Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І ў Беларусі можна чакаць правакацыі, ад імя ананімных узброеных фармаваньняў»


Ці можа цяперашняе абвастрэньне расейска-ўкраінскіх адносінаў прывесьці да поўнамаштабнага ваеннага канфлікту паміж суседзямі Беларусі? Як гэта абвастрэньне можа паўплываць на пазыцыю афіцыйнага Менску, ці будзе Крэмль больш актыўна прымушаць Беларусь выступіць на сваім баку?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Эксэпртыза Свабоды адказваюць беларускія палітолягі Арсень Сівіцкі і Андрэй Паротнікаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Апошнімі днямі адбылося рэзкае абвастрэньне ваенна-палітычнай сытуацыі ў Крыме — пасьля таго, як ФСБ Расеі абвінаваціла Мінабароны Ўкраіны ў падрыхтоўцы сэрыі тэрактаў на паўвостраве. Пасьля гэтага прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выдаў загад прывесьці ўкраінскія войскі на Данбасе і каля адміністрацыйнай мяжы з Крымам у поўную баявую гатоўнасьць. Ці можна сказаць, што гэта асобны інцыдэрт, альбо ёсьць уражаньне, што абодва бакі гатовыя да абвастрэньня адносінаў і яно стала лягічным вынікам тэндэнцыяў, якія назіраліся апошнія месяцы?

«Крымскі інцыдэнт» спатрэбіўся найперш для таго, каб сарваць сустрэчу ў нармандскім фармаце ў Кітаі

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Я пагаджуся, што і Расея і Ўкраіна гатовыя да абвастрэньне, але гэта выклікана не нейкімі падзеямі апошніх месяцаў, а ўсёй дынамікай разьвіцьця сытуацыі за апошнія два з паловай гады. Што да апошняга інцыдэнту, то гэта загадзя падрыхтаваны плян — тут няма ніякай імправізацыі, выпадковасьці, усе гэта зрэжысавана і кіравана.

Цыганкоў: Кім падрыхтаваны і з якой мэтай?

Паротнікаў: Зразумела кім — расейскім бокам. А мэта — дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне, ці як мінімум, атрымаць дадатковыя рычагі ўзьдзеяньня на Кіеў, зрабіць яго больш лагодным да расейскага боку праз пагрозу далейшай эскаляцыі сытуацыі.

Цыганкоў: Нядаўна ў расейскай «Новой газете» было апублікаванае даволі вялікае расьследаваньне пра тое, што і ў Расеі і ва Ўкраіне многія гатовыя да абвастрэньня сітуацыі ў Данбасе і ледзь не да поўнамаштабнага ваеннага канфлікту...

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Сівіцкі: Так, можна пагадзіцца з высновамі гэтай газэты, што ўсё падрыхтавана для вельмі моцнага абвастрэньня. Цягам апошніх двух тыднях у Расеі сярод некаторых падразьдзяленьняў адбывалася праверка баяздольнасьці. У ёй прымалі ўдзел каля сто тысяч чалавек, яна праходзіла ў заходняй і паўднёвай вайсковых акругах.

Бачна, шлто расейскі бок ідзе на абвастрэньне. Відавочна, што правакацыя ў Крыме была арганізаваная Крамлём. Для чаго гэта трэба Маскве? На саміце ў нармандскім фармаце, які павінен быў адбыцца ў Кітаі, плянавалася вельмі сур’ёзная размова з Пуціным наконт невыкананьня Расеяй менскіх пагадненьняў. Некалькі дзён таму спецпрадстаўнік Нямеччыны па супрацоўніцтву з Расеяй спадар Эрлер адзначыў, што санкцыі супраць Расеі ня будуць зьнятыя ў найбліжэйшай пэрспэктыве.

Таму «крымскі інцыдэнт» спатрэбіўся найперш для таго, каб сарваць сустрэчу ў нармандскім фармаце ў Кітаі. І як вынікае з заявы Пуціна, гэта задача была выканана. Па-другое, паспрабаваць «перавесці стрэлкі» на Кіеў, прымусіць Захад націснусць на Ўкраіну, каб яна ўводзіла ў жыцьцё сваю частку менскіх пагадненьняў, перш за ўсё, асаблівы статус для некаторых раёнаў Данбасу, закон аб правядзеньні там выбараў і гэтак далей.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Але апошнім часам усё больш заходніх палітыкаў якраз выказваліся за нармалізацыю адносінаў з Расеяй, выказваліся пра магчымае зьняцьцё санкцыяў. Вы патлумачылі, навошта «крымскі інцыдэнт» спатрэбіўся Маскве. Але ж тут ёсьць і патэнцыйныя нэгатыўныя для яе наступствы, няўжо яны не ўлічваюцца?

Сівіцкі: Расея зараз гуляе ў стратэгію эскаляцыю. Яна ўвесь час падвышае стаўкі, і можа пайсьці на сур’ёзнае абвастрэньне, калі яе інтарэсы ня будуць лічаныя. Мы пакуль ня можаш сказаць, ці гэта блеф ці не — гэтыя маштабныя вучэньні і праверкі баяздольнасьці.

У любым выпадку гэта спроба падціснуць на заходнія краіны. Сапраўды, на Захадзе зараз няма кансэнсусу наконт працягу антырасейскіх санкцыяў.

Цыганкоў: Як гэтае чарговае абвастрэньне расейска-ўкраінскіх адносінаў можа паўплываць на пазыцыю афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні? Ці можа гэта абвастрэньне прывесьці да таго, што Расея больш актыўна, напорыста, настойліва будзе патрабаваць ад афіцыйнага саюзьніка стаць пад агульныя шыхты? Ці можна гэтага чакаць, і ці здолее Менск супраціўляцца?


Крэмль будзе ўсімі сіламі цягнуць Беларусь у гэтае абвастрэньне

Паротнікаў: Я думаю, апошняе, пра што думае Пуцін зараз — гэта як прымусіць Беларусь «стаць пад агульныя шыхты». Я думаю, пакуль рана казаць пра нейкую рэакцыю Менску, акрамя вядомага «сябры, давайце жыць дружна», і вырашаць усе праблемы за сталом перамоваў.

Пытаньне ў іншым — наколькі далёка гатовая пайсьці Масква ў гэтай эскаляцыі. Ужо гучаць прапановы аб разрыве дыпляматычных адносінаў — гэта ўжо зусім іншае вымярэньне. Пакуль ідзе інфармацыйная вайна ў СМІ, ня больш за тое — і тут афіцыйнага Менску пакуль няма на што рэагаваць.

Цыганкоў: Але інфармацыйная вайна можа больш актыўна перакінуцца і на Беларусь. Зусім нядаўна выйшаў чарговы артыкул расейскага аналітыка Суздальцава «Ліцэнзія на здраду», пра тое, як афіцыйны Менск здраджвае Маскве. Ці не загучаць такія артыкулы больш актыўна і рэгулярна?

Паротнікаў: Суздальцаў піша пра гэта ўжо 8 гадоў — і што далей? Я ня ўпэўнены, што ўвогуле варта разглядаць інфармацыйныя нагоды ў расейскіх СМІ адносна Беларусі ў зьвязцы да Крыму — гэта розныя рэчы. Паўтаруся, галоўнае пытаньне — як далёка гатовая пайсьці Расея. Пакуль гэта не вызначана, і гаварыць пра тое, як гэта можа паўплываць на Беларусь, мы можам толькі тэарэтычна.

Сівіцкі: Мне здаецца, што «крымскі інцыдэнт» — прадвесьнік крызісу «менскага працэсу». Калі менскі і нарманскі фармат будуць згорнутыя, гэта азначае, што Беларусь так ці ініачай можа страціць сваю міратворчую ролю, пазыцыю перамоўнай пляцоўкі. Відавочна, гэта будзе ўдар па ролі Беларусі ў рэгіёне, па нашаму іміджу на міжнароднай арэне.

Па-другое, варта чакаць і пэўнага ціску на беларускі бок. Ён ужо ідзе, і гэта ня толькі эканамічны, гандлёвы ціск, але ўжо і ваенна-палітычны — калі казаць пра разгортваньне расейскіх фармаваньняў каля беларускай мяжы. Калі Расея пойдзе на сур’ёзнае рэгіянальнае абвастрэньне, я бачу, што Крэмль будзе ўсімі сіламі цягнуць Беларусь у гэтае абвастрэньне.

Пакуль беларуская ўлада стаіць на вельмі моцных нэўтральных пазыцыях — як у кантэксьце ўкраінскага крызісу, так і ў супрацьстаяньні Расеі і Захаду. Таму, магчыма, можна чакаць у Беларусі розных правакацыяў, у тым ліку ад імя ананімных узброеных фармаваньняў. Крымскі інцыдэнт паказаў, на што расейскія спэцслужбы гатовыя пайсьці дзеля палітычных мэтаў. Беларускія ўлады павінны быць падрыхтаваныя да любых сцэнароў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG