Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня літоўскага сэйму: міжнародныя высілкі могуць зьмяніць нядбайнае стаўленьне да бясьпекі БелАЭС 


Старшыня сэйму Літвы Ларэта Граўжынене на сустрэчы з калегамі з балтыйскіх і паўночных краін выказала засьцярогі адносна Беларускай АЭС, што будуецца непадалёк ад Вільнюса, перадае інтэрнэт-рэсурс Delfi.

Паводле сьпікера, пры будаўніцтве БелАЭС у Астраўцы дэманструецца нядбайнае стаўленьне да бясьпекі людзей і навакольнага асяродзьдзя, але яго можна зьмяніць міжнароднымі намаганьнямі.

Яна адзначыла, што важна сумесна з адказнымі за ядзерную бясьпеку міжнароднымі структурамі, партнэрамі па Эўразьвязе і Эўракамісіі патрабаваць, каб Беларусь, якая імкнецца стаць членам клюбу ядзерных дзяржаў, паводзіла сябе адказна і згодна зь дзейнымі ў гэтым клюбе строгімі правіламі і патрабаваньнямі, прынцыпамі адкрытасьці і добрасуседзтва.

Старшыня сэйму вылучыла патрабаваньні Літвы: арганізаваць спэцыялізаваную поўнамаштабную місію МАГАТЭ па ацэнцы будаўнічай пляцоўкі, правесьці на БелАЭС стрэс-тэсты, падтрымаць прапанову аб стварэньні спэцыяльнай міжнароднай экспэртнай камісіі з тым, каб была дадзеная дакладная ацэнка рэалізацыі праекту БелАЭС.

Пасьля інцыдэнту, што здарыўся 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы станцыі з корпусам рэактара, Літва, якая на працягу апошніх гадоў крытыкуе будаўніцтва АЭС ля сваіх межаў, накіравала Беларусі чарговую ноту і запатрабавала вынікі расьсьледаваньня. Літоўскія ўлады прапанавалі Менску стварыць міжнародную камісію экспэртаў для аналізу вынікаў гэтага расьсьледаваньня і рэкамэндацый, папрасілі актыўнага ўмяшаньня ЭЗ у вырашэньне пытаньня ядзернай бясьпекі, важнага для ўсяго рэгіёну, а таксама зьвярнуліся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расьсьледаваньні гэтага і іншых інцыдэнтаў, што здарыліся на будаўніцтве станцыі.

Згодна з рашэньнем беларускага боку, корпус рэактара будзе заменены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG