Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Вільні распачаў кампанію супраць Беларускай АЭС


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Будоўля Беларускай АЭС паблізу гораду Астравец павінна быць спынена. Пра гэта заяўляюць аўтары пэтыцыі, разьмешчанай у інтэрнэце і адрасаванай прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, генэральнаму сакратару карпарацыі «Росатом» Сяргею Кірыенку і генэральнаму дырэктару МАГАТЭ Юкіё Амана.

Ініцыятар збору подпісаў — жыхар Вільні Міхаіл Маглоў. Паводле ягоных слоў, скласьці пэтыцыю яго заахвоціла нядаўняе надзвычайнае здарэньне, калі корпус рэактара спрабавалі перамясьціць і ён упаў.

«Падзеньне рэактара ў суме з папярэднімі здарэньнямі вакол будоўлі паказвае, што ў Беларусі няма спэцыялістаў, якія могуць гарантаваць бясьпечнае будаўніцтва і эксплюатацыю АЭС, — лічыць Міхаіл Маглоў, зь якім пагутарыў карэспандэнт Радыё Свабода. — Карпарацыю „Росатом“ у дадзеным выпадку гэта наагул не цікавіць. Ім хочацца аднаго: хутчэй здаць праект. Таму будоўля павінна быць абавязкова спыненая».

З патрабаваньнямі пэтыцыі згодны дэпутат Сэйма Літвы, экс-кіраўнік парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне Арвідас Анушаўскас. Праўда, у цяперашняй сытуацыі ён ня лічыць ціск грамадзкасьці вырашальным фактарам.

«Грамадзкі ціск для расейскага і беларускага палітычнага кіраўніцтва ня мае вырашальнага значэньня. Думаю, эфэктыўны мэтад, які дапамог бы прыпыніць будоўлю, — гэта калі Эўракамісія сапраўды зоймецца гэтым пытаньнем, — сказаў Анушаўскас Радыё Свабода. — [У гэтым выпадку] праект можна было б прыпыніць. Пакуль што з боку Эўразьвязу, з боку Эўракамісіі такіх рашучых крокаў ня так ужо і багата».

На дадзены момант збор подпісаў працягваецца. Як падкрэсьліваюць аўтары пэтыцыі, Беларуская АЭС пагражае ня толькі Беларусі і Літве, але таксама і Расеі, і шэрагу іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG