Падчас казаньня перад вернікамі выступіў сьвятар, які адслужыў першую службу ў Івацэвічах. Айцец Ігар, які цяпер ўзначальвае парафію сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Берасьці, нагадаў, што 20 гадоў таму было спадзяваньне на рост колькасьці вернікаў і хуткае пашырэньне грэка-каталіцкай царквы. Але ў выніку гэта ня спраўдзілася. Зь іншага боку, на яго думку, царква аб’яднала інтэлігенцыю і моладзь, займае істотнае месца ў культурным жыцьці краіны.
Галоўнай жа прычынаю таго, што ўніяцкая царква ня стала шматлюднай, зьяўляецца адсутнасьць месцаў для малітвы, казаў айцец Ігар. Афіцыйна грэка-каталікі маюць толькі дзьве культавыя пабудовы. Таму нават падчас адзначэньня 20-годзьдзя існаваньня парафіі Маці Божай Жыровіцкай, Боская літургія праводзілася ў Івацэвіцкім касьцёле сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.
Тым ня менш адным з вынікаў існаваньня ўніяцкай парафіі ў Івацэвічах стала высьвячэньне з гэтага гораду двух сьвятароў: айца Андрэя Крата, якія зьяўляецца пробашчам у Горадні, і айца Сяргея Стасевіча, які працягвае ў Лёндане справу айца Аляксандра Надсана.