёну падтрымліваюць гэтую ідэю.

У 2012 годзе ў масавай маніфэстацыі пад лёзунгам «Каталёнія — новая дзяржава Эўропы» ўзялі ўдзел больш за 1 мільён чалавек.

9 лістапада 2015 году парлямэнт Каталёніі зацьвердзіў рэзалюцыю аб стварэньні незалежнай рэспублікі. Але Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў рэзалюцыю аб незалежнасьці неканстытуцыйнай.

Шатляндыя

Тэрыторыя — 77,9 тыс. км2

Сталіца — Эдынбург

Насельніцтва — 5,4 мільёна чалавек

У складзе Вялікай Брытаніі

У 843 годзе кароль Кенэт I Мак-Альпін аб’яднаў землі Паўночнай Брытаніі. Гэты час лічыцца пачаткам Шатляндыі. У 1605 годзе кароль Шатляндыі Якаў І стаў адначасова яшчэ і каралём Англіі. Да 1707 году Англія і Шатляндыя заставаліся сувэрэннымі дзяржавамі, якія кіраваліся адным манархам.

У 1707 годзе быў падпісаны Акт аб уніі паміж Англіяй і Шатляндыяй, і ўтварылася саюзная дзяржава Вялікая Брытанія. У Вялікай Брытаніі заставаўся толькі адзін парлямэнт — ангельскі, і Шатляндыя цалкам перайшла пад уладу Лёндана.

Толькі ў 1885 годзе аднавілі міністэрства па справах Шатляндыі і пасаду сакратара па справах Шатляндыі пры ўрадзе Вялікай Брытаніі.

Пытаньне аб незалежнай Шатляндыі сталі сур’ёзна абмяркоўваць толькі ў 1970-я гады, калі ў Паўночным моры знайшлі радовішчы нафты. Шатляндзкая нацыянальная партыя абвясьціла праграму «Гэта шатляндзкая нафта».

У 1979 годзе адбыўся першы рэфэрэндум за пашырэньне сваіх правоў. Шатляндцы патрабавалі большага самакіраваньня і стварэньня заканадаўчага органа, незалежнага ад Лёндана.

У 1998 годзе парлямэнт Вялікай Брытаніі прыняў Акт аб Шатляндыі. Паводле яго ў Шатляндыі ствараліся ўласны парлямэнт і адміністрацыя.

У 2007 годзе Шатляндзкая нацыянальная партыя перамагла на выбарах у парлямэнт, а 22 жніўня 2014 году адбыўся рэфэрэндум аб незалежнасьці краіны. У ім узялі ўдзел 85% насельніцтва Шатляндыі. Але 55,3% прагаласавалі супраць выхаду зь Вялікай Брытаніі.

У 2016 годзе Вялікая Брытанія прагаласавала за выхад з Эўразьвязу, у той час як Шатляндыя прагаласавала, каб застацца ў ЭЗ. З гэтай нагоды лідэр Нацыянальнай партыі заявіла, што пэрспэктыва другога шатляндзкага рэфэрэндуму аб незалежнасьці «вельмі верагодная».

Фляндрыя

Тэрыторыя — 13,5 тыс. км2

Сталіца — Брусэль

Насельніцтва — 6,4 мільёна чалавек

У складзе Бэльгіі

Фляндрыя — гэта пяць паўночных рэгіёнаў Бэльгіі. У адрозьненьне ад франкамоўных паўднёвых рэгіёнаў краіны — Валёніі, у Фляндрыі афіцыйная мова — нідэрляндзкая.

Бэльгія стала незалежнай ад Нідэрляндаў пасьля рэвалюцыі 1830 году. Гістарычна тут быў моцны францускі ўплыў, і ўсё XIX стагодзьдзе адзінай афіцыйнай мовай у Бэльгіі заставалася француская. Для абароны роднай мовы флямандцы сталі ўтвараць палітычныя партыі. У 1861 годзе ў Антвэрпэне ўтварылася радыкальна-лібэральная партыя.

Першай перамогай флямандцаў было прыняцьце Закону аб роўнасьці ў 1898 годзе. Упершыню на ўзроўні закону прызнавалася роўнасьць нідэрляндзкай мовы ў справаводзтве.

З ростам нацыяналізму ў флямандзкай частцы цягам ХХ стагодзьдзя захоўвалася напружанасьць паміж Фляндрыяй і Валёніяй. Гэта прывяло да таго, што ў краіне пачалося рэфармаваньне палітычнай сыстэмы. Бэльгія перайшла ад унітарнай да фэдэратыўнай рэспублікі ў 1980 годзе.

Разам з фэдэральным парлямэнтам у Брусэлі, Фляндрыя і Валёнія маюць уласныя парлямэнты. І хоць Бэльгія — дзяржава фэдэратыўная, паміж рэгіёнамі захоўваецца напружанасьць. Асабліва моцны флямандзкі сэпаратызм. Правыя партыі, у прыватнасьці «Флямандзкі інтарэс», заклікаюць да незалежнасьці Фляндрыі. Астатнія флямандзкія партыі лічацца ўмеранымі і выступаюць галоўным чынам за захаваньне флямандзкай мовы і традыцыяў.

Корсыка

Тэрыторыя — 8,6 тыс. км2

Сталіца — Аяча

Насельніцтва — 314,4 тысячаў чалавек

У складзе Францыі

Да таго як у 1768 годзе Корсыка перайшла да Францыі, востравам у розныя часы валодалі бізантыйцы, генуэзцы, пізанцы, арагонцы. У XVIII стагодзьдзі карсыканцы бунтавалі супраць генуэскіх уладаў, і тыя вырашылі аддаць непакорны востраў Францыі «за даўгі». Францускія войскі хутка разьбілі паўстанцаў.

Толькі ў 1919 годзе зьявіўся плян стварэньня карсыканскага парлямэнту і мясцовага ўраду. Пасьля гэтага Корсыка атрымала статус асаблівай эканамічнай зоны, але далей за аўтаномію ўрад Францыі не пайшоў.

Пасьля Першай сусьветнай вайны на Корсыцы зьяўляецца сэпаратысцкая арганізацыя «Фронт нацыянальнага вызваленьня Корсыкі» (ФНВК). Фронт імкнецца да поўнай палітычнай незалежнасьці Корсыкі. Таксама арганізацыя дабіваецца прызнаньня францускімі ўладамі «народа Корсыкі» (паводле францускіх законаў усе грамадзяне краіны лічацца французамі).

З 1970-х гадоў ФНВК вядзе тэрарыстычную дзейнасьць. Ладзіць выбухі ў грамадзкіх месцах, рабуе банкі і вымагае так званыя «рэвалюцыйныя падаткі». Пераважная большасьць нападаў адбываецца ў кантынэнтальнай Францыі, а не на самой Корсыцы.

У чэрвені 2014 году Фронт заявіў, што спыняе збройную барацьбу. Арганізацыя «вырашыла ўдзельнічаць у аднабаковым парадку ў дэмілітарызацыі і прагрэсіўным выхадзе з падпольля». У 2016 годзе ФНВК абвясьціў, што спыняе ваенныя апэрацыі, каб стварыць новы заканадаўчы сход на чале з нацыяналістамі. Пры гэтым узброеная група адмовілася складаць зброю. У ліпені 2016 году яны папярэдзілі, што рашуча адкажуць на любыя напады джыхадзістаў на Корсыцы.

Сардынія

Тэрыторыя — 24,1 тыс. км2

Сталіца — Кальяры

Насельніцтва — 1,7 мільёны чалавек

У складзе Італіі

Сардынія — другі па велічыні востраў у Міжземным моры. З 1326 да 1708 году яна ўваходзіла ў склад каралеўства Арагон, а потым — Гішпаніі. Пасьля вайны за гішпанскую спадчыну ў 1708 годзе Сардынія адышла да Аўстрыі, а ў 1720 годзе разам з П’емонтам і Савояй утварыла Сардынскае каралеўства (сталіца месьцілася ў Турыне). З 1861 году і па сёньня Сардынія ўваходзіць у склад Італіі.

Першая нацыяналістычная сардынская партыя зьявілася ў 1921 годзе. Праўда, у самыя лепшыя часы яна набірала на мясцовых выбарах ня больш за 30% галасоў.

У 1960-я левы палітык Джанджакама Фэльтрынэлі прапаноўваў зрабіць Сардынію «вольнай ад каляніялізму міжземнаморскай Кубай». Але пранезалежніцкія партыі былі зьнішчаныя італьянскай службай дзяржаўнай бясьпекі.

Рух за незалежнасьць аднавіўся ў 1980-я гады. Тут дзейнічаў «Сардынскі ўзброены рух», сябры якога выкрадалі і забівалі людзей. На востраве адбываліся тэракты. Самы вядомы зь іх — замах на Сыльвіё Бэрлюсконі ў 2004 годзе. Таксама вядомы плян вызваліць востраў пры падтрымцы Муамара Кадафі.

Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага на замову ўнівэрсытэту Кальяры ў 2012 годзе, 40% сардынцаў падтрымліваюць незалежнасьць Сардыніі, а 48% лепш хацелі б мець вялікую аўтаномію ў складзе Італіі.

У 2012 годзе ў Сардынскай Асамблеі — мясцовым парлямэнце — адбылося галасаваньне пра рэфэрэндум аб незалежнасьці. Для арганізацыі плебісцыту не хапіла аднаго голасу.

У 2014 годзе незалежніцкая група разгарнула кампанію, каб Сардынія дасягнула незалежнасьці праз далучэньне да Швайцарыі ў якасьці кантона.

Фарэрcкія астравы

Тэрыторыя — 1,4 тыс. км2

Сталіца — Торсгаўн

Насельніцтва — 48,4 тысячы чалавек

У складзе Даніі

У сярэднявеччы Фарэрскія астравы, разьмешчаныя ў Атлянтычным акіяне паміж Нарвэгіяй, Шатляндыяй і Вялікай Брытаніяй, былі населеныя нарвэжцамі. У 1388 годзе Фарэры перайшлі да Даніі.

У 1816 годзе датчане прынялі некалькі дыскрымінацыйных законаў супраць фарэрскай супольнасьці. Яны адмянілі дзейнасьць мясцовага парлямэнту — Лёгтынга. Таксама была адмененая пасада прэм’ер-міністра Фарэраў. Афіцыйнай заставалася толькі дацкая мова.

У XIX стагодзьдзі тут запачаткаваўся нацыянальны рух, найперш скіраваны на пашырэньне ўжытку фарэрскай мовы. Аднак да 1939 году фарэрскую мову было забаронена выкарыстоўваць у школе і царкве.

У 1940 годзе, пасьля таго як Трэці рэйх акупаваў Данію, брытанскія войскі занялі Фарэры. Да 1945 году Фарэры заставаліся фактычна незалежнымі ад Даніі. Гэта паспрыяла ўзмацненьню фарэрскага сэпаратызму. У 1946 годзе тут прайшоў рэфэрэндум аб незалежнасьці. 50,74% выбарцаў прагаласавалі за незалежнасьць Фарэраў.

У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел дзьве траціны насельніцтва астравоў. На гэтай падставе ўрад Даніі прызнаў вынікі несапраўднымі, і праз два дні пасьля рэфэрэндуму кароль Даніі распусьціў фарэрскі ўрад.

З 1948 году тут дзейнічае «Закон аб самакіраваньні». Мясцовыя органы ўлады маюць даволі шырокія правы. Яны адказваюць за пачатковую і сярэднюю адукацыю, падаткаабкладаньне, кантроль над паліцыяй.

Чатыры партыі, якія выступаюць за незалежнасьць, маюць 17 з 33 месцаў у фарэрскім парлямэнце. І хоць сэпаратысцкія настроі тут моцныя, эканамічна Фарэры застаюцца залежнымі ад Даніі. 10–12% мясцовага бюджэту — гэта субсыдыі з Капэнгагена. Таму мясцовыя жыхары спадзяюцца на нафту, якую замежныя кампаніі шукаюць у тэрытарыяльных водах Фарэраў.

Паўднёвы Тыроль

Тэрыторыя — 7,4 тыс. км2

Сталіца — Бальцана

Насельніцтва — 511,8 тысячы чалавек

У складзе Італіі

У 1919 годзе Італія атрымала Паўднёвы Тыроль — частку Аўстрыі — за згоду выступіць у Першай сусьветнай вайне супраць Траістага саюзу.

Фашысты, якія прыйшлі да ўлады ў Італіі ў пасьляваенныя гады, пачалі праводзіць у новым рэгіёне італізацыю. Усе населеныя пункты Паўднёвага Тыроля былі перайменаваныя на італьянскі лад. У 1938 годзе 78 тысяч чалавек былі вымушаныя зьехаць у Трэці рэйх.

Паводле мірнай дамовы з Аўстрыяй у 1947 годзе нямецкамоўным жыхарам Тыроля гарантавалі роўныя правы з італьянскамоўнымі. Паўднёвы Тыроль увайшоў у склад аўтаномнай вобласьці Трэнтына.

У гэты ж час тут быў створаны падпольны «Камітэт вызваленьня Паўднёвага Тыроля». Арганізацыя падрывала дзяржаўныя будынкі і фашысцкія помнікі. Самая вядомая акцыя камітэту — падрыў лініяў электраперадач у 1961 годзе. У выніку без электрычнасьці застаўся ня толькі сам Тыроль, але й уся поўнач Італіі.

У 1972 годзе Італія пагадзілася пашырыць самакіраваньне ў Тыролі. Разьвітаму рэгіёну дазволілі пакідаць 90% усіх падаткаў у мясцовым бюджэце.

Канчаткова пытаньне Паўднёвага Тыроля было ўрэгуляванае ў 1992 годзе. Італія дала нямецкамоўным жыхарам рэгіёну права атрымліваць адукацыю на нямецкай мове. Тырольцы часьцей сталі ўваходзіць у муніцыпальныя органы ўлады.

У 2001 годзе рэгіён атрымаў статус асобнай нямецкамоўнай правінцыі. Ён уваходзіць у эўрарэгіён Тыроль.

Сёньня ў Паўднёвым Тыролі пражывае 62,3% нямецкамоўных жыхароў, 23,4% — італьянскамоўных. Згодна з рознымі апытаньнямі, выхаду Паўднёвага Тыроля са складу Італіі жадае каля паловы насельніцтва.

Тры партыі, якія выступаюць за незалежнасьць Тыроля, маюць траціну дэпутатаў у мясцовым парлямэнце. Разам з аўтанамістамі яны ўтвараюць кіроўную кааліцыю.

Вэнэта

Тэрыторыя — 18,4 тыс. км2

Сталіца — Вэнэцыя

Насельніцтва — 4,7 мільёна чалавек

У складзе Італіі

Вэнэцыянская рэспубліка існавала з 697 году да 1797-га. У XV–XVI стагодзьдзях Вэнэцыя была самай моцнай краінай ня толькі ў Міжземнамор’і, але ва ўсёй Эўропе.

У 1797 годзе Напалеон захапіў Вэнэцыянскую рэспубліку. У 1866 годзе рэгіён Вэнэта ўвайшоў у склад аб’яднанай Італіі.

Пасьля Першай сусьветнай вайны праз эканамічны крызіс італьянскія ўлады асьцерагаліся сэпаратысцкіх настрояў у Вэнэцыі. Мясцовыя партыі патрабавалі аўтаномных органаў улады. У 1921 годзе ўпершыню прадстаўнік ад вэнэцыянскай партыі прайшоў у Палату дэпутатаў.

У 1960-я гады рэгіяналісты сталі зноў набіраць моц. Да моўных прэтэнзіяў дадаліся эканамічныя. У 1970-я гады ў Вэнэце пачаўся эканамічны бум. Аднак большая частка падаткаў з паўночных тэрыторыяў Італіі ішла ў агульнарэспубліканскі бюджэт.

Для абароны інтарэсаў Вэнэцыянскага рэгіёну ў 1980 годзе ўтварылася Ліга Вэнэта. Яна стала першай рэгіяналісцкай партыяй на поўначы Італіі.

Паводле розных апытаньняў, каля паловы жыхароў Вэнэта падтрымліваюць ідэю незалежнасьці ад Рыму. У апошнія гады незалежніцкія настроі тут узмацняюцца.

У 2012 годзе ў Вэнэцыі зьбіраліся правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці. У 2013 годзе арганізавалі онлайн-галасаваньне, у якім 89% выказаліся за незалежнае Вэнэта. Арганізатары сьцьвярджалі, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел 63,2% выбаршчыкаў. Іншыя крыніцы кажуць, што толькі 3,6%.

У лістападзе 2016 году ў Італіі пройдзе агульнарэспубліканскі канстытуцыйны рэфэрэндум. Вэнэцыянскія ўлады прапануюць спалучыць зь ім і мясцовы рэфэрэндум, які б надаў Вэнэта аўтаномію і пашырыў самакіраваньне.

Баварыя

Тэрыторыя — 70,5 тыс. км2

Сталіца — Мюнхэн

Насельніцтва — 12,8 мільёна чалавек

У складзе Нямеччыны

Гістарычна Баварыя заўжды была бліжэйшая да каталіцкай Аўстрыі, чым да пратэстанцкай Прусіі. Але пасьля паразы ў аўстра-прускай вайне яна ў 1871 годзе ўвайшла ў склад аб’яднанай Нямеччыны.

Сваю незалежнасьць ад Нямеччыны Баварыя абвясьціла пасьля Першай сусьветнай вайны. 6 красавіка 1919 году зьявілася Баварская Савецкая Рэспубліка. Праўда, праіснавала яна літаральна месяц.

Пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны Баварыя прапаноўвала Аўстрыі стварыць адзіную дзяржаву. У прыватнасьці, баварскія ўлады былі зацікаўленыя ў рэгіёнах Верхняя Аўстрыя і Паўночны Тыроль.

У 1923 годзе баварскія манархісты спрабавалі ўзяць уладу ў свае рукі і аднавіць незалежную Баварыю. Але нацысцкая партыя, якая толькі набірала моц, перашкодзіла аддзяленьню Баварыі.

Калі нацысты прыйшлі ў Нямеччыне да ўлады, яны разагналі спачатку «баварскіх сэпаратыстаў», а потым і ўвесь баварскі парлямэнт.

Баварскі нацыяналізм узмацніўся ў канцы Другой сусьветнай вайны. Нацыяналісты спадзяваліся, што саюзьнікі падтрымаюць іх у справе стварэньня незалежнай Баварыі. У выніку зямля атрымала вялікую аўтаномію ў складзе фэдэратыўнай Нямеччыны.

Сэпаратысцкая Баварская партыя мела вялікі ўплыў у 1950-я. Потым яе пазыцыі аслаблі, і прадстаўнікі Баварскай партыі набіралі на фэдэральных выбарах лічаныя адсоткі.

Баварцы заўжды падкрэсьліваюць сваю ідэнтычнасьць. Большасьць насельніцтва тут згодная з тым, што Баварыя — частка Нямеччыны, але ў апошнія гады тут узмацняюцца незалежніцкія настроі. Асабліва з пачаткам міграцыйнага крызісу ў Эўропе і выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу.

*Пры падрыхтоўцы матэрыялу ўлічваліся толькі дзейныя рэгіяналісцкія і сэпаратысцкія рухі, мэтай якіх — найперш незалежнасьць, а не ўзьяднаньне зь іншымі краінамі. Так, напрыклад, нацыяналістычны рух у Паўночнай Ірляндыі імкнецца зьліцца з Рэспублікай Ірляндыяй, а кіраўніцтва Прыднястроўя спадзяецца на адзіную краіну з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG