Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Сільвэр – праверка ўсіх нас на «слабо»


Пікет у падтрымку Пальчыса каля суду
Пікет у падтрымку Пальчыса каля суду

Замяніце ў тэкстах сайта «1863» слова «расейскі» на «літоўскі». У тых тэкстах, дзе вядзецца пра расейскую пагрозу для Беларусі, пра імавернае жаданьне Расеі анэксаваць Беларусь. «Літоўская пагроза», «літоўская агрэсія» – абсурд, кляўнада, ганебшчына для судовай сыстэмы. А вось са словамі «расейскі», «Расея» – сур'ёзная сапраўдная крымінальная адказнасьць. Хоць у абодвух выпадках вялося б пра «распальваньне нацыянальнай варожасьці».

У прынцыпе, аўтар сайта Эдуард Пальчыс (Джон Сільвэр) на энтузіязьме працаваў на абарону Рэспублікі Беларусь. Рабіў, як умеў, сам-адзін такія рэчы, якімі мусілі б займацца спэцыяльна навучаныя людзі дзяржаўных структураў. Але спэцыяльна навучаныя людзі рэпрэсуюць Эдуарда Пальчыса.

У пошуках адказу на пытаньне «Навошта беларускім уладам новы палітвязень?» калегі прыходзяць да высновы, што каб нагадаць Захаду пра сваю незалежнасьць у прыняцьці рашэньняў і зрабіць «саюзьніцкі» ківок у бок РФ.

Эдуард Пальчыс зручны тым, што гуляў бяз правілаў, дазваляў сабе рэзкі стыль выказваньняў, часам з моцнымі словамі і карцінкамі. Магчыма, разьлік уладаў – на тое, што такога непрычасанага хвулігана цяжка будзе бараніць, але лёгка абляпіць ярлыкамі.

Важна памятаць, што ад пачатку перасьледу Сільвэра мінула два гады. Магчыма, сьпярша матывацыя ўладаў была банальнай – пакараць у прыклад іншым занадта «борзага» адзіночку, які хутка набраў папулярнасьць і тым самым паставіў пад сумнеў фінансаваньне такой колькасьці «спэцыяльна навучаных людзей».

Але за два гады шмат што зьмянілася ў геапалітыцы наагул, і вакол Беларусі ў прыватнасьці. Выпушчаныя зь вязьніцаў палітзьняволеныя. Грамадзка-палітычных актывістаў караюць штрафамі, а ня кратамі, дый тое млява, без фанатызму. Грошай няма (с). Ідзе пошук аднаўленьня стасункаў з Захадам. Расея фармуе вайсковыя структуры на мяжы зь Беларусьсю. А блогера Джона Сільвэра трымаюць на Валадарцы.

У адрозьненьне ад Літвы, РФ – як бы саюзьнік, прынамсі, фармальна. А Эдуард Пальчыс у рэчышчы сучаснай расейскай ідэалёгіі – «русафоб». Нельга вось проста папрасіць саюзьніка выдаць «русафоба», а пасьля выпусьціць на волю. Гісторыя з сэрыі нявыкрутак беларускага кіраўніцтва, бо ўсе, хто чытаў сайт «1863», разумеюць, што не было там экстрэмізму і пагатоў парнаграфіі.

Рэзкі стыль быў – так. Дык рэзкі стыль можна пабачыць у беларускім ТВ-эфіры, калі рэтрансьлюецца расейскае ток-шоў, дзе вядомы пэрсанаж прапануе зьнішчыць Эўропу, ці наагул ўсіх закідаць ядзернымі бомбамі. Што зробіш – «стыль» такі.

Калі каротка, Эдуард Пальчыс у сваім блогу «1863» выкрываў імпэрскую і шавіністычную сутнасьць беларускага «саюзьніка» –Расеі. А таксама падімпэрскую і падшавіністычную сутнасьць ідэалёгіі сучаснай РБ. Рабіў справу без эківокаў, адкрыта казаў: «А кароль – голы».

Да свайго турэмнага этапу ў жыцьці Эдуард Пальчыс гуляў супраць правілаў. Таму нават перад праваабаронцамі цяпер стаіць пытаньне – ці палітвязень блогер Джон Сільвэр?

Блогер, які нас усіх бярэ на «слабо».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG