Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кондрусь прызнаны палітвязьнем

абноўлена

Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году
Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітычна матываваным крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году.

Абноўлена: Палітвязьня Ўладзімера Кондруся перавялі ў турэмны шпіталь, ён выходзіць з галадоўкі

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што дэманстрацыя 19 сьнежня 2010 году ў Менску насіла мірны характар, а «ўчыненьне некаторымі грамадзянамі дзеяньняў, якія насілі супрацьпраўны характар, павінна было своечасова спыняцца праваахоўнымі органамі і ў любым выпадку не магло быць кваліфікавана як масавыя беспарадкі».

Таму, як адзначаецца ў заяве, дзеяньні Ўладзімера Кондруся ня могуць быць кваліфікаваныя паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі), а тэрмін даўнасьці па іншых артыкулах, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваныя, прамінуў.

«У сувязі з гэтым мы заяўляем, што расцэньваем крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся як палітычна матываваны, а самога У. Кондруся лічым палітычным зьняволеным», — заяўляюць праваабаронцы.

У заяве таксама адзначаецца, што сам факт крымінальнага перасьледу па дагэтуль ня спыненай справе па падзеях 19 сьнежня 2010 году «стварае небясьпеку арыштаў іншых удзельнікаў тых падзей, якія могуць дагэтуль знаходзіцца ў вышуку».

Праваабаронцы заклікаюць ня толькі спыніць перасьлед Кондруся, але і наагул цалкам спыніць вытворчасьць па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Цэнтар прававой трансфармацыі, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар і Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць».

Жыхар пасёлку Рудзенск Уладзімер Кондрусь 14 чэрвеня 2016 году быў зьмешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1. Ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

Бацькі 39-гадовага Ўладзімера Кондруся 9 жніўня ўпершыню наведалі сына ў СІЗА-1 Менску. Яны паведамілі, што той вельмі хворы — у яго язва страўніка, мэдычная дапамога не аказваецца. Праз стан здароўя Ўладзімер Кондрусь вытрымаў толькі некалькі хвілін першага дазволенага спатканьня.

«Сын — напалову труп, у пакой для перамоваў вынесьлі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілін гутаркі. Ён абсалютна зьнясілены. Гаварыў вельмі невыразна. Здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее, вочы паўпустыя», — сказаў бацька вязьня.

На дадзены момант, апроч Уладзімера Кондруся, праваабаронцы прызнаюць палітычным вязьнем праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага. Наконт яшчэ дзьвюх асобаў пакуль няма канчатковага рашэньня з прычыны недахопу інфармацыі, але палітызаванасьць іх перасьледу не выключаецца. Гэта блогер Эдуард Пальчыс і ўдзельнік акцыі раварыстаў «Крытычная маса» Зьміцер Паліенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG