Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 15 гадоў ад моманту аднаўленьня дзейнасьці Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы


Сяргей Абламейка, Прага (эфір 12 лістапада) Новая перадача сэрыі "Сымбаль Веры".

Гэтымі днямі беларускія грэка-католікі (або уніяты) адзначаюць 15-годзьдзе аднаўленьня дзейнасьці сваёй царквы ў Беларусі. З тэалягічнага пункту гледжаньня царква зьяўляецца містычным целам Хрыста і, адначасова, супольнасьцю сьвятароў і вернікаў. І калі ў нейкай краіне застаюцца нават нешматлікія вернікі нейкай царквы, лічыцца, што царква існуе.

Пасьля скасаваньняў Уніі царскімі ўладамі ў 1839 і 1875 гадах, а таксама пасьля скасаваньня так званай Нэа-уніі савецкімі ўладамі у 1946 годзе на Львоўскім саборы, у Заходняй Беларусі заставаліся вернікі, якія ніколі не адмовіліся ад сваёй царквы. У 60-70 гады ХХ стагодзьдзя да іх патаемна прыяжджалі сьвятары з Украіны. Таму беларускія грэка-католікі ўважаюць, што 15 гадоў назад адбылося толькі аднаўленьне легальнай пастырскай дзейнасьці іх царквы ў Беларусі.

І вось у сёньняшняй перадачы мы прапанавалі кіраўніцтву БГКЦ ацаніць дзейнасьць Царквы за прайшоўшыя 15 гадоў. Але напачатку дамо слова кіраўніку аддзелу релігіяў Камітэту рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандру Калінаву. Пра сёньняшні стан Грэка-Каталіцкай царквы зь ім размаўляў наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі.

(Карэспандэнт: ) “Колькі на сёньня ў Беларусі зарэгістравана уніяцкіх парафіяў?”

(Калінаў: ) “Трынаццаць. 3 у Берасьцейскай, 3 у Віцебскай, 1 у Гомельскай, 2 у Гарадзенскай, 1 у Магілёўскай, 1 у Менскай абласьцях, і 2 у горадзе Менску. Усяго 13”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, які рэальны юрыдычны стан Царквы?”

(Калінаў: ) “Зарэгістраваныя рэлігійныя абшчыны. Вось і ўсё, увесь юрыдычны статус”.

(Карэспандэнт: ) “Зарэгістраваныя парафіі, але не зарэгістраваная сама Царква. Скажыце, чаму гэта адбываецца так?”

(Калінаў: ) “У нас ёсьць розныя формы рэлігійных арганізацыяў. Ёсьць рэлігійнае аб’яднаньне, рэлігійная місія, духоўныя навучальныя установы, манастыры, сястрыцтвы, брацтвы, абшчыны – вось формы рэлігійных арганізацыяў. Яны зарэгістравалі такую форму рэлігійнай арганізацыі – абшчына. Трынаццаць абшчынаў. Самі заснавальнікі рэгіструюць арганізацыю, дзяржава зьдзяйсьняе толькі працэдуру. Бо рэлігійныя арганізацыі – гэта добраахвотныя аб’яднаньні грамадзянаў. Рэлігійнае аб’яднаньне – аб’яднаньне грамадаў для садзеяньня вернікам у іх веравызнаньні. Нармальныя да іх адносіны і на мясцовым узроўні, і ў нас у Камітэце з кіраўнікамі гэтых абшчынаў. Ніякіх праблемаў не паўстае. Вось, што я магу сказаць”.

Як бачыце, прадстаўнік беларускіх уладаў заяўляе, што з грэка-католікамі праблемаў няма.

Мы таксама зьвярнуліся да Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека з просьбай ацаніць вынікі прайшоўшых 15-ці гадоў.

(Гаек: ) "Восень 1990 году – гэта быў час першых больш-менш маштабных публічных сустрэчаў беларускіх грэка-католікаў. Годам раней, 12 лістапада 1989 году, група грэка-католікаў зь Менску і іншых гарадоў сьвяткавала ў Барунах з айцом Янам Матусевічам сьвята Сьвятога Язафата. Але толькі ў 1990 годзе прадстаўнікі розных суполак сабраліся ў Віцебску, каб на Ўсьпенскай горцы – месцы забойства Сьвятога Язафата, усталяваць памятны крыж. Крыжа тады ўсталяваць не ўдалося, але, тым ня менш, гэта была важная сустрэча. Крыху раней, 19 кастрычніка 1990 году, ад мітрапаліта Львоўскага Ўладзімера Стэрнюка была атрыманая грамата на арганізацыю парафіі ў Менску. Насамрэч, можна сказаць, што адраджэньне душпастырскай дзейнасьці ўсёй царквы зьвязана з арганізацыяй парафіі ў Менску. Таму сёлета мы адзначаем 15 гадоў з часу аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці Грэка-Каталіцкай царквы ў Беларусі. Важна адзначыць, што мы гаворым пра аднаўленьне ДЗЕЙНАСЬЦІ царквы, але не самой царквы. Мы не прызнаем, каб нейкая акупацыйная ўлада – савецкая ці нямецкая, магла ліквідаваць царкву, якая мае ня толькі арганізацыйны, але і духовы характар.

Калі сёньня мы глядзім на гэтыя 15 гадоў, канечне, паўстае пытаньне – што мы маглі зрабіць за гэты час і чаго мы не маглі зрабіць? Перш за ўсё, дзякуем Госпаду за тое, што мы, пасьля гэтых 15 гадоў, ёсьць. Бо ўжо 10 гадоў назад у друку нас або зусім ігнаравалі, або пісалі пра нас дрэнна. Сёньня мы дамагліся нейкага месца ў беларускім грамадзтве. Вядома, гэта нялёгкае месца, тым ня менш прызнаецца, што грэка-католікі ў Беларусі ёсьць.

Іншая справа, што рух адраджэньня Грэка-Каталіцкіх супольнасьцяў перарадзіўся ў нармальнае парафіяльнае жыцьцё. Арганізаваліся парафіі, спачатку быў вялікі ўклад сьвецкіх вернікаў, а пасьля надышла чарга вельмі цяжкай і шырокай працы сьвятароў. Сёньня 13 нашых зарэгістраваных парафіяў і наступны дзясятак супольнасьцяў яшчэ не зарэгістраваных вядуць больш-менш нармальнае душпастырскае жыцьцё. Вядома, умовы ёсьць далёкія ад нармальных, тым ня менш душпастрыская праца разьвіваецца. Нейкім знакам і плёнам гэтай працы ёсьць пакліканьні. Цяпер мы маем 15 сэмінарыстаў, якія вучацца, на жаль, па-за Беларусьсю – на Ўкраіне, у Польшчы. У параўнаньні з нашымі лацінскімі братамі, гэта не малая лічба.

Вялікім дасягненьнем нашай Царквы ёсьць тое, што мы можам служыць цалкам па-беларуску, і тут вялікі ўклад і вялікая падзяка беларускай Каталіцкай місіі ў Англіі і Апостальскаму Візытатару для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцу мітрату Аляксандру Надсану. Дзякуючы яго вялікай і адданай працы, мы можам служыць па-беларуску. Удалося нам выдаць і малітоўнік... Так што, гэта мінімум нармальнай працы.

Маем таксама нейкую нармалізацыю нашых адносінаў з праваслаўнымі братамі, што таксама нясе сваю вартасьць. Гэтыя адносіны яшчэ ня ёсьць такімі, як бы мы хацелі – вельмі часта нас яшчэ ігнаруюць, але, тым ня менш, ёсьць нейкія кантакты, нейкія адносіны.

Вядома, застаюцца цяжкасьці, і сярод іх на першым месцы – недахоп храмаў. На 13 зарэгістраваных парафіяў маем толькі два храмы. У Менску – ніводнага. У Менску, дзе жыве больш за дзьве тысячы грэка-католікаў, мы зусім ня маем дзе зьбірацца. Праўда, у дадзены момант нас, як гасьцей, прынялі дзьве лацінскія парафіі – служым у Чырвоным Касьцёле і ў салезыянаў у Серабранцы, але гэта, вядома, ня ёсьць рашэньне праблемы. Больш за тое, другая менская парафія мае свой Пастаральны цэнтар, але ім не даюць дазволу там служыць, бо кажуць, што гэта ня ёсьць царква... Шмат яшчэ засталося бюракратызму, і тое, што мы не змаглі шмат дзе пачаць будаваць храмы, залежыць ад мясцовых уладаў. Праўда, нам удалося цывілізаваць адносіны з Камітэтам рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, але на рэгіянальным узроўні застаецца яшчэ шмат праблемаў.

Вялікай праблемай застаецца і рэгістрацыя цэнтральнага ўпраўленьня нашай царквы. Але пасьля таго, як мы ў мінулым годзе прайшлі перарэгістрацыю нашых парафіяў, гэты працэс пачаўся, працягваецца... Ён, вядома, складаны, але мы тут глядзім з аптымізмам...”

Гаварыў Апостальскі візытатар для грэка-ктолікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Як вы чулі, архімандрыт Гаек назваў шэраг праблемаў, якія маюць у сваёй дзейнасьці беларускія уніяты. Гэта адсутнасьць храмаў, няпросты працэс перарэгістрацыі і задача рэгістрацыі так званага рэлігійнага аб’яднаньня або царкоўнага цэнтру. Дагэтуль грэка-каталіцкія парафіі застаюцца зарэгістраваныя як аўтаномныя рэлігійныя арганізацыі. Праўда, Ватыкан афіцыйна прызнаў гэтыя парафіі як Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву са сваім беларускім абрадам.

У савецкія часы Унію вызнавала значная частка беларускай эміграцыі. І цяпер яшчэ на Захадзе дзейнічаюць некалькі беларускіх Грэка-Каталіцкіх парафіяў, у прыватнасьці, у Парыжы, Антвэрпэне, Лёндане і Чыкага. Мы пазванілі Апостальскаму візытатару для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцу Аляксандру Надсану і папрасілі яго выказаць свой пункт гледжаньне на вынікі дзейнасьці Уніяцкай царквы ў Беларусі.

(Надсан: ) "Я памятаю, калі першы раз прыехаў у Беларусь... Я ехаў зь лекамі для хворых дзетак, і таму ня думаў, што сустрэну грэка-каталікоў ці вуніятаў, як яны яшчэ называюцца. Мая сустрэча ў Менску на вакзале а пятай гадзіне раніцы была для мяне прыемным, але шокам. Да мяне падышлі маладыя людзі і сказалі: "Айцец, мы вуніяты і хочам з вамі пагутарыць". І калі на наступны дзень, 10 сакавіка 1990 году, у нядзелю, я служыў Службу Божую ў Кальварыйскім касьцёле, сьвятыня была поўная – столькі людзей прыйшло, столькі было зацікаўленьня. Затое прыкрым шокам для мяне было іншае – калі я вярнуўся дадому і напісаў справаздачу ў Рым аб тым, што я бачыў у Беларусі, а адтуль – поўнае маўчаньне. Такое было ўражаньне, як быццам яны былі ня вельмі задаволеныя з таго, што ў Беларусі адраджаецца наша Грэка-Каталіцкая царква. І гэтае ўражаньне, на жаль, я маю аж да сёньняшняга дня. Афіцыйна царкоўныя каталіцкія ўлады забараніць яе ня могуць, але яны не хацелі б, каб наша царква разьвівалася.

Я кажу гэта з сумам, бо праз пару тыдняў будзе ўжо 47 гадоў, як я сьвятаром. І я пайшоў сам, стаў сьвядома вуніяцкім сьвятаром, сьвятаром усходняга абраду, бо ўважаў, што Вунія нарадзілася ў Беларусі, і што яна найболей адпавядае духоўным патрэбам нашай беларускай душы і беларускага народу, адраджэньне якога я таксама хацеў бы бачыць. Я малюся за гэта і спадзяюся, што Вунія будзе, але цяжкасьці ёсьць вялікія.

У 1993 годзе я быў у Рыме і сустрэўся з маім добрым знаёмым праваслаўным – прафэсарам унівэрсытэту, тады праваслаўных у Рыме ўсюды прымалі вельмі добра. І ён мне сказаў такую рэч. Ён быў у Сакратарыяце для пашырэньня хрысьціянскай еднасьці, і там яго спыталіся адносна адраджэньня Вуніяцкай царквы ў Беларусі. Ён адказаў, што як праваслаўны, безумоўна, не захоплены гэтым, але, калі будзе свабода сумленьня, ён ня можа гэтага забараніць. Ён шчыра сказаў пра гэта. А яму ў Сакратарыяце адказалі, што яны будуць рабіць усё, каб не дапусьціць разьвіцьця Вуніяцкай царквы ў Беларусі.

Безумоўна, калі гэта праўда (а ён мне так шчыра сказаў) – гэта вельмі сумна. Ёсьць людзі, якія думаюць, што могуць маніпуляваць усім, нават душамі людзкімі. Такое ёсьць у царкве і па-за царквою, і гэта вельмі дрэнна. Мы забываемся, што мы – дзеці Божыя, і павінны шанаваць свабоду дзяцей Божых. І калі некаму адпавядае наш усходні абрад і наша вера для патрэбаў духовых – ніхто ня можа забараніць. Такія маніпуляцыі звонку, каб не дапусьціць да разьвіцьця Царквы, ёсьць непрымальныя. Ніколі. Спадзяюся, што тое сьведчаньне – непраўдзівае. Але пабачыўшы, як разьвіваецца наша царква, мне становіцца сумна – я спадзяваўся, што яна будзе разьвівацца хутчэй.

У канцы 80-х гадоў наша моладзь прыйшла да нацыянальнай сьвядомасьці, яна адкінула матэрыялізм і камунізм, якія ёй ужо не адпавядалі. Моладзь шукала і знайшла сваю нацыянальнасьць, але шукала для яе моцную нацыянальную аснову. І тыя, што глыбей думалі, знайшлі яе ў Вуніяцкай царкве. І захацелі яе адрадзіць. Пакуль што гэтага мы ня бачым. Дай Бог, каб у будучым нашая царква далей разьвівалася. Але цяпер яна разьвіваецца зь вялікімі цяжкасьцямі.

Мне прыгадваецца сказ вядомага біблейскага настаўніка часоў Хрыста і апостала Гамалілея. Калі Сынадрыён хацеў забараніць апосталам прапаведаваць Хрыстовую навуку, ён сказаў: "Пакіньце іх у супакоі. Калі гэта Божае, вы нічога ня можаце зрабіць – яно далей будзе разьвівацца. Калі людзкое – яно само сабою прападзе". Я думаю, тое самае і з нашай царквою – калі на гэта ёсьць Божая воля, тады яна, ня гледзячы на ўсе цяжкасьці, будзе далей разьвівацца”.

Гаварыў Апостальскі візытатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан. Яго пункт гледжаньня на найноўшую гісторыю Уніі, як вы чулі, больш пэсымістычны. На яго думку, сам Ватыкан не зацікаўлены ў адраджэньні Уніі ў Беларусі.

Тым ня менш, на сёньня 13 парафіяў у Беларусі зарэгістравана і яшчэ 10 грамадаў пакуль не зарэгістраваныя. У царкве служаць 10 сьвятароў, за мяжой вучацца 15 сэмінарыстаў. Царква валодае двума храмамі і выдае амаль дзьвюхтысячным накладам сваё штоквартальнае выданьне пад назвай “Царква”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG