Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Шарах: “Уніяты – па-за ўплывам дзяржавы”


Аляксандар Уліцёнак гутарыць з грамадзкім рэдактарам тыдня аб праблемах, якія найбольш хвалююць вернікаў-уніятаў.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Мікола Шарах – намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага, працуе працуе на ААТ “Полацк-Шкловалакно” памочнікам майстра. Па адукацыі – інжынэр-мэханік хімічнай вытворчасьці. Вывучае завочна ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце міжнароднае права. Мікола Шарах 16 гадоў кіраваў грэка-каталіцкай парафіяй у родным горадзе, пабудаваў у Полацку царкву.

Уліцёнак: “Ці падтрымалі вас на пачатку легалізацыі сваёй царквы іншыя канфэсіі?”

Шарах: “Мы вельмі хутка паразумеліся. Напрыклад, з рыма-католікамі. Яны падыходзілі да нас, калі былі малітвы ля Сафійскага сабору, і падтрымлівалі ў тым, што храм мае быць перададзены грэка-католікам, бо будавалі яго менавіта нашыя папярэднікі”.

Уліцёнак: “Чаму праваслаўныя і рыма-католікі цяпер маюць свае храмы, а вы – амаль ня маеце?”

Шарах: “Каму даводзілася трымаць у руках штогадовы каляндар, які выпускае нашая царква, той бачыў: там на кожнай старонцы ёсьць здымак храму, пабудаванага грэка-католікамі ў ранейшыя часы. А сёньняшнія сумныя рэаліі – гэта вынік дачыненьняў з уладамі ня толькі афіцыйнымі, але й царкоўнымі таксама. Ватыкан ня хоча прызнаваць нас за царкву. Зьбег вось такіх юрыдычных складанасьцяў і не дазваляе разьвівацца, штучна кансэрвуе сытуацыю. Дзе парафіі мацнейшыя, яны змаглі пабудаваць новыя храмы – напрыклад, у Полацку, Берасьці, у Менску вось цяпер будуецца. А як сілаў менш, дык парафія жыве на тым, з чаго пачыналася”.

Уліцёнак: “Ці ёсьць у вас спадзеў, што з прыходам мітрапаліта Кандрусевіча нешта зьменіцца ў стасунках з Ватыканам?”

Шарах: “Павінны адбыцца зьмены ў адносінах да грэка-каталіцкай царквы з боку Ватыкану, каб у Беларусі пачаліся тое, пра што вы пытаецеся”.

Уліцёнак: “А як быць з пазыцыяй уладаў?”

Шарах: “На сёньня яны нават да пратэстантаў ставяцца зь яшчэ большым падазрэньнем. Бо мы па-за іх уплывам, адсюль і недавер”.

Уліцёнак: “У прынцыпе, сапраўдныя вернікі маюць быць аптымістамі. На чым грунтуецца ваш аптымізм, спадар Шарах?”

Шарах: “Аптымізм усіх вернікаў базуецца на Новым запавеце, які даў Хрыстос”.

Уліцёнак: “Што вы думаеце пра чаканьне канца сьвету групаю беларускіх вернікаў у расейскіх пячорах?”

Шарах: “Гэтыя падзеі адлюстроўваюць стан рэальнага жыцьця, у якім яны апынуліся. Вернікі лічаць, што канец сьвету – найлепшае выйсьце з той сытуацыі…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG