За сорак дзён, пачынаючы зь 1 ліпеня, магчымасьцю зьбіраць на беларускай тэрыторыі суніцы, чарніцы, лісічкі, баравікі скарысталіся каля 4,5 тысячы жыхароў украінскага памежжа.
Тым ня менш у беларускім Дзяржаўным памежным камітэце адзначаюць, што колькасьць грамадзянаў Украіны, якія пажадалі зьбіраць ягады й грыбы на тэрыторыі Беларусі, сёлета зьменшылася. Гэта зьвязана найперш з увядзеньнем платы ў памеры 10 базавых велічыняў за наведваньне рэспубліканскага заказьніка «Альманскія балоты» — найбольш прыцягальнай мясьціны для жыхароў сумежнага боку. Паводле інфармацыі памежнага ведамства, на падставе ўнесенай платы ўкраінцам выдалі 345 пропускаў.
Аднак чарніцы ды суніцы — не асноўны заробак у жыхароў памежжа. Найбольшы прыбытак у гэтых мясьцінах людзі маюць ад збору і продажу журавінаў, якія сасьпяваюць з надыходам восені. Ужо цяпер ахвотныя наведаць Альманскія балоты падалі на восень заяваў больш, чым было выдадзена дазволаў за ўвесь чарнічна-грыбны сэзон, з 1 ліпеня па 10 жніўня. Таму з 1 да 15 лістапада беларускія памежнікі адновяць для ўкраінцаў працу вышэйзгаданых часовых пунктаў пропуску.
Аднак і такія ўмовы не спыняюць некаторых жыхароў ад парушэньня памежнага заканадаўства. На ўчастку адказнасьці Пінскага памежнага атраду толькі сёлета затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці 32 украінцаў, якія ў абход пунктаў пропуску пераходзілі мяжу. У адзінаццаці выпадках парушальнікам мяжы вынесеныя больш жорсткія адміністрацыйныя спагнаньні — дэпартацыя з забаронай уезду ў Рэспубліку Беларусь на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Цяпер яны ня могуць ня толькі зьбіраць тут грыбы і ягады, але й прыехаць у Беларусь зь любой іншай нагоды.