Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ва Ўкраіне стварылі Беларускую вайсковую раду


Зьлева направа — «Зубр», Ян Мельнікаў, Сяржук Багукалец
Зьлева направа — «Зубр», Ян Мельнікаў, Сяржук Багукалец

Беларускія добраахвотнікі, якія разам з украінцамі ваююць на усходзе Украіны, правялі ў Чарнігаве ўстаноўчы зьезд і стварылі Беларускую вайсковую раду.

Ад маніфэсту — да аб’яднаньня

Зьезд прадстаўнікоў беларускіх добраахвотнікаў, якія прыехалі з зоны АТА ў Чарнігаў, да яго завяршэньня ня меў шырокай агалоскі. І толькі 14 жніўня трое сустаршыняў рады правялі прэсавую канфэрэнцыю і агучылі вынікі свайго ўстаноўчага сходу.

Сяржук Багукалец, этнічны беларус, стала жыве ва Ўкраіне. Ён сказаў журналістам, што на зьезьдзе прысутнічалі беларусы, якія ваююць поплеч з украінцамі ў Данецкай і Луганскай абласьцях ва Ўзброеных сілах Украіны, Нацыянальнай гвардыі, добраахвотных батальёнах ды іншых вайсковых фармаваньнях. Яны й абралі Беларускую вайсковую раду, якую даручылі ачольваць пяці сустаршыням.

Сяржук Багукалец
Сяржук Багукалец

«Рада мае на мэце згуртаваць беларусаў, якія дапамагаюць барацьбе ўкраінскага народу з расейскімі акупантамі, аказваць узаемадапамогу самім беларусам і тым, хто лічыць сябе беларусамі. Так сталася, што за два гады вайны беларусы аказаліся раскіданымі па розных вайсковых фармаваньнях. У пэрспэктыве мы маем на мэце стварыць вайсковую частку, якая будзе ўкамплектаваная беларусамі», — патлумачыў Сяргей Багукалец.

Форум вайскоўцаў беларускага паходжаньня прыняў статут, абмеркаваў парадак прыёму ў арганізацыю. Асноўныя дакумэнты маюць зьявіцца ў інтэрнэце.

Прынялі і Маніфэст Беларускай вайсковай рады, у якім гаворыцца:

«Маючы на ўвазе працяг працэсу зьнішчэньня беларускай нацыянальнай дзяржавы, распальваньне Расейскай Фэдэрацыяй братазабойчай вайны на ўсходзе Ўкраіны; разумеючы, што барацьба за свабоду Ўкраіны ёсьць і барацьбой за вольную і незалежную Беларусь; зыходзячы зь неабходнасьці барацьбы супраць агульнага ворага, які нясе пагрозу ня толькі нашым народам, але і ўсяму цывілізаванаму сьвету, мы, беларускія ваяры, абвяшчаем пра стварэньне Беларускай вайсковай рады. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!»

Па словах Багукальца, закраналіся пытаньні пра сымболіку, адмысловыя ўзнагароды. Але гэта вырашана абмеркаваць на першым зьезьдзе, які мае стаць больш прадстаўнічым.

Вітаньне зь Нью-Ёрку

Зачытана было вітаньне-зварот Зянона Пазьняка, якое ён даслаў на зьезд зь Нью-Ёрку:

«Дарагія жаўнеры-беларусы! Вашая рашучасьць дапамагаць украінцам абараняць Айчыну супраць агрэсіі Масквы ёсьць гераічным чынам. Асабліва калі ўлічыць, што за плячыма ў вас застаецца варожы вам антынародны рэжым у Беларусі. Сваёй падтрымкай Украіны вы абаранілі таксама гонар беларускай нацыі, бо мы, беларусы, зыходзячы з разуменьня справядлівасьці і з нашай салідарнай з Украінай гісторыі, павінны як сумленныя людзі дапамагаць украінскім братам, калі на іхнюю свабоду замахнуўся агрэсіўны масковец...».

Зянон Пазьняк заклікаў вайскоўцаў-беларусаў трымацца разам, гуртавацца, пашыраць шэрагі і мець перадусім у сэрцы Беларусь.

«Цемра і зло ня вечныя. Украіна пераможа. З перамогай Украіны паўстане і вольная Беларусь. Удзячная Бацькаўшчына спаткае вас у славе».

Беларусы на вайне сябе не афішуюць

Ян Мельнікаў
Ян Мельнікаў

Яшчэ адзін сустаршыня Рады Ян Мельнікаў, беларус, удзельнік баёў на ўсходзе Ўкраіны, дапаўняе:

«Так сталася, што з-за раздробленасьці, а часам і пільнасьці нашай дзяржавы і нават крымінальнага перасьледу на радзіме ў дачыненьні да беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзіліся ў зоне АТА, беларусы не афішуюць сябе. Беларуская вайсковая рада — гэта не палітычны праект, які робіцца пад нейкую асобу. Таму ў Радзе пяць сустаршыняў, і яна мае займацца каардынацыяй і арганізацыяй усіх беларусаў, якія падзяляюць погляды вольнай і незалежнай Украіны і такой жа вольнай і незалежнай Беларусі. Мы разумеем боль Украіны. Цягам апошніх дваццаці гадоў мы бачым, як паводзіла Расея сябе ў Чачні, у Грузіі — яна вядзе агрэсіўную імпэрскую палітыку ў дачыненьні да суседніх дзяржаваў. Збройны канфлікт ва Ўкраіне — гэта ня толькі расейска-ўкраінскі канфлікт. Гэта пагроза ўсёй Эўропе, усяму цывілізаванаму сьвету».

У зьвязку з такой сытуацыяй Беларуская вайсковая рада ставіць на мэце каардынацыю намаганьняў беларускіх добраахвотнікаў па-за межамі Беларусі, распаўсюд інфармацыі пра добраахвотніцкі рух ва Ўкраіне, інфармацыйную падтрымку. Вайсковая рада будзе хадайнічаць перад камандаваньнем збройных сілаў Украіны аб узнагародах беларусам, якія праявілі мужнасьць і адвагу падчас баявых дзеяньняў. Дагэтуль украінская дзяржава не адзначала беларускіх добраахвотнікаў. Наперадзе распрацоўка пэрспэктыўнага пляну стварэньня беларускага нацыянальнага фармаваньня, навучаньне новых добраахвотнікаў, паскарэньне далучэньня іх да шэрагаў вайсковых структураў Украіны. Рада мяркуе ўзаемадзейнічаць зь іншымі аб’яднаньнямі беларусаў, якія падзяляюць яе мэты і задачы, дбаюць пра незалежнасьць Беларусі, але ніяк чынам не арганізаваныя.

Пазыўны — «Зубр»
Пазыўны — «Зубр»

Трэці сустаршыня навастворанай Беларускай вайсковай рады, які мае пазыўны «Зубр», гэтак падсумоўвае сказанае:

«Мы разумеем, што бяз вольнай Украіны ня будзе вольнай і незалежнай Беларусі».

Удзельнікі зьезду адзначалі, што прыкладна 90 адсоткаў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць у структурах украінскіх збройных сілаў, маюць ва Ўкраіне легальны статус. Астатнім трэба дапамагчы легалізавацца. І Ян, і «Зубр» атрымалі ўжо від на жыхарства.

Аднак «Зубр» усё адно не схацеў называць свайго імя, каб не зашкодзіць сваякам у Беларусі. Прыклад Яна Мельнікава таму сьведчаньне — ягоная сям’я ў Беларусі зазнала сёлета ператрус, выманьне кампутараў і нават мабільных тэлефонаў у бацькоў.

«Я прыехаў ва Ўкраіну, калі на Майдане беркутаўцы Януковіча забілі нашага земляка Міхася Жызьнеўскага, — тлумачыць Мельнікаў.— Адчуў пакліканьне. Скажу так: беларускія хлопцы, якія ваююць пад Данецкам, добра матываваныя, ідэйныя ваяры. Разумеюць, што змаганьне за Ўкраіну— гэта змаганьне і за Беларусь і нават за Эўропу. Мы хочам, каб у гэтым змаганьні сьвет бачыў і твар беларусаў. Бачыў, што мы аб’яднаныя і згуртаваныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG