Кнігі беларускага першадрукара цяпер будуць дасьледаваць і за акіянам — у Вашынгтоне, у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, а таксама ў Нью-Йорку, у публічнай бібліятэцы імя Стывена Шварцмана. Факсымільнае выданьне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ў 11 тамах прэзэнтаваў дзьвюм галоўным бібліятэкам ЗША Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На цырымоніі перадачы копій кніг Скарыны ў Нью-Йоркскую публічную бібліятэку прысутнічала прадстаўніца беларускай дыяспары ў ЗША Кацярына Фаронда — заснавальніца першай беларуска-амэрыканскай асацыяцыі «Брыдж» (The First American Belarusian Association «Bridge»).
«Узяць удзел у мерапрыемстве мяне запрасіў консул Беларусі ў Нью-Йорку. Цырымонія, якая адбылася, стала для мяне пацьверджаньнем фармаваньня пазытыўнага іміджу Беларусі ў сьвеце, што я і назіраю на свае вочы апошнія некалькі год. Таму для мяне было вялікім гонарам стаць сьведкай і ўдзельніцай сапраўды гістарычнай падзеі. Я аднолькава люблю Беларусь — сваю Радзіму, і ЗША — свой цяперашні дом. І для мяне важна, каб абедзьве краіны сябравалі», — падзялілася ўражаньнямі Кацярына Фаронда.
За аснову факсымільнага выданьня ўзятыя электронныя копіі кніг, што былі надрукаваныя ў Вільні ды Празе ў 16 стагодзьдзі. Выданьне захоўвае шрыфты, якімі карыстаўся Скарына, а таксама ўтрымлівае гравюры з арыгінальных кніг. Сярод адметнасьцяў — пераклад «скарынаўскай» мовы на сучасную беларускую, ангельскую ды расейскую. Таксама факсыміле суправаджаецца навуковымі камэнтарамі.
Амэрыканцы ня першыя, хто атрымаў каштоўны скарб у свае бібліятэкі. Скарынаўскае слова ўжо маюць украінцы, расейцы, літоўцы, латышы, палякі, чэхі ды жыхары Вялікай Брытаніі.
Да 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, якое адзначаць у наступным годзе, завершаць выпуск усіх 25 кніг «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Ініцыятары ўнікальнага культурніцкага праекту — Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь і банк БелВЭБ. Першы том поўнага збору работ першадрукара быў падпісаны ў друк амаль тры гады таму.
Марына Яўсейчык, фатаздымкі Кацярыны Фаронда